Прыветны пошум «Бярозкі»
Рубрыка: Успаміны
Мой літаратурны шлях не пачынаўся з публікацый у «Бярозцы», як у шмат
каго з беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Бо вершаў у школьную пару я не складаў. У старэйшых класах зацемкі пісаў у тоўстых агульных сшытках, якіх за тры-чатыры гады ўлучна з першым курсам інстытута назбіралася тры, спісаных дробным акуратным почыркам. Жанр аніяк не для «Бярозкі». Праўда, тыя сшыткі згарэлі за пажарам у хаце бабы і дзеда, дзе я хаваў іх ужо студэнтам, бо Мікалаеўшчына была бліжэй да Мінска, чым маё Даманава ў Івацэвіцкім раёне, адкуль я пасля школы выбраўся ў шырокі свет. Можа і не лагічна, але такі невясёлы знак сцвердзіў перакананне, што пісаць мне проста неабходна.
Таму запісы працягваліся, нават апавяданні спрабаваў пісаць. А пры канцы студэнцкай пары пайшлі і вершы, што было вырашальным, калі праз два гады пасля заканчэння архітэктурнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер
БНТУ) я паступіў вучыцца завочна ў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве на паэтычны семінар. Архітэктарам працаваў пяць гадоў у інстытуце
«Мінскпраект», але потым лёс наканаваным чынам павярнуў на літаратурную
сцяжыну, на рэдактарскую працу спачатку ў Дзяржкіно БССР, а потым і на
кінастудыі. І сёння з’яўляюся рэдактарам студыі «Летапіс» Нацыянальнай
кінастудыі «Беларусьфільм». Праца звязана з дакументальным кіно, дзе я адбыўся не толькі як рэдактар, але і як сцэнарыст і рэжысёр звыш сотні дакументальных фільмаў, у асноўным звернутых да гісторыі і культуры Беларусі.

На маім больш чым трыццаціпяцігадовым кінематаграфічным шляху быў адзіны перапынак. І звязаны ён акурат з «Бярозкай», якая сваім прыветным пошумам зачаравала мяне на пяць з паловай гадоў рэдактарскай і творчай працы. Трапіў я туды працаваць адказным сакратаром у 1988 годзе на запрашэнне тагачаснага галоўнага рэдактара Уладзіміра Ягоўдзіка, з якім былі знаёмыя праз агульную школу нашых старэйшых дзяцей. На той час у маёй паэтычнай кайстры было ўжо дзве кнігі — нізка «Пяшчотны дотык» у калектыўным зборніку «Крыло» і асобная кніга вершаў «Голас». Што дзіўна, вершаў для дзяцей не пісаў ні тады, ні цяпер, хоць сам выгадаваў траіх — двух сыноў і дачку. Значыць, такая адметнасць паэтычнага светабачання. Але ж часопіс для дзяцей і падлеткаў, а з імі, я перакананы, трэба гаварыць як з дарослымі. І пісаць. Бясспрэчна, для дзяцей трэба пісаць так, як для дарослых, толькі лепш. Таму праз гэтую адсутнасць дзіцячых твораў у агульнапрынятым значэнні нязручнасцяў не ўзнікала. А рэдактарскі досвед стаўся вельмі дарэчным у працы з вершаванымі і празаічнымі творамі
нашых юных аўтараў.
А як Уладзімір Мароз ствараў разам з калегамі часопіс, чытайце на старонках 11 нумара
Уладзімір Мароз
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
