Не бойцеся прапаноўваць напісанае
Творчая сям’я — складаны арганізм. Але ў выпадку Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай творчы арганізм атрымаўся гарманічным. Абое пачыналі свае шляхі ў «Бярозцы». Іх дзеці таксама супрацоўнічалі з часопісам. З галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», намеснікам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», аўтарам шматлікіх літаратурных зборнікаў, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі было пра што паразмаўляць — зрабіць экскурс у мінулае і паразважаць пра сучасную моладзевую творчасць.
— У якім узросце адбылося ваша спатканне з «Бярозкай»?
— Мне было 15 гадоў. У гэтым узросце я прыехаў у беларускую сталіцу, дзе паступіў вучыцца ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. У 16 стаў хадзіць на літаб’яднанне «Крыніцы», што працавала пры «Чырвонай змене», куды мяне запрасіў літкансультант Яўген Крупенька. «Бярозку», як і амаль усе літаратурна-мастацкія выданні, я чытаў, набываючы ў шапіках. Я занёс бы і ў «Бярозку» свае творы, але, чытаючы часопіс, бачыў, што там студэнты ўжо не друкуюцца. У гадоў 10 мой малодшы брат Вова пачаў пісаць вершы, і я даслаў яго творы ў «Бярозку». Брат пачаў друкавацца. Аднойчы нават за добрыя творы яму даслалі кніжку з аўтографам аўтара. А потым, калі я быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў (мне тады было 24 гады), доўгі час амаль кожны год друкаваўся ў «Бярозцы».
У 1987 годзе, скончыўшы вучобу ў Літінстытуце, ажаніўся з Людмілай. Па маёй парадзе яна аддала свае творы ў «Бярозку». Добра памятаю супрацоўніцтва з часопісам, калі яго галоўным рэдактарам быў Вячаслаў Адамчык. Пазней і нашы дзеці Вераніка і Максім, якія вучыліся ў мастацкай школе, дасылалі ў «Бярозку» свае малюнкі і вершы.
— Наколькі цесным было супрацоўніцтва з калегамі вашага пакалення? Ці дзялiлiся адзін з адным творчымі здабыткамі?
— Творчае пакаленне — гэта сям’я. Ад паэтаў свайго пакалення я і даведаўся пра «Бярозку». А потым мае аднагодкі заўсёды звярталіся да мяне з просьбай даць што-небудзь новае для публікацыі. Пры сустрэчах мы не толькі дзяліліся сваімі планамі і дасягненнямі, але і абмяркоўвалі ўсё літаратурнае, што друкавалася ў рэспубліканскай перыёдыцы, у тым ліку і ў «Бярозцы».
— Зараз актуальныя запазычаныя словы «тымбілдынг», «карпаратыў». Наколькі частымі былі творчыя сустрэчы аўтараў «Бярозкі», яе супрацоўнікаў?
— Я з 20 гадоў выступаю перад сваімі чытачамі. Першае выступленне адбылося ў 1980-м у бібліятэцы, якая знаходзіцца ў Вязынцы. Паехаць і выступіць перад землякамі Янкі Купалы мне прапанаваў Мікола Мятліцкі. З намі тады ездзіла і Раіса Баравікова. У бібліятэцы былі ўсе беларускія літаратурна-мастацкія выданні, сярод іх — «Бярозка», аўтарам якой быў не толькі я, а і мае старэйшыя калегі па пяру. І заўсёды на сустрэчах з чытачамі я казаў, дзе можна пачытаць мае новыя творы. Не забываўся і пра «Бярозку». У рэдакцыю часопіса я прыходзіў да калег-сяброў. Нам заўсёды было пра што паразмаўляць.
Сёння ж тыя часы згадваюцца светла і не толькі таму, што мы былі маладымі… У калідорах рэдакцый сустракалі пісьменнікаў, чые творы яшчэ нядаўна вывучалі ў школе і чыталі ў рэспубліканскай перыёдыцы.
— Вы з’яўляецеся аўтарам кніг для дзяцей. Пры гэтым «Сунічкі для Веранічкі» выйшла ў 1995 годзе, а «Кастусь і Міёна» — у 2023-м. З чым звязаны такі вялікі перапынак?
Працяг чытайце ў №5 за 2023 год.
Фота з уласнага архіва Віктара Шніпа
Аляксандр Канановіч
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры