Як гэта: выглядаць не так, як сябе адчуваеш

Ці хацелася вам калі-небудзь стаць прынцэсай? Ды такой, каб лавіць захопленыя позіркі мінакоў, есці пірожныя днямі напралёт і мець тонкую талію. А рыцарам блакітнай крыві? З правільнымі рысамі твару, беласнежнай скурай, ростам пад два метры, з грудай мышцаў? З самага дзяцінства мы глядзім на персанажаў, якія павінны быць эталонам таго, хто і як мусіць выглядаць, якіх параметраў і якой камплекцыі павінен быць. Мультфільм рэжысёра Хон Сон-хо з Паўднёвай Карэі «Чырвоныя чаравічкі» (2019) скрозь прызму стэрэатыпаў дапамагае нам разглядзець, што хаваецца пад абалонкай, якая называецца такім гучным словам «прыгажосць».

У аснове мультфільма ляжыць вядомая казка братоў Грым «Беласнежка і сем гномаў». Галоўнай гераіняй засталася вельмі прыгожая дзяўчына са скурай белай, як снег, і валасамі чорнымі, як ноч. Снежка — так пяшчотна называў дзяўчынку бацька, Белы кароль, які бясследна знік. Храбрая Беласнежка мае намер знайсці свайго бацьку, яна нават ведае, хто стаіць за ягоным знікненнем — падступная мачаха Рэгіна з яе чароўным дрэвам. Дрэва гэтае няпростае: яно давала чароўныя яблыкі, якія ператвараліся ў чырвоныя чаравічкі, што дарылі вечную маладосць і незямную прыгажосць. Па волі лёсу гэтыя чаравічкі трапілі да Снежкі, і цяпер яна вымушаная збегчы з каралеўства ад злоснай мачахі Рэгіны і выправіцца на пошукі бацькі.

Паралельна з гэтым аповед вядзецца ад асобы Мэрліна, кіраўніка некалі адважнай сямёркі прыгожых юнакоў, якія ахоўвалі горад ад небяспекі. Пакуль аднойчы не пераблыталі Прынцэсу фей з жахлівай вядзьмаркай з-за яе зялёнага твару. За гэтую памылку іх правучылі закляццем, якое ператварыла іх у маленькіх зялёных чалавечкаў. Чары змогуць развеяцца толькі з пацалункам дзяўчыны, якая будзе прыгажэйшай за ўсіх на свеце.

Гэтая гісторыя пра нас з вамі. Пра тое, якой падманлівай часам можа быць знешнасць і якімі непрадбачнымі могуць быць наступствы. Стэрэатыпы трывала ўкараняюцца ў нашай свядомасці, і ад іх бывае вельмі цяжка пазбавіцца. Пад уплывам замацаванага погляду фарміруюцца нашыя ўласныя думкі: ён (яна) непрыгожы (-ая), ён (яна) дзіўны (-ая), ён (яна) горшы (-ая) за мяне. Напэўна, гэта першае, пра што падумала мужная сямёрка, спаткаўшы Прынцэсу фей зусім не «прынцэснага» выгляду.

Гэтая гісторыя і пра мяне таксама. Мая знешнасць, як я заўсёды думала, была далёкай ад ідэала. З-за пераезду я пайшла ў 10 клас у новую школу, у якой мяне прынялі не адразу. Мяне не пускалі ў распранальню, да мяне чапляліся ў калідорах, казалі крыўдныя словы, таму што я выглядала для іх «не так». І я верыла ім. Прынцэса фей — гэта часткова і маё адлюстраванне. Але, у адрозненне ад мяне, яна змагла пастаяць за сябе. Яна не стала адказваць жорсткасцю на жорсткасць, а толькі правучыла іх з надзеяй на тое, што крыўдзіцелі адчуюць на сабе, як гэта складана — выглядаць па-іншаму, не як астатнія. Мы прызвычаіліся думаць стэрэатыпамі, але надышоў час змяніць гэта.

Валянціна Кавальчук
Працяг чытайце ў кастрычніцкім нумары «Бярозкі»

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *