Дзень роднай мовы
Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. З гісторыі мы ведаем, што ў нашай краіне былі часы, калі забаранялася размаўляць па-беларуску, былі і перыяды, калі ў нас было ажно чатыры дзяржаўных мовы. Зараз жа ў нас іх дзве – беларуская і руская, і на абедзьвюх выдаюцца сродкі масавай інфармацыі для самых розных аўдыторый.
Наш часопіс, “Бярозка”, выдаецца на беларускай мове. Гэта прынцыповая пазіцыя не аднаго пакалення галоўных рэдактараў – ствараць беларускамоўную пляцоўку для таго, каб у нашых дзяцей была магчымасць знаёміцца з гісторыяй, культурай айчыны на роднай мове. Калі пагружаешся ў пэўную моўную сераду, размаўляць і ствараць нешта сваё на гэтай мове натуральна і проста.
Таму мы, рэдакцыя часопіса “Бярозка”, шчыра дзякуем вам, нашым чытачам, за тое, што вы з намі разам, за тое, што вы не цураецеся роднай мовы. Дзякуем і настаўнікам, метадыстам, супрацоўнікам самых розных бібліятэк за тое, што знаёмяць падрастаючае пакаленне з нашым часопісам, тым самым даючы магчымасць праявіць сябе з творчага боку. Нашы самыя шчырыя падзякі ў гэты дзень адрасуюцца і пісьменнікам, якія штомесяц дасылаюць нам свае творы і разнастайваюць тым самым матэрыялы “Бярозкі”: чытаючы вашы казкі, апавяданні і г.д., дзеці і падлеткі бачаць дастойны прыклад.
Нам таксама прыемна, што наша праца была заўважана калегамі з навукова-педагагічнага часопіса “Народная асвета”: зусім нядаўна ў ім выйшаў артыкул “Дзіцячая літаратурная творчасць на старонках часопіса “Бярозка”: агляд тэм, праблем, вобразаў, прадстаўленых юнымі пісьменнікамі”.

Давайце працягваць сумесную працу над захаваннем і распаўсюджваннем роднай мовы!
