Юбілейны вечар Навума Гальпяровіча «Сэлфі з часам» пройдзе 9 лютага ў сталічным Доме літаратара

Юбілейная вечарына Навума Гальпяровіча «Сэлфі з часам» адбудзецца сёння, 9 лютага, ў Доме літаратара ў Мінску (вул. Фрунзе, 5) у 17:00. 

Гальпяровіч

Творчая вечарына «Сэлфі з часам» паэта, журналіста, публіцыста, тэле- і радыёвядучага, намесніка дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё Навума Гальпяровіча, прысвечана 75-годдзю творцы.

— Літаратурны талент і прафесійны вопыт Навума Якаўлевіча высока цэняць не толькі ў калектыве «Культуры», але і нашы слухачы, — зазначыў дырэктар канала «Культура»  Уладзімір Трапянок. — Таму для прыхільнікаў культурнай хвалі мы падрыхтуем радыёверсію вечарыны, якая прагучыць у межах перадачы «Канцэртная зала».

Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, у творчым вечары возьмуць удзел землякі з Полацка і Наваполацка, артысты, спевакі, удзельнікі народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У прыватнасці, вершы паэта будуць чытаць артысты Беларускага радыё Алег Вінярскі і Маргарыта Захарыя, песні на словы Навума Гальпяровіча выканаюць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Алег Сямёнаў, акцёр тэатра і кіно Сяргей Кравец.

Свае віншаванні юбіляру таксама падрыхтавалі вядомая фалькларыстка з Гомеля Ірына Глушэц, майстар батлейкі з Наваполацка Андрэй Рэцікаў, супрацоўнікі Полацкага музея беларускага кнігадрукавання. У наведвальнікаў будзе магчымасць набыць новыя кнігі юбіляра з яго аўтографам.

Арганізатары вечарыны — Белтэлерадыёкампанія, Саюз пісьменнікаў Беларусі і народны літаратурны тэатр «Жывое слова».

ДАВЕДКА:

Навум Гальпяровіч працуе ў Белтэлерадыёкампаніі з 1981 года. Быў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё ў Віцебскай вобласці, галоўным дырэктарам міжнароднага радыё «Беларусь». Аўтар і вядучы шматлікіх радыёперадач, праграмы «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ВД «СБ. Беларусь сегодня»

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *