15 мая – міжнародны дзень сям’і!

З нагоды свята пазаштатны карэспандэнт «Бярозкі» Аліна Канстанцінава дзеліцца сваімі разважаннямі пра актуальныя праблемы сям’і і яе важнасць для кожнага чалавека.
Міжнародны дзень сям’і шмат у каго асацыюецца з культурнымі і забаўляльнымі мерапрыемствамі, канцэртамі, што традыцыйна ладзяцца з нагоды свята. Але яго мэта значна важнейшая, глыбейшая, бо яно прыцягвае ўвагу да праблем сямейных узаемаадносін – рост няпоўных сем’яў, разбурэнне ўнутрысямейных адносін, канфлікты паміж мужам і жонкай, братамі, сёстрамі, сваякамі. Усё гэта ўплывае не толькі на сям’ю, у якой гэта адбываецца, наступствы – разбурэнне разумення паняццяў сям’і, шлюбу, мацярынства да выхавання, – адбіваюцца на грамадстве ў цэлым.
Сям’я — гэта тое, што фарміруе нас як асобу. Яна дае нам сілы, і для многіх людзей гэта менавіта тое, што дапамагае рухацца далей, ратуе ў цяжкія хвіліны. Але сям’я не можа сфармавацца сама, людзі ў ёй павінны працаваць над стасункамі, спрабаваць зразумець адно аднаго, дапамагаць, а для гэтага патрэбны цярпенне, павагаНездарма мэта многіх людзей у жыцці – стварэнне сям’і. І напамін пра яе важнасць для чалавека – яшчэ адна мэта міжнароднага дня сям’і.
Сем’і бываюць рознымі, яны могуць складацца з аднаго ці двух чалавек, а могуць уключаць у сябе больш за дзесяць людзей, калі мае месца шматдзетнасць. Ёсць сем’і, якія памятаюць сваіх продкаў, і падчас вячэрніх размоў ад аднаго пакалення другому перадаюцца з вуха на вуха гісторыі даўніх часоў. А ёсць тыя, хто па розных прычынах – страта сувязі са сваякамі ці іх адсутнасць, – не памятаюць і не ведаюць мінулага. І гэта – вялікая праблема. На шчасце, другі тып сямей у меншасці, бо беларусы – пакаленне герояў, і амаль кожная сям’я ведае, як яе продкі дапамагалі наблізіць Перамогу, спрыяць незалежнасці сваіх нашчадкаў ад фашызма.
У сем’і могуць аб’ядноўвацца людзі розных рас, нацый, нацыянальнасцей, бо не гэта галоўнае. Самае галоўнае – гэтае веданне і ўсведамленне таго, што сям’я – гэта тыя людзі, што заўсёды цябе падтрымаюць і будуць побач, нават калі і не літаральна.
