«Умелыя рукі» — упэўненыя рухі
«Вытокі творчых здольнасцей і дараванне дзяцей — на кончыках пальцаў», — пісаў вядомы педагог Васіль Сухамлінскі. Гэтыя словы ляглі ў аснову аб’яднання па інтарэсах «Умелыя рукі» Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік».
Ужо 28 гадоў гурток працуе пад кіраўніцтвам Марыны Мурашкі і за гэты час яго наведалі амаль 1 500 дзяцей. Раней заняткі спецыялізаваліся на выпальванні і выпілоўванні па дрэве, а цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца не менш цікавай справай — бісерапляценнем. Тут кожнае дзіця ўвасабляе свае ідэі ў бліскучыя фігуры. Лёгкія, але ўпэўненыя рухі надаюць гнуткаму дроту з маленькімі пацеркамі самыя цікавыя формы. А які вынік! У руках са скрутка тонкага металу з’яўляюцца дрэвы, плеценыя вазы з кветкамі, матылі і стракозы! А самае галоўнае — гэта шчырая ўсмешка радасці на тварах дзяцей і педагога.
— Чатыры гады таму да нас у школу прыйшла Марына Іосіфаўна, — успамінае ўдзельніца аб’яднання Ліля Дудко. — Распавяла пра гурток і паказала розныя вырабы, якія зрабілі дзеці. Мяне ўразіла вазачка з фіялкамі з бісеру. Адразу захацелася зрабіць нешта падобнае сваімі рукамі.
Дзеці з задавальненнем прыходзяць на заняткі. Нават дрэннае надвор’е ім не перашкода. З іскрай у вачах яны прымаюцца за справу. Цудоўныя вырабы становяцца добрым падарункам для родных. А некаторыя адпраўляюцца на розныя конкурсы.
Але за гэтай прыгажосцю і вытанчанасцю крыецца карпатлівая праца. Невялікую просценькую кветачку можна зрабіць за занятак, а, напрыклад, на выраб дрэва з 70-100 галінак спатрэбіцца каля месяца.
Кіраўнік гуртка сцвярджае, што занятак бісерапляценнем дапамагае выхоўваць у дзецях стараннасць і цярпенне, а таксама развіваць дробную маторыку рук.
У будучыні педагог плануе навучыць дзяцей новаму спосабу бісерапляцення — ручному ткацтву. Для гэтага трэба зрабіць спецыяльныя станочкі, на якіх будуць пераплятацца паміж сабой пацеркавыя палосачкі.
Кацярына Сушко,
навучэнка «Школы журналістыкі» Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік»
Фота аўтара