Нестрэрэатыпны белліт, або Топ-5 вартых кніг

Якія ў вас асацыяцыі з беларускай літаратурай? У большасці — вёска, вайна, пакуты народа. Наступныя пяць твораў не мусяць перавярнуць дагары нагамі ваша ўяўленне пра беларускую літаратуру. Яны мусяць, прынамсі, крышку палепшыць вашы думкі пра гэты пласт мастацтва.

«Хвоі гавораць» Кузьмы Чорнага. Шчыра, гэты твор больш нагадвае трылер, чым беларускую літаратуру ў стандартным уяўленні. Таму з яго варта пачаць. Тут і ёсць драматычнае развіццё падзей, і няўрымслівыя чалавечыя характары, і любімы многімі трохкутнік кахання. Карацей кажучы, любы сучасны серыял пазайздросціць.

«Кашмар» Андрэя Макаёнка. Гэты твор нагадвае «Жывы капялюш» Мікалая Носава з вокладкай-сполерам. Толькі тут спойлер — назва. На шчасце, гэта ў творы не галоўнае, таму гэты ход аўтара не надта страшны нават для аматараў інтрыгі. Галоўнае ў п’есе — ліберальныя (ці не вельмі) ідэі аўтара. У часы СССР выказваць такія думкі было рэальнай рызыкай для жыцця аўтара. І яна была варта выніку. Не верыце? Правярайце на ўласным чытацкім вопыце.

«Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы. Можа, нонсэнс, але гэты твор з часам становіцца толькі актуальнейшым. Усё праз галоўную праблему, якую ащтар щздымае щ творы, — адказнасць навукоўца за яго вынаходніцтвы. Ну, і вечныя філасофскія пытанні ніхто не адмяняў. Таму, калі вы жадаеце жыць вечна, калі ласка, просім прачытаць. Кандрат Кандратавіч пераўпэўніць вас. Абавязкова.

«Ладдзя роспачы» Уладзіміра Караткевіча. Вы памятаеце кульмінацыю першай часткі «Гары Потэра» — гэта там, дзе Рон, Герміёна і Гары гулялі ў жывыя шахматы? Тады вам не пазбегнуць асацыяцый з гэтай серыяй кніг чытаючы апавяданне Уладзіміра Сямёнавіча. Толькі адзін нюанс: у беларускага класіка «бойка розумаў» атрымліваецца значна драматычнейшай за Роўлінг. І ўдзельнікі, і ход падзей, і вынікі. Да канца апавядання будзе не адарвацца, гарантуем.

«У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча. Гэтым творам вы стрэліце ў двух зайцаў: нелюбоў да беларускай гісторыі і тое ж пачуццё да нашай літаратуры.. Гэта адзін з самых сур’ёзных твораў роднай прозы, І той факт, што ён напісаны паводле аўтабіяграфіі, рэальных гістарычных падзей, і пры гэтым напісаны па-мастацку варта, заслугоўвае таго, каб вы знайшлі некалькі гадзін на яго прачытанне.

Не, не так. Насамрэч твор варта прачытаць, бо ён не пакіне вас абыякавым. Гэта проста немагчыма. І абурэнне, і нянавісць, і раздражненне, і расчараванне, і агіда, і спагада, і сум — мабыць, усе негатыўныя базавыя эмоцыі змяшаюцца ў вашай галаве падчас чытання кнігі. І галоўнае, пасля яны перарастуць у нейкае агульнае, мацнейшае і важнейшае пачуццё. Якое? Пакуль не прачытаеце, не зразумееце.

Гэта, канечне, далёка не поўны спіс твораў, вартых вашага часу. Але, спадзяемся, яны зменяць ваша меркаванне пра не такую ўжо вяскова-банальна-сумна-нецікавую беларускую літаратуру.

Паліна Забела

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *