Спектакль «Бліндаж». Наша мэта — навучыць падлеткаў памятаць…

Сёння гаворка пойдзе пра ваенна-патрыятычны спектакль «Бліндаж» у пастаноўцы мастацкага кіраўніка Камернага драматычнага тэатра, прызёра і лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх тэатральных фестываляў, рэжысёра Наталлі Башавай.

Гэты спектакль пра любоў да жыцця ў шырокім сэнсе: да вечнага кахання, да памяці пра несмяротны гераізм нашых продкаў. На сцэне падчас пастаноўкі разгортваецца сапраўды фантастычнае дзеянне: героі трапляюць у мінулае, у гады Вялікай Айчыннай вайны.

…ВЫБУХ. Сучасны светапогляд герояў пераварочваецца да гары нагамi: тры байцы завіслі ў часе ў бліндажы…

Марына, дзяўчына-экстрэмалка, і Паша, хлопец-інструктар, скачуць з парашутам. Яны прызямляюцца ў нейкім дзіўным лесе, якога няма на мапе. Марына падкруціла нагу, ісці без апоры яна не можа. Маладыя людзі хочуць выбрацца з гэтага незразумелага месца, але правальваюцца ў партал. Так яны аказваюцца дзесьці ў пачатку 1940-х, замкнёныя ў ваенным бліндажы разам з лейтэнантам Прохаравым, сяржантам і радыстам. Спачатку ствараецца ўражанне, што Марына і Паша — звычайныя дзяўчына і хлопец, якія ведаюць пра вайну толькі з падручнікаў і няздольныя адчуць усю яе трагедыю. Але, патрапіўшы ў часавы разлом, яны паступова пачынаюць разумець увесь жах новай для iх рэальнасці, Вялікай Айчыннай вайны.

Дарэчы, перад спектаклем амаль заўсёды выступаюць члены першаснай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Іх расповед пра вайну, добрыя пажаданні нікога не пакінулі абыякавымі.

— Напрыклад, на адным са спектакляў выступаў старшыня першаснай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў ВПС і войскаў СПА, заслужаны ваенны лётчык СССР Каміль Махмудаў. Мы запрашаем такіх людзей, бо яны ўмеюць эмацыйна распавядаць пра цяжкі перыяд у гісторыі нашага народа, і бачым, як дзеці з зацікаўленасцю слухаюць іх выступы. А падлеткі, дарэчы, — гэта вельмі складаная публіка. Уразіць іх, прымусіць слухаць і спачуваць — няпроста, — кажа Наталля Башава. — Гэта спектакль пра сучасных маладых людзей, якія раптам апынуліся ў мінулым. Так, гэта фантастыка, але ж мы ведаем, што ёсць і паралельныя рэальнасцi, што часу няма, смерці няма, — працягвае размову рэжысёр. — Пастаноўка прымушае задумацца і падлеткаў, і дарослых, а як бы яны сябе паводзілі, апынуўшыся, напрыклад, ў 1942 годзе. Адбываецца поўнае паглыбленне ў прапанаваныя абставіны.

Больш за ўсё прыкметна ў спектаклі прысутнасць гераіні Марыны, ролю якой выконвае актрыса Ксенія Сплэндэр. Дзяўчына кантактуе з прыяцелем Пашам, з салдатамі, з дзядулем-ветэранам, які таксама аказваецца звязаны з падзеямі ў бліндажы. Варта адзначыць і развіццё асобы Марыны, як яна з кожным крокам становiцца iншай…

— Спектакль можа памяняць жыццёвыя каштоўнасці маладога пакалення, як гэта здарылася з гераiняй Марынай. Напрыклад, вы палiце, але пачуеце, як да гэтага ставіцца прыгожы юны салдат, няхай і з мiнулага. Ён цэласны, прынцыповы, выхаваны, адукаваны; такі хлопец — мара любой дзяўчыны. І калі гэты неверагодны юнак кажа: «Палiць — дрэнна», — зразумела, Марына рэагуе на гэты пасыл i, так, кiдае дрэнную звычку. Спектакль —  гэта спосаб данесці да гледача правільныя жыццёвыя каштоўнасці. Я шмат гадоў працавала ў Беларускім дзяржаўным акадэмiчным тэатры юнага гледача і заўсёды прапагандзiравала, што спектаклі для дзяцей і падлеткаў павінны быць найлепшымi, — каментуе рэжысёр.

Працяг чытайце ў №5 за 2023 год.
Ангеліна Варатынская

Фота з архіва тэатра

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *