Беларуская кніга мусіць быць для нас прыярытэтам
«Кнігі — сябры. // Іх кідаюць перш за ўсё: // Яны цяжкія, // Як дзесяць вазоў з цэглай…» — калісьці пачынаў Уладзімір Караткевіч сваё паэтычнае разважанне пра кнігі… Сцвярджаючы: каб выратаваць не толькі цела, але і душу, чалавек пры першай магчымасці траціў апошняе, каб абнавіць дамашнюю бібліятэку…
Калі пачалася сусветная пандэмія, эпоха ізаляцыі і каранцінаў, многія пачалі казаць: ну вось, цяпер, перастаўшы наведваць клубы, гандлёвыя цэнтры і «завісаць» у кавярнях, людзі павінны вярнуцца да кнігі! Яна ж найлепшы суразмоўца і ратунак ад суму! А скептыкі паўтаралі тое ж, з чаго пачынаецца верш Караткевіча: чалавецтву не да кніг і папаўнення дамашніх бібліятэк.
А як адбываецца насамрэч? Пра гэта пісьменніца Людміла РУБЛЕЎСКАЯ разважае з намеснікам генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай справе Алесем СУШАМ і дырэктарам крамы «Акадэмічная кніга» Вольгай ГЛУХОЎСКАЙ.
Пра крызіс сусветнага кніжнага гандлю
В. Глухоўская: На жаль, увесь мінулы год мы назіралі спад продажаў, асабліва ў красавіку-маі, тады зніжэнне было каля 40 працэнтаў. Тым не менш наш калектыў выстаяў, сітуацыя стала выраўноўвацца, але навярстаць упушчаныя продажы было вельмі складана. Сказаўся і эканамічны крызіс, які закрануў усе краіны. І па выніках года спад продажаў у нашай краме — каля 15 працэнтаў. Ад калег ведаю, што такая з’ява закранула асноўную частку кніжных магазінаў, у тым ліку і інтэрнэт-гандаль. Некаторыя інтэрнэт-крамы нават пераключыліся з кніг на прадукты харчавання. Гэта звязана і з тым, што расійскія выдавецтвы скарацілі выпуск прадукцыі. Але паколькі «Акадэмічная кніга» больш арыентуецца на беларускія выданні, у нас сітуацыя лепшая. Беларускія выдавецтвы, у першую чаргу дзяржаўныя, такія, як «Беларуская навука», «Звязда», «Мастацкая літаратура», «Беларусь», «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» — выпусцілі шмат навінак, і дзякуючы ім крама някепска папрацавала.
А. Суша: Сітуацыя не вельмі радасная ва ўсім свеце. Нават калі зірнуць на Расію — а так гістарычна склалася, што яна з’яўляецца асноўным партнёрам Беларусі ў кнігагандлі. Ужо ўвесну там быў татальны крызіс у гэтай сферы. У сакавіку кіраўніцтва Расійскага кніжнага саюза звярнулася да ўрада з просьбай аб дапамозе, бо ў іх чакаліся вялікія страты ў сферы кніжнага гандлю. Атрымалася значна больш. Вясной у Расіі былі закрытыя многія кніжныя крамы, спачатку нібыта на кароткі час, потым гэта прадоўжылася. Увосень было бачна, што ніякія электронныя формы гандлю не здольныя кампенсаваць страты ў продажах фізічных. Тым больш не назіралася палёгкі для кнігагандлёвай сферы, не былі зменшаны арэндныя выплаты. Бо лічыцца, што кніга — не тавар першай неабходнасці, сур’ёзныя датацыі былі скіраваныя на іншыя тавары.
Л. Рублеўская: Але кажуць, што вырас попыт на электронную кнігу, а ў Расіі гэты рынак вельмі развіты…
А. Суша: Сапраўды, у свеце ёсць тэндэнцыя росту попыту на электронныя кнігі альбо электроннага гандлю фізічнымі выданнямі. Але ён не настолькі імклівы, каб кампенсаваць страты. Вы ж бачыце праз навіны, у той жа Францыі, Італіі — спрэс закрытыя кніжныя крамы. Калі летам іх спрабавалі адчыніць, з’явіліся вельмі жорсткія абмежаванні — на колькасць людзей, якія могуць у краме знаходзіцца, на спосабы, як выстаўляць прадукцыю. А яшчэ страты ў сувязі з ростам кошту на паперу, з мытнымі працэдурамі, з абмежаваннямі на міжнародны гандаль, складанасцямі з лагістыкай праз закрыццё граніц.
В. Глухоўская: Мы страцілі ў безнаяўных продажах — менш сталі закупляцца ў нас арганізацыі, бібліятэкі. Частка арганізацый ліквідавалася альбо скараціла выдаткі. Перасталі ў нас набываць і карпаратыўныя падарункі, бо канферэнцыі і семінары пачалі праходзіць у анлайн-фармаце. Але галоўнае, пацвердзілася наша стратэгія — найперш работа з беларускімі выдавецтвамі, збор малатыражных выданняў, надрукаваных не ў Мінску, акумуляванне іх на паліцах нашага магазіна. Я лічу, што менавіта беларускі вытворца і можа нам дапамагчы вытрываць гэтую сітуацыю. Цікавасць да беларускай кнігі ў нашых пакупнікоў дастаткова высокая.
Пра аўтограф-сесіі ў час пандэміі
В. Глухоўская: Нашы пакупнікі сёння не гатовыя да такой жорсткай змены фармату. Вядома, на нейкі час мы прыпынілі ў магазіне нашы цудоўныя сустрэчы з аўтарамі. Але людзі адаптуюцца паціху да той сітуацыі, у якой апынуліся, і з захаваннем усіх мер бяспекі сустрэчы час ад часу праводзім. Першая такая была ў чэрвені, нам вельмі дзякавалі і тыя, хто прыйшоў, і тыя, хто чытаў пра гэтую сустрэчу ў інтэрнэце. Усім хочацца вярнуцца да звыклага жыцця. Сёння ў нас рэалізавалася цікавая ідэя.Пачалося з каляднага распродажу кніг з аўтографамі аўтараў. А сёння ў краме арганізавана на пастаяннай аснове паліца кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў, што таксама неяк кампенсуе адсутнасць жывых сустрэч.
Л. Рублеўская: Пісьменнікі з гора актыўна пайшлі ў сеціва, паназапісвалі відэаролікаў, у якіх агучваюць свае творы. Далучыліся да гэтага трэнду і бібліятэкі. Кніжныя блогеры актывізаваліся…
А. Суша: Вельмі многія нашы мерапрыемствы — канферэнцыі, круглыя сталы, прэзентацыі, чытанні і іншыя — перайшлі ў віртуальную форму. Праз гэта атрымалася не толькі правесці супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы і важныя запланаваныя загадзя акцыі, але і захаваць аўдыторыю. Больш за тое, спалучэнне рэальных і віртуальных формаў работы прывяло да з’яўлення многіх новых кантактаў і праектаў. Напрыклад, колькасць праглядаў сёлетніх Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія праходзілі з жывой трансляцыяй на YouTube і сацыяльных сетках, за тыдзень перайшла ў дзясяткі тысяч. Летась мы праводзілі конкурсы буктрэйлераў, анлайн-прэзентацыі, рэальна-віртуальныя семінары і круглыя сталы. Магу згадаць рэзанансны конкурс постараў і эсэ для школьнікаў, прысвечаны юбілею Рыгора Барадуліна, а таксама абсалютна ўнікальны конкурс чытальнікаў вершаваных работ Уладзіміра Дубоўкі. Так, на апошні з названых конкурсаў мы атрымалі больш 880 (!) відэаработ з усіх куточкаў Беларусі і з-за мяжы, удзельнікамі былі аматары і прафесіяналы ва ўзросце ад пяці да 85 гадоў. Паверце, гэта выключны вынік.
Л. Рублеўская: А ці змяніліся чытацкія інтарэсы і ці ўплывае на іх такая вось работа з аўтарам?
В. Глухоўская: У нашай краме ахвотна купляюць усё, што датычыцца краязнаўства, гісторыі Беларусі. Кніга пра малюнкі і чарцяжы Януша Радзівіла выдавецтва «Беларусь» разышлася, запатрабаваны альбом таго ж выдавецтва пра Напалеона Орду, падрыхтаваны Алесем Сушам. Вельмі добра раскуплялася пяцітомнае выданне па гісторыі беларускай дзяржаўнасці выдавецтва «Беларуская навука», прававая літаратура. Але любая кніга, якая паступае ў краму, павінна атрымаць свой анонс, сваю долю ўвагі. І аўтограф-сесіі — вельмі добры спосаб.
Пра электронныя кнігі
Л. Рублеўская: А вось звычайная кніжная крама, накшталт «Акадэмічнай кнігі», можа паралельна з папяровай прадукцыяй гандляваць электроннымі кнігамі?
В. Глухоўская: Электронную кнігу павінен прапаноўваць выдавец. Сёння адзінкавыя выдавецтвы выпускаюць электронныя кнігі. Нам яны не прапаноўваюць механізм продажаў. Ну і што мяне не задавальняе на сусветным рынку электронных кніг — няма дэмпінгу цэн. Розніца паміж коштам электроннай і папяровай кнігі можа складаць адзін-два еўра. Гэта менш чым пяць працэнтаў ад кошту кнігі. У нас кніга друкаваная можа каштаваць каля дзесяці-дваццаці долараў, а электронная — тры-пяць.
А. Суша: Некалькі выдаўцоў спрабавала ў нас займацца гандлем электроннай кнігай, але не скажу, каб вельмі паспяхова. Некаторыя перадавалі права на продаж кніг сваіх аўтараў замежным кнігагандлёвым электронным пляцоўкам, але ў выніку не былі задаволеныя. Нашы аўтары не вельмі добра там прадаюцца, бо беларускую кнігуадшукаць там сярод іншага цяжка. Няма ў нас ні абавязковага бясплатнага асобніка электронных выданняў, няма электроннай нацыянальнай бібліятэкі.
Л. Рублеўская: У нас няма і культуры набываць электронныя кнігі. Усё звыклі спампоўваць пірацкімі метадамі, не разумеюць, чаму павінны плаціць за тое, што могуць займець бясплатна. Аднойчы толькі чытачка мне напісала, прасіла даць спасылкі, дзе купіць мае кнігі ў электронным выглядзе, бо для яе было прынцыпова набыць іх афіцыйна.
В. Глухоўская: Людзі часта, прызнаючыся ў любові да таго ці іншага пісьменніка, лічаць за лепшае спампаваць пірацкую версію яго кнігі, не разумеючы, якія велізарныя затраты часу і сіл аднімае гэтае «хобі». Бо ў Беларусі практычна адзінкавыя аўтары зарабляюць толькі літаратурай. Большая іх частка займаецца пісьменніцтвам у вольны час, і ўсе затраты на паездкі, работу ў архівах — за ўласны кошт. І ганарары ў нас практычна сімвалічныя. І я прынцыпова ніводнай пірацкай версіі кнігі ў інтэрнэце не прачытала. Вельмі хацелася б, каб з боку бібліятэк, кніжных крам, СМІ ішла асветніцкая работа наконт таго, што карыстацца працай пісьменнікаў бясплатна — непрыгожа. Патрэбна абарона аўтарскіх правоў, а караць за спампаванне пірацкага кантэнту трэба ў першую чаргу не тых, хто яго змяшчае, а тых, хто яго спажывае.
Л. Рублеўская: У мяне да гэтага дваістае стаўленне… Беларускія літаратары заўсёды займаліся асветніцкай дзейнасцю, асабліва ў тым, што датычыцца папулярызацыі гісторыі, выхавання нацыянальнай свядомасці… А для гэтых мэт патрэбны вольны доступ да адпаведных тэкстаў.
В. Глухоўская: Ну дык на гэта ёсць добрая воля аўтара — выкласці свой тэкст у сеціва для бясплатнага карыстання.
А. Суша: Наша бібліятэка як дзяржаўная ўстанова і юрыдычная асоба не можа працаваць з нелегальным кантэнтам. У нас ёсць заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах, вельмі няблага выбудаванае, адным з распрацоўшчыкаў яго былі мы. Іншая справа, што немагчыма аўтару ці выдаўцу адсочваць кожны выпадак незаконнага карыстання інтэлектуальнай уласнасцю. У замежнага чытача выхавана разуменне, што любая праца — пісьменніка, рэдактара, паліграфіста — мусіць аплачвацца, і амаральна карыстацца ёю бясплатна. У нашага чытача такога ўсведамлення трохі бракуе. Так, ёсць у нас Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, там ёсць структура, якая займаецца калектыўным кіраваннем аўтарскімі правамі. Але ў цэлым гэтая сфера ў нас слаба развітая, і мала прэцэдэнтаў паспяховай абароны аўтарскіх правоў. І ўсё ж прававая культура насельніцтва расце, і запатрабаванасць у легальным доступе да інфармацыі — таксама.
Пра тое, як змяняюцца кнігарні
Л. Рублеўская: Мы неаднойчы ў мінулыя гады абмяркоўвалі новыя формы распаўсюджвання кнігі. Гаварылі пра кнігарні-кавярні, кнігарні-клубы, кнігарні-канцэртныя залы…
А. Суша: Інтэграцыя «кнігарня-чытальня», «кнігарня-кавярня» ва ўмовах ковіду не працуе. Кавярні сёння ў такім жа цяжкім стане, як і кніжныя крамы.
В. Глухоўская: У маладосці мой любімы адпачынак быў — зайсці ў Цэнтральную кніжную кнігарню, купіць кнігу, а потым у кавярні па той бок праспекта піць каву і чытаць. На мой погляд, нашы кніжныя крамы размешчаны ў занадта маленькіх памяшканнях, акрамя крамы «Светач» ды адзінкавых іншых, для таго каб гандлёвую плошчу аддаваць пад кавярню і выкарыстоўваць іншыя модныя тэндэнцыі.
А. Суша: Мінулы год больш змяніў механізмы работы і для бібліятэк, і для кніга-гандлёвых арганізацый. Якія дзейсныя? Індывідуалізацыя работы з кнігамі. Мэтавая рэклама. Дарэчы, рэклама мяняе прастору — цяпер найперш гэта інтэрнэт. Рэклама ў гарадской прасторы застаецца, але галоўнае — сеціва, сацыяльныя сеткі. Больш далучаюцца да прасоўвання кнігі выдаўцы, кнігарні.
В. Глухоўская: Мы ўвесь час кансультуем сваіх чытачоў, нашаму меркаванню давяраюць. Прыцягвае і паліца кніг з аўтографамі: для чытача гэта прыемны бонус. Магчыма, праз месяц запусцім у тэставым рэжыме інтэрнэт-магазін «Акадэмічная кніга». Вядома, ён не будзе альтэрнатывай існуючым інтэрнэт-крамам, хутчэй — гэта электронная пляцоўка, дзе можна азнаёміцца з нашай прадукцыяй, замовіць яе і праз электронны кашалёк аплаціць. Дастаўка кур’ерам будзе для буйных заказаў, але і цяпер нашу прадукцыю можна набыць па пошце.
Пра кнігу на роднай мове
Л. Рублеўская: І яшчэ адна змена… Хочацца верыць, што пачалі больш чытаць беларускамоўную літаратуру.
А. Суша: Моўная праблема існуе, і яна вельмі істотна ўплывае на кніжны рынак Беларусі. Немагчыма адмаўляць, што беларускамоўная літаратура малазапатрабаваная ў пэўных сегментах грамадства. Яна ў сусветным маштабе неканкурэнтаздольная ў параўнанні з рускамоўнай ці англамоўнай. Чаму той жа літоўскі кніжны рынак развіваецца больш актыўна? Таму што яны не залежаць ад расійскага кніжнага рынку. У Беларусі, калі перакласці і выдаць на беларускай мове, напрыклад, Арыстоцеля — гэта не акупіцца. У Літве выдаваць Арыстоцеля на літоўскай мове сэнс ёсць, бо ў любой навучальнай установе яго вывучаюць на літоўскай. Больш за тое, работа над перакладам Арыстоцеля на літоўскую мову вядзе да стварэння навуковай школы па вывучэнні яго філасофіі, а гэта спрыяе ўзнікненню новых публікацый, новых канферэнцый, новай прафесійнай камунікацыі, а не звычайнаму перайманню замежных узораў. Беларускаму выдаўцу цяжка знайсці месца, дзе з ім не будуць канкурыраваць расійскія выданні. Калі мы зойдзем у любую кнігарню, убачым там у асноўным расійскую кнігу. Ёсць у нас і такая рыса: адсутнасць палітры замежнай літаратуры, бо мы атрымліваем навінкі праз расійскі кніжны рынак. Што там пераклалі, што да нас завезлі — тое ў нас і ёсць. Многае з таго, што ствараецца ў свеце, да нас не даходзіць.
Л. Рублеўская: Менавіта гэта апошнім часам паспрабавалі выправіць асобныя беларускія выдавецтвы, асабліва прыватныя, з’явіўся сапраўдны бум на пераклад сусветных бестселераў на беларускую мову, і ён знайшоў чытацкі водгук.
В. Глухоўская: Сітуацыя з выданнем перакладаў мастацкай літаратуры на беларускую мову дадае аптымізму, але мы яшчэ вельмі далёкія ад таго, што кніга будзе выдавацца і прадавацца ў нас адразу на дзвюх — рускай і беларускай — мовах адначасова. Велізарная колькасць твораў сусветнай літаратуры яшчэ не перакладзена на беларускую мову, і большая частка твораў на беларускай мове ніколі не перакладалася на рускую.
Л. Рублеўская: Прынамсі, Уладзімір Караткевіч верыў у тое, што беларусы зберагуць свае кнігі.
…Кнігі — сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё.
Але ўсё ж Чалавек
Выходзіць пад бомбы ў дарогу,
Захапіўшы з сабой
Акрым шчоткі зубной
Багдановіча, Танка, Купалу,
І Коласа, й Панчанку,
І Эклезіяста,
І — ў сэрцы — бога.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ