Што новага чакае аўдыторыю «Беларусь 3»?
«На тэлебачанні няма абыякавых да сваёй працы людзей, якія б не хацелі паказаць узровень уласнага майстэрства. Такія тут проста не затрымліваюцца» — у гэтым пераканана кіраўнік сацыякультурнага тэлеканала. І дэвіз «Беларусь 3» — «Тэлеканал сапраўдных каштоўнасцяў» — таксама можна лічыць адлюстраваннем імкнення яго каманды распавядаць пра сапраўды важнае ў культурным жыцці краіны і рабіць тое адметна, пазнавальна і прафесійна. Як паказалі вынікі нядаўняга Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня», усё ў іх атрымліваецца. А каб даведацца, што чакае аўдыторыю канала ў бліжэйшай перспектыве і ці заўсёды прапанова прафесіяналаў трапляе ў цэль, мы пагаварылі з дырэктарам тэлеканала Наталляй Марынавай.
— Наталля Васільеўна, сёлета «Беларусь 3» на «Тэлевершыні» адзначылі дзвюма ўзнагародамі. Наколькі чаканымі яны былі і ў чым важнасць атрымаць ацэнку прафесіянальных калег?
— Прыемна, што нашу працу ацанілі. Мы падавалі на прэмію праекты нашай вытворчасці ў некалькіх намінацыях. Асабліва рады, напрыклад, за праект «Жывая спадчына», таму што гэта сапраўды ўнікальная праца для беларускай тэлевізійнай прасторы. Глядзіце, у Беларусі ёсць спісак нематэрыяльнай культурнай спадчыны, і здымачная група, якая працуе ў гэтым напрамку, яна па кожным пункце едзе і здымае асобную 26-хвілінную перадачу. І ўсе мы разумеем, што адна справа — сабраць тэкставы матэрыял пра той ці іншы аб’ект, а іншая — знайсці носьбітаў, якія і сёння зберагаюць спадчыну, дамовіцца, каб яны пагадзіліся на здымкі (арганізаваліся і паказалі абрады, традыцыі). Усё гэта арганізацыйны бок, за якім стаіць дастаткова няпростая работа, з якой паспяхова спраўляецца наша творчая група. Другі момант — творчы складнік працэсу. Увесь матэрыял трэба данесці да гледача такім чынам, каб яму было цікава. А значыць, з адзнятага ў камандзіроўцы матэрыялу трэба зрабіць такую праграму, каб яе глядзелі. І, як паказваюць дадзеныя медыявымярэнняў, нас глядзяць і праграма карыстаецца папулярнасцю. Таму, безумоўна, прыемна, што ў нас атрымліваецца спалучэнне беларускіх традыцый, сучаснай тэлевізійнай вытворчасці, а на выхадзе мы маем добры тэлевізійны прадукт, які цікавы аўдыторыі і атрымаў высокае прызнанне прафесіяналаў.
Другую ўзнагароду мы атрымалі за канцэрт сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі «Рэха вайны». Ён таксама няпросты, бо, магчыма, гэта першы праект, дзе сімфанічны аркестр быў зняты і паказаны такім чынам, што ў ім спалучыліся класічная музыка і тая ж сучасная тэлевізійная падача. Мы ўпершыню ў студыі 600 метраў пры такім узроўні светлавога, студыйнага афармлення і тэхнічных сродкаў, якімі валодае Белтэлерадыёкампанія, зрабілі музычны праект, узяўшы за аснову менавіта класічную музыку. І тое, што ён таксама адзначаны «Тэлевяршыняй», сведчыць пра высокі прафесійны ўзровень усіх, хто працаваў на ім: аператараў, рэжысёрскіх груп і самога сімфанічнага аркестра. Увогуле, вялікая ўдача, што ў складзе Белтэлерадыёкампаніі ёсць такі калектыў, і мы маем магчымасць супрацоўнічаць. У нас запісана некалькі праграм у цыкле «Вечары з сімфанічным аркестрам», дзе і музыка Сярэднявечча, і музыка беларускага тэатра. А зараз ідзе праца над запісам канцэртных праграм, прысвечаным музыцы беларускага кіно, і рыхтуецца праграма твораў Манюшкі.
Увогула, можна лічыць, што ў нашага тэлеканала сёлета тры ўзнагароды. Паколькі праект, зроблены рэгіянальнай тэлекампаніяй «Брэст», — чатырохсерыйны дакументальны фільм «Брэсцкая крэпасць» — з’явіўся па замове «Беларусь 3». Ідэя праекта была першапачаткова нашай, проста рэалізоўвалі яе нашы калегі. І прэм’ера яго ў тэлеэфіры, дарэчы, адбылася таксама на сацыякультурным канале. Таму «Тэлевяршыню» за гэты фільм мы лічым і сваёй.
— Зразумела, што ацэнка працы прафесійным журы дае стымул для далейшага росту і развіцця. А вось ці не здаецца вам, што было б дарэчы знайсці спосаб, каб даць права голасу ў межах гэтага конкурсу і тэлеаўдыторыі?
— «Тэлевяршыня» — нацыянальны конкурс, дзе ацэньваецца праца прафесіяналаў тэлевізійнай вытворчасці, а можа ў нейкай ступені нават рамяство, якім і з’яўляецца журналістыка па сутнасці сваёй. Думаю, было б цікава, калі б у рамках конкурсу з’явілася намінацыя, у якой тэлеаўдыторыя мела б магчымасць выказваць свае ўпадабанні. Адзінае, што ўзнікае пытанне, як тут вызначаць прэтэндэнтаў і пераможцу. Відаць патрэбна прапрацаваць пэўныя алгарытмы, сістэму галасавання. Бо, вядома, у нас ёсць дадзеныя медыявымярэнняў, але з гэтым не ўсё адназначна, паколькі ў кожнага тэлеканала свае ахопы, розная аўдыторыя і задачы. Нават адзін і той жа праект, але размешчаны ў розны час ці ў залежнасці ад дня тыдня, збярэ розных гледачоў. Таму тут пытанне адкрытае. Са свайго вопыту скажу (я працавала на розных тэлеканалах), што тыя праекты, праграмы, якія атрымалі сёлета прэмію, карыстаюцца папулярнасцю сярод аўдыторыі.
— Якія ўражанні пакінуў конкурс, улічваючы, што гэта было яго вяртанне пасля значнага перапынку?
— Мне здаецца, што конкурс усе чакалі і аб’ектыўнай была ацэнка журы, хоць тое пасля заўсёды выклікае дыскусіі. Я вельмі радая за Белтэлерадыёкампанію і за ўсіх калег, чыя праца была высока адзначана ў гэтым годзе. Было прыемна пабачыцца з усімі па-за межамі працы. Бо няпростыя часы мы перажываем, асабліва апошнія два гады. І ўсе шмат працуюць, але няма часу на нейкія паўзы, дзе можна сказаць кампліменты ў адрас адзін аднаго. У нас на тэлебачанні як кажуць — каб застацца на месцы — трэба вельмі хутка бегчы. А мы ўсе настолькі хутка беглі, што не проста засталіся ў «абойме», але і, пераадолеўшы пэўную дыстанцыю, выйшлі на якасна новы ўзровень. І «Тэлевершыня» яго прадэманстравала і сцвердзіла нас у думцы, што ўсё мы робім правільна. Таму трэба працягваць гэты прафесійны марафон. А Белтэлерадыёкампанія і арганізатары зрабілі сапраўднае свята для ўсіх тэлевізіёншчыкаў. Дзякуючы гэтаму мы ненадоўга спыніліся, азірнуліся, перадыхнулі і зноў вярнуліся на дыстанцыю, каб далей рабіць якасны тэлепрадукт для сваёй аўдыторыі.
— А што акрамя рэйтынгаў і ўзнагарод сёння дазваляе вам зразумець: праект праіснуе доўга, альбо яго дні ўжо злічаны?
— Ёсць праекты, якія спыняюць сваё існаванне па аб’ектыўных прычынах. Вось, напрыклад, калі скончыцца спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, і мы раскажам пра ўсе аб’екты з яго, то, вядома, не будзем паўтарацца. Гэта проста звычайны рабочы працэс. Іншая справа, калі мы бярэм паказчыкі тэлевізійнай аўдыторыі. Аналізуем лічбы і бачым, што нейкую праграму не глядзяць. Тады робім спробы ўсё ж зацікавіць гледача нашым прадуктам праз пэўныя алгарытмы. А калі і гэта не спрацоўвае, то закрываем праект, а для тэмы шукаем новае прачытанне і фармат. Плюс мы шмат водгукаў атрымліваем і ў працэсе жывых зносін са сваёй аўдыторыяй. Падчас выездаў на здымкі нашы журналісты маюць магчымасць пачуць ацэнкі і водгукі як ад герояў перадач, так і тэлегледачоў. Некаторыя перыядычна нам тэлефануюць, каб агучыць свае ўражанні, пажаданні ці крытычныя заўвагі. Часам чуем даволі дэтальны і падрабязны разбор сваёй работы. І робім з гэтага таксама пэўныя высновы.
— З пастаянствам на «Беларусь 3» адбываюцца прамыя трансляцыі і паказы тэлеверсій розных культурных форумаў, конкурсаў, спектакляў. Што з гэтых двух фарматаў дае большую долю праглядаў?
— Мы пастаянна адсочваем інфармацыю пра колькасць праглядаў нашых праграм. І магу сказаць, што сама форма «прамы эфір» ці «тэлеверсія» не ў значай меры ўплывае на аб’ём тэлеглядзення. Тут усё залежыць ад мерапрыемства, якое ўяўляе пэўны інтарэс для тэлеаўдыторыі. Так, напрыклад, вельмі добра прайшла прамая трансляцыя з удзелам Патрыярха Кірыла ў Полацку да 1130-годдзя праваслаўя ў Беларусі. Канцэрты ў Маладзечна таксама вельмі добра былі прыняты гледачамі. Але інтарэс аўдыторыі абумоўлены як мерапрыемствам, так і такімі фактарамі, як час паказу і нават пара года. Калі гаварыць пра мэтазгоднасць трансляцый і тэлеверсій, то перш за ўсё гэта дазваляе нам даносіць інфармацыю як мага большай колькасці людзей. Мы ставім сабе задачу даць магчымасць шырокай аўдыторыі трапіць на культурныя мерапрыемствы незалежна ад іх месцазнаходжання, бо ўсё ж нават самая вялікая канцэртная зала не можа змясціць абсалютна ўсіх ахвотных. Дарэчы, бывае так, што паўтор нейкага мерапрыемства ў тэлеэфіры збірае яшчэ большую колькасць гледачоў, чым прамая трансляцыя. Што датычыцца выбару фармату (прамая трансляцыя ці тэлеверсія), то тут мы таксама арыентуемся на значнасць падзеі і работу, якую трэба правесці, каб выдаць якасны прадукт у эфір. Таму што адна справа, калі каманда «Беларусь 3» працуе, да прыкладу, на адкрыцці фестывалю і важна даць гледачу магчымасць перажыць агульныя эмоцыі тут і зараз ад падзеі. І зусім іншая, як здымаем той жа спектакль і разумеем, што трэба прапрацаваць нейкія моманты з гукам, мантажом і г.д. Аднак незалежна ад фармату падачы мы заўсёды імкнемся рабіць якасны прадукт. У нас зараз сучасная тэхніка і настолькі прафесіянальныя рэжысёры, гукааператары, аператары працуюць, што адчуваецца нават, як узрасла якасць тэлеверсій у параўнанні з тым, што было некалькі гадоў таму. І гэта заўважаюць, як артысты, так і тэлегледачы.
— Летась у Дзень беларускага пісьменства на «Беларусь 3» стартаваў праект «Кафедра». І вы з гэтай нагоды адзначалі, што фармат лекцый вельмі папулярны. Якіх яшчэ тэм і фарматаў хочацца дадаць у палітру праграм вашага тэлеканала?
— Адкрыю вам таямніцу. Мы зараз ужо актыўна рыхтуемся да 10-годдзя тэлеканала, якое будзем адзначаць у лютым наступнага года. І ў сувязі з гэтай датай у рабоце падрыхтоўка серыі прэм’ер. Таму што нам хочацца ў першую чаргу зладзіць свята для сваёй тэлеаўдыторыі. Так, хочам зрабіць акцэнт на таленавітых маладых людзях у беларускай культуры. Бо дзесяць гадоў з пазіцыі тэлебачання — ужо ўзрост, а па чалавечых мерках — гэта толькі пачатак. Мы працуем з «Маладымі талентамі Беларусі», падтрымліваем канцэрты каледжа пры Акадэміі музыкі. Але хочацца зрабіць асобную пляцоўку для таленавітай моладзі нашай краіны. І ў нас ёсць ідэі, як гэта можна падаваць. Будзе некалькі напрамкаў. Мы жадаем паказаць маладое пакаленне, яго ўзаемадзеянне з больш вопытнымі калегамі і прадэманстраваць іх патэнцыял і перспектыву.
— Увогуле наколькі гарачым будзе лета і восень на сацыякультурным?
— Ведаеце, я ад многіх чую, што лета — такі час, калі трэба ісці ў адпачынак. А для нас той жа чэрвень быў вельмі насычаным, бо прайшоў фестываль у Маладзечна, «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», да 22 чэрвеня ў нас адбылася прэм’ера спектакля «45 хвілін». У мантажы знаходзяцца яшчэ некалькі спектакляў і канцэртных праграм, якія адзнялі і рыхтуем да эфіру. Адпачываць няма калі. Зараз культурных падзей столькі, што толькі паспявай адсочваць і выбіраць, пра што распавядаць. У ліпені — святкаванне Дня Незалежнасці, 140-годдзя Янкі Купалы, хутка на «Славянскі базар у Віцебску» паедзем. Будзем ладзіць прамую трансляцыю Дзіцячага конкурса. А пасля ўжо пачнем рыхтавацца да Дня беларускага пісьменства.
— Калі самі маеце вольны час, то якой культурнай праграме аддаеце перавагу?
— Я атрымліваю запрашэнні на розныя мерапрыемствы, але мне складана прыйсці ў нейкае месца і абстрагавацца. Люблю тэатр, аднак не заўсёды ўдаецца там заставацца незаўважанай і не гаварыць пра справы. Часта магу выбраць кіно, проста паглядзець, на сваім тэлеканале. Думаю, нашы гледачы заўважылі ўжо маю любоў да савецкага кінематографа. Гэтыя фільмы, хоць і былі зняты дзясяткі гадоў таму, але па-ранейшаму распавядаюць пра сяброўства, каханне, здраду і іншыя жыццёвыя рэчы, але пры гэтым выхоўваюць светлыя пачуцці ў чалавеку, даюць нам нагоды радавацца, думаць. І ў гэтым схаваная сапраўдная магія, асабліва калі глядзіш кінастужкі ў добрай якасці.
Інтэрв’ю Выдавецкага дома «Звязда».