Вайна ў маёй сям’і
Мільёны смерцяў, пах крыві і пораху, крыкі нявінных людзей… Усё гэта суправаджае вайну. Cамай кровапралітнай ў XX стагоддзі на тэрыторыі Беларусі апынулася Вялікая Айчынная вайна. Няма ніводнай сям’і, якая не пацярпела б ад дзеянняў захопнікаў, і, на жаль, мая не стала выключэннем. Некаторыя гісторыі заканчваліся добра, а некаторыя вельмі трагічна.
Каханне Надзеі Малы і яе мужа Фёдара змяніла вайна. Разам яны беглі з Латвіі падчас раскулачвання, у іх было шасцёра дзяцей, але мужчыну забралі на фронт прыкладна ў 1942 годзе. Ён быў адважным салдатам, але ў лёсу былі свае планы. Праз некалькі месяцаў пасля пачатку службы Фёдара схапілі і павезлі ў канцэнтрацыйны лагер «Бухенвальд». Два гады ён змагаўся за жыццё, пакуль яго жонка абараняла іх дзяцей. Надзея думала пра свайго мужа, чакала кожны дзень вестачкі ад яго. Ніхто не ведаў, што з ім, дзе ён, але ўсе верылі ў тое, што мужчына жывы. У будучыні яго шукалі ўнукі і дзеці, любімая жонка, але толькі пасля таго, як Надзеі споўнілася 100 гадоў, прыйшоў ліст, што Фёдар Малыш быў забіты ў Бухенвальдзе за некалькі месяцаў да вызвалення. У яго была язва страўніка і праз столькі гадоў нагрузак і голаду яна дала пра сябе ведаць. Нямецкія лекары пераблыталі хваробу з брушным тыфам (а ён вельмі заразны), так што яго спалілі жыўцом. Ён не ўбачыў каханую, не прыціснуў зноў сваіх дзяцей да грудзей. Надзея памерла на працягу двух месяцаў пасля атрымання ліста, бо на гэтым свеце яе трымалі любоў і надзея, што муж усё яшчэ жывы.
Жанчыне таксама давялося перажыць страты, хоць яна ніколі не была на полі бою. Двое з шасцярых дзяцей загінула ад голаду. А калі ў вёску прыйшлі паліцаі, то паставілі жыхароў на краі ракі Язвінка, каб расстраляць. Іх выратаваў невядомы, які аддаў карову за жыццё людзей. Надзея шмат працавала, адмаўляла мужчынам у жаніцьбе, кажучы, што па-ранейшаму замужам. На той свет яе праводзілі дзеці, унукі, праўнукі і нават прапраўнучка.
Калі гісторыю Фёдара і Надзеі нельга назваць шчаслівай, то мой прапрадзед Пётр Яроцкі змог не толькі прайсці вайну з ўзнагародамі, але і збегчы з канцэнтрацыйнага лагера «Трасцянец». З палону іх бегла сем чалавек, але, пакуль яны дабраліся да бліжэйшага паселішча, іх засталося чацвёра. Людзі, вядома, адразу пачалі карміць мужчын, але адзін настолькі захапіўся, што загінуў з-за завароту кішак, а ў Пятра да канца жыцця былі праблемы са стрававальнай сістэмай.
Пасля палону ён пайшоў на фронт салдатам, за што і атрымаў мноства ўзнагарод. Калі вайна скончылася, то мужчына вярнуўся да сям’і. Час быў суворы, усіх падазравалі ў калабарацыянізме. Вось і Пётр трапіў у турму пад Беразіно з горкім таўром «здраднік радзімы» на паўгода. Але высветліўшы, што ён не вінаваты, дзядулю адпусцілі. Ён пражыў да 85 гадоў у сваім доме ў вёсцы. Жонка яго памерла раней, так што ён няньчыўся кожнае лета з сямю ўнукамі ў адзіночку. Бабуля распавядала, што гэта быў вельмі добры чалавек, яна называла яго «папкой». Пётр ніколі не распавядаў пра падрабязнасці вайны. Нават калі яго пыталіся, ён адказваў коратка: «Вайна — гэта страшна. Не трэба пра яе казаць».
Галіне Яроцкай, маёй прабабулі і дачцэ Пятра, было ўсяго два гады, калі пачалася вайна, але яна ўсё роўна памятае падзеі тых гадоў. Яна распавядала, як паліцаі сабралі ўсё быдла з вёскі ў хлеў і падпалілі яго. «Пах паленага мяса і крыкі кароў я запомніла на ўсё жыццё. Кашмары мяне пераследуюць нават цяпер», — распавядала яна.
«Калі я была маленькая, мы жылі ў невялікай вёсцы каля Беразіно. Хлеб выдавалі па талонах, але для гэтага трэба было прайсці пяць кіламетраў па лесе ў горад. Мама працавала, так што па хлеб адправілі мяне. Невялікі кавалачак на чалавека, дакладна менш за 100 грамаў. Я была такой галоднай, што ела патроху, калі ішла назад. Нават не заўважыла, што з’ела і маміну порцыю. Мне было так сорамна перад ёй… Мы разам у той дзень плакалі. Але былі і добрыя моманты. Неяк раз да нас у хату прыйшлі немцы. Мы з сястрой і братамі спалохаліся, але адзін з іх сказаў: „У мяне там, на радзіме, такія ж кіндэры, як і вы“. Пасля гэтых слоў ён працягнуў нам цукар у кавалачках і сышоў», — успамінала Галіна Пятроўна. І часта яна піла каву менавіта з рафінадам, а не з рассыпістым цукрам.
Працяг чытайце ў №5 за 2023 год.
Эмілія Рачыцкая
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры