Сёння функцыю ацэнкі якасці літаратуры бяруць на сябе літаратурныя часопісы
Напярэдадні чарговага этапу падпісной кампаніі галоўныя рэдактары распавялі пра творчыя планы.
Для таго, каб апублікаваць свае творы і нават знайсці чытача, дастаткова мець або грошы для выдання кнігі, або проста выхад у інтэрнэт. Такая рэчаіснасць, зразумела, множыць колькасць тых, хто прэтэндуе на пісьменніцкае прызнанне, але ніколькі не дапамагае вылучыць сярод іх сапраўды вартых аўтараў. Функцыю ацэнкі якасці, ролю экспертнай ацэнкі твораў сёння, як і дзесяцігоддзі да гэтага, бяруць на сябе літаратурныя часопісы. Гэта адзначыў намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксей Чарота падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы, прысвечанай літаратурным часопісам холдынга.
Напярэдадні чарговага этапу падпісной кампаніі галоўныя рэдактары часопісаў «Полымя», «Нёман» і «Маладосць» распавялі пра знаходкі і тэндэнцыі, якія прасочваліся ў працы выдання на працягу года, і пра далейшыя творчыя планы.
Алена Мальчэўская, якая ўзначальвае «Полымя», распавяла, што ў выданні надаецца асаблівая ўвага захаванню балансу паміж мемарыяльнасцю і адпаведнасцю часу. Таксама адной са значных рысаў у публікацыях у «Полымі» стала серыяльнасць — на старонках, адведзеных для прозы, друкуюцца буйныя творы, якія расцягваюцца на некалькі нумароў, што дазваляе прыцягнуць увагу чытача на працяглы час.
Святлана Воцінава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», зрабіла ў сваім аповедзе акцэнт на спецыяльных праектах часопіса, стварэнні тэматычных нумароў, супрацоўніцтве з разнастайнымі конкурсамі. Часопіс актыўна выкарыстоўвае магчымасці найноўшага часу, што дае магчымасць яму адпавядаць інтарэсам мэтавай аўдыторыі. Напрыклад, да выхаду кожнага нумара часопіс рыхтуе відэапрэзентацыю — трэйлер.
Юлія Алейчанка, галоўны рэдактар часопіса «Нёман», звярнула ўвагу на тое, што выданне імкнецца да захавання традыцый, прадстаўляе творы беларускіх аўтараў больш шырокаму колу чытачоў дзякуючы перакладам на рускую мову. Большасць з аўтараў «Нёмана» — прызнаныя і дасведчаныя літаратары, але выданне не абмінае ўвагай і яскравыя літаратурныя дэбюты.
Акрамя гэтага, ва ўсіх выданнях актыўна распрацоўваюцца тэмы, звязаныя з юбілеямі класікаў беларускай літаратуры, яны імкнуцца прадстаўляць чытачам незвычайную, унікальную інфармацыю пра вядомых асоб і больш шырока знаёміць аўдыторыю з гісторыяй беларускага пісьменства. Таксама асаблівая ўвага ва ўсіх трох выданнях удзяляецца літаратурнаму супрацоўніцтву — практыцы перакладаў з розных моў свету як класікаў розных літаратур сусвету, так і сучаснікаў.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.