19.12|12:00 Прэс-канферэнцыя «Гісторыя і сучаснасць беларускай літаратуры на старонках беларускіх часопісаў»
19 снежня 2022 г. у 12.00 у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбудзецца прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да 100-годдзя часопіса «Полымя», на тэму: «Гісторыя і сучаснасць беларускай літаратуры на старонках беларускіх часопісаў».
Пасля грамадзянскай вайны паўстала праблема арганізацыйнага і прафесійнага аб’яднання «пралетарскіх пісьменнікаў», як тады называліся творцы слова. Тым больш што ў літаратуру ішло новае пакаленне маладых ад «станка і плуга», якое хацела вучыцца і якому было ў каго вучыцца. Беларускую літаратуру «высокага мастацкага накірунку» прадстаўлялі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны. Таму выхад першага нумара «Полымя» – часопіса літаратуры, палітыкі, культуры, эканомікі і публіцыстыкі (пазней «публіцыстыка» заменена на «гісторыю») – стаў адметнай з’явай у культурным жыцці рэспублікі. Выдаўцы «Полымя» аб’явілі чытачам, што нацыянальнае адраджэнне – гэта не лозунг і не самамэта, а лепшы спосаб далучыць працоўных рэспублікі да будаўніцтва сацыялістычнага ладу.
Першую вокладку часопіса «Полымя» аформіў мастак Міхась Філіповіч. Першыя дзесяць год (да 1932) часопісам кіравала рэдакцыйная калегія, у яе ўваходзілі Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Усевалад Ігнатоўскі, Янка Купала, Якуб Колас, В. Нодэль, А. Сянкевіч, Міхась Чарот і інш. У 1932—1941 гадах часопіс выходзіў пад назвай «Полымя рэвалюцыі». Першым галоўным рэдактарам яго быў прызначаны Платон Галавач (1932—1933). У гады Вялікай Айчыннай вайны выданне часопіса было прыпынена. Адноўлена ў студзені 1945 года.
У ліку галоўных рэдактараў “Полымя” былі вядомыя пісьменнікі: Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Кастусь Кірэенка і нш. З ліпеня 2021 года галоўным рэдактарам часопіса працуе Віктар Шніп. За 100 гадоў выйшла 1118 нумароў часопіса “Полымя”.
На сённяшні дзень у часопісе існуюць рубрыкі “Паэзія”, “Проза”, “Навуковыя публікацыі”, “Крытыка і літаратуразнаўства”, “Згадкі”, “Дзённікі”, “Штрыхі да партрэта”, “Постаці”, “Пошукі і знаходкі”, “Спадчына”, “Эпісталярый”, “Братэрства”, “Галасы свету”, “Культура мовы”, “Краязнаўства”, “Кнігарня” і іншыя, у якіх адлюстроўваецца сучасны літаратурны працэс.
Удзел прымуць:
- Бузоўскі Ігар Іванавіч – намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь;
- Андрыевіч Уладзімір Уладзіміравіч – начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, член рэдкалегіі часопіса «Полымя»;
- Карлюкевіч Алесь Мікалаевіч – Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар Выдавецкага дома «Звязда»;
- Бадак Алесь Мікалаевіч – дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»;
- Шніп Віктар Анатольевіч – намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўны рэдактар часопіса «Полымя»;
- Саверчанка Іван Васільевіч – дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар;
- Амосава Юлія Уладзіміраўна – галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі;
- Казапалянская Наталля Міхайлаўна – рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя»;
- Казлоў Анатоль Сяргеевіч – рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя»;
- Касцючэнка Наталля Мікалаеўна – галоўны рэдактар часопіса «Нёман»;
- Алейчанка Юлія Аляксандраўна – рэдактар аддзела паэзіі і крытыкі часопіса «Маладосць».
Будзе арганізавана прамая трансляцыя прэс-канферэнцыі на YouTube-канале РУП «Дом прэсы», таксама будзе магчымасць праглядзець відэазапіс па выніках мерапрыемства.
Запрашаем да ўдзелу!
Акрэдытацыя па тэл.: 311-16-23, 311-16-33, 8 (029) 375 97 10 (Вайбер)