АДКУЛЬ ПАЙШЛІ НАЗВЫ

У Амшарыне Малой

Мох шаўковы рос сцяной.

А імшыць хто хату браў,

У хуткім часе і згараў.

З тых часоў так і вядуць,

Толькі ягады бяруць.

На імхах яны растуць,

Ураджай добры даюць.

Ля ўзгорка радзяць трое:

— Маё, — першы кажа, — поле.

— Не, маё, — сказаў другі.

Трэці ўзяўся за палугі.

Шчыравалі ўсе трое:

Тры ўзаралі роўных полі.

Болей спрэчак не вялі,

Так у Трайным і зажылі.

Гаспадыня была Варка,

Ну, а муж яе — лайдак.

Сама ў полі косіць травы.

Серп, каса ў адных руках.

У гарачую часіну,

Як суседзі не прыйдуць,

Варка косіць свае пожні.

Так іх з тых часоў завуць.

У начным пасліся коні,

І каханыя ў палоне

Сваіх мар сюды ішлі

У кучаравыя дубы.

З тых часоў любімы кут

Так Паддуб’ем і завуць.

У Вялікае Балота з Клясціц

Два шляхі вялі:

Доўгі быў і быў кароткі,

Не для кожнага другі.

Праз дрыгву змяю-сцяжынку

Можна было не знайсці,

А загінуць вельмі лёгка,

Калі ўбок крыху сысці.

З тых часоў шляхам кароткім

Людзі болей не ідуць.

Багну топкую Запруддзе

Так з часоў тых і завуць.

Ён з жалезам быў на ты,

Усе зайздросцілі майстры.

Пра яго казалі так:

Слаўны майстар па гваздах.

Па цвікі ў Гвазды ідуць

Так мястэчка і завуць.

Жыў мужык ні так ні сяк,

Усё цялёпаўся бядак.

Гаспадарка не ішла,

Жонка ад яго пайшла.

Ён ні сеяць, ён ні жаць,

Ён ні поле ўзараць.

Пожня лесам зарасла,

Бо Цялёпіна была.

Не чуваць звон накавальні

І не вохкаюць мяхі.

Эх, даўно будзілі ранак

У Кавалёва кавалі.

Адзінокая пабудка

Задрамала ад нуды.

І забыліся на кузню

У Кавалёва кавалі.

Як прабор, рака імкліва

Разабрала берагі

На адзін — палова вёскі

І палова — на другі.

Падхапіліся сяляне,

Мост драўляны ўзвялі.

Толькі выдаўся гарбатым

Небарака ўгары.

Як ганялі кароў у поле

І чаргу вялі радком,

Выпадалі пожні часта

За гарбатым тым мастом.

Леднікі не раз хадзілі,

Шмат яны панарабілі:

Нацягалі валуноў,

Накідалі камянёў.

Неўрадлівая зямля

У Камянцы даўно была.

Як метал апрацаваць

І паковак добры даць,

Ведалі майстры здаўна.

Кузня ў Пакава была.

Пад ялінай, пад сасной,

Хоць ты іх касі касой,

Растуць куры ў хмызняках:

Не сабраць усе ніяк.

Па грыбы туды ідуць.

Лес Курамі і завуць.

Тут Глушнеўскія жылі.

Глухаватыя былі.

Не дастукацца ніяк,

У Глушнева жылі ў лясах.

Красны бор калісьці быў Зялёны,

Кожны мог дары яго збіраць,

Толькі вораг хцівы і зайздросны

Кроўю вырашыў сцяжынкі паліваць.

Забіваў усіх, каго ні стрэціў,

Пунсавела ў чырвані зара,

З таго часу ў бары Зялёным

Восенню чырвоная трава.

Каўшаватае, Трайное,

Курганы, Гвазды, Лямно,

Тут Барсучча, Дубавое,

Куры, Глінішча, Ніўё…

Колькі музыкі спрадвечнай,

Колькі таямніц жывых

У саматканах векавечных,

Сэрцу любых, дарагіх.

Разасланы ў лесе, у полі,

Не чакай, па іх ідзі.

Фарбы, колеры не вечны,

Выціраюць іх гады.

 

Даяна Лукашонак

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *