Узнагароджаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу эсэ
У сталічным Доме літаратара ўзнагародзілі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу эсэ «Адрасы роднага слова», які праводзіўся часопісам «Роднае слова», газетай «Літаратура і мастацтва» пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі.
— Атрымалася вельмі сімвалічна, бо мы абвясцілі наш конкурс у верасні, калі праходзіў тыдзень роднай мовы, і сёння падводзім вынікі таксама ў такі ж перыяд. Творчыя конкурсы, навукова-даследчыцкія конкурсы сярод старшакласнікаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў — гэта даўняя і трывалая традыцыя. Гэты конкурс для нас адметны, бо яго вынікі мы падводзім у 35-годдзе навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова», — адзначыла галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран.
Творчае спаборніцтва было прымеркавана да юбілейных дат знакавых сродкаў масавай інфармацыі ў культурна-адукацыйнай прасторы нашай краіны. Бо адзначалі 100-годдзе часопіса «Полымя», 90-годдзе газеты «Літаратура і мастацтва» і да юбілейных дат класікаў беларускай літаратуры.
Дыпломамі пераможцаў узнагароджаны 30 навучэнцаў з самых розных навучальных устаноў нашай краіны. Геаграфія ахоплівае блізкія і далёкія кропкі на карце Беларусі.
— Конкурс «Адрасы роднага слова» вельмі дарагі і нашаму саюзу, таму што ён паказвае сапраўдныя адрасы прыгожага беларускага пісьменства. Вашы эсэ расказалі нам, якія пісьменнікі прыязджалі ў вашу мясцовасць, нарадзіліся там альбо талент іх быў выхаваны ў вашых мясцінах. Не ведаю, якім будзе далейшы лёс гэтай справы, але мы з калегамі зацікаўленыя ў тым, каб яна працягвалася. Мы будзем радыя, калі гэтыя работы, эсэ не проста прыцягнуць вас у філалогію, але і стануць для вас справай жыцця. І нам будзе прыемна, калі вашым спадарожнікам заўсёды будзе мастацкае слова, каб вы былі здольныя не толькі здольныя пра яго расказаць, але і самі працягвалі ствараць, — адзначыў у прывітальным слове старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.
Таксама прысутныя пісьменнікі Алесь Бадак, Віктар Шніп, Міхась Пазнякоў, Іна Фралова павіншавалі пераможцаў з іх першымі крокамі ў творчасці і пажадалі не губляць творчага запалу, помніць, што не менш важнымі будуць іх наступныя творы. Ім уручылі дыпломы, падзякі і памятныя падарункі.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».