«Я проста паміраю ад кахання да цябе…», альбо Сем сцэнарыяў грэчаскага кахання па-беларуску

Рубрыка: Школьнае даследаванне


Лічыцца, што пра каханне ўсё сказалі яшчэ старажытныя грэкі, якія выкарыстоўвалі для гэтага сем паняццяў:

  • Агапэ — бескарыслівая самааддача (напрыклад, любоў да блізкага);
  • Людус — каханне-гульня, якое не вылучаецца глыбінёй пачуцця,
  • Прагма — разважлівае каханне, якое лёгка паддаецца свядомаму кантролю, каханне па разліку;
  • Эрас — гарачае каханне-захапленне, якое імкнецца да фізічнай блізкасці;
  • Арыентавана на задавальненне, даволі лёгка дапускае магчымасць здрады;
  • Сторге — спакойнае, цёплае і надзейнае каханне-сяброўства, каханне-пяшчота;
  • Манія — каханне-апантанасць, для якога характэрна залежнасць ад аб’екта цягі;
  • Філія — любоў паміж бацькамі і дзецьмі.

Неяк у дзявятым класе ў падручніку па грамадазнаўстве мяне зацікавіла тое, што ў адным з параграфаў было напісана пра сем відаў кахання ў старажытных грэкаў. І вось цяпер, праз два гады, я ўспомніла пра той урок і захапілася пошукам гэтых відаў кахання ў беларускай літаратуры. 

Праяўленне агапэ, альбо бескарыслівага кахання, заўважыла ў рамантычнай аповесці «Пах чаромхі» Уладзіміра Гаўрыловіча. Галоўны герой Ігар Косціч закахаўся ў Мерыям — замужнюю жанчыну са Швейцарыі. Яе ажанілі па разліку з бізнесменам Гюнтэрам Хойслерам. Мерыям і Ігар пазнаёміліся, калі тая прыехала ў двухтыднёвую азнаямляльную паездку ў Беларусь і Украіну. Жанчына «была зачаравана ім з першага погляду». Спачатку я была ўпэўнена, што ў аповесці «Пах чаромхі» агапэ існуе з двух бакоў. Але калі б каханне Мерыям сапраўды было б самаахвярным і бескарыслівым, то яна б стала нешта змяняць у сваім жыцці: пайшла ад Гюнтэра, якога і так не кахае, напрыклад. Жанчына ў сваю чаргу, калі прыехала на радзіму, стала жыць як раней. 

А вось пачуцці Ігара можна назваць самаахвярнымі, бо дзеля каханай ён прыехаў у Швейцарыю з Беларусі. Косціч разумеў усю парадаксальнасць гэтай гісторыі, але нічога не мог з сабой зрабіць, толькі бясконца дакараў сябе: «Як жыць, што рабіць з гэтым прыдуманым каханнем? Рамантык дурны!» Мерыям у Швейцарыі стала нібыта іншым чалавекам, сказаўшы абыякава пры сустрэчы: «Ты дарэмна сюды прыехаў». Атрымліваецца, для яе гэта быў звычайны людус: «Напэўна, мне сапраўды было патрэбнае такое… вар’яцтва пачуццяў». Ігару было крыўдна і балюча, што яго каханне Мерыям назвала «забаўкай». 

Ад безвыходнасці мужчына ледзь не ажаніўся з іншай, якую не кахаў, але, дзякуй Богу, гэтага ўдалося пазбегнуць: было б тры няшчасныя лёсы… Чаму тры? Бо адзін выпадак даў зразумець Мерыям, наколькі ёй усё-такі дарагі Ігар… Яны з Гюнтэрам неўзабаве разышліся. А сама Мерыям разам з дачкой прыехала да Ігара. «Я проста паміраю ад кахання да цябе… І да нашай маленькай дачушкі», — кажа задаволены Ігар напрыканцы на сёмым небе ад шчасця. Вось што значыць агапэ…

У апавяданні Галіны Васілеўскай «Шляхі і сцежкі» спачатку мы бачым узорную сям’ю: клапатлівыя маці Ларыса і тата Іван, сын-вундэркінд Данілка — «справядлівы і самакрытычны хлопчык», добрая і мудрая бабуля Валя, дзякуючы якой унук развіты не па гадах. Аднак потым высвятляецца, што не ўсё так ідэальна: каханне, якое прадстаўляе гэта апавяданне, — людус

Часам дзеці здольны зблізіць бацькоў, але не ў гэтым выпадку. Выхаваннем Данілкі займалася бабуля, бацькі хлопчыка былі занятыя працай, таму толькі аддаляліся адзін ад аднаго. Здрада пачалася з недарэчнага выпадку: калі тата Данілкі быў у камандзіроўцы ў Гомелі, да яго машыны падышла засмучаная беспрацоўная Рэгіна. Спачатку Іван даў ёй яблык, потым запрасіў павячэраць. На першы погляд бяскрыўдная і безабаронная жанчына аказалася жорсткай і крывадушнай. Нават на рэпліку дзяжурнай у гомельскім  атэлі: «У яго ў Мінску жонка і дзесяцігадовы сын», — Рэгіна адказала: «Жонка не сценка, пасунецца». Людус, як вядома, лёгка дапускае магчымасць здрады. У думках Івана ніякіх згрызот сумлення не заўважна, асабліва пасля слоў: «Ён адчуваў сябе пераможцам. І ганарыўся сабой». Жонка неўзабаве даведалася пра ўсё і выгнала здрадніка.

Ад гэтага людусу, на маю думку, больш за ўсё пакутаваў сын Ларысы і Івана Данілка. Страшна ўявіць, што тады было ў яго на душы! Колькі разоў ні ў чым нявінны хлопчык перасэнсоўваў усе падзеі, што ў рэшце рэшт даў сабе клятву: «Ніколі не паўтараць памылку бацькі, які перакрэсліў дзяцінства сына і зрабіў адзінокай маці сына». Хочацца верыць, што ў будучыні Даніла сапраўды не будзе вось так гуляць з пачуццямі іншых…

Мяркую, мала каго можа пакінуць абыякавым гісторыя (складана сказаць кахання) Ганны і Яўхіма з рамана «Людзі на балоце» Івана Мележа. Праз якія толькі драмы не баліць сэрца пры прачытанні гэтага твора! І ўсё ж галоўная гераіня вымушана была пайсці замуж за Яўхіма Карча. Асабіста я лічу пачуццё Ганы прагмай, якая ўзнікла праз абставіны. 

Па-першае, дзяўчына на той час была вымушана ў сваім выбары кіравацца не ўласнымі пачуццямі, а прыслухоўвацца да меркавання тых, з кім жыла пад адным дахам, так бы мовіць, цвяроза ацэньваць сітуацыю вакол. Вядома, немалаважную ролю сыграў рашучы настрой мачахі, яе прага да багацця Карчоў  (пра гэта багацце, анягож, ведалі ўсе навокал): «Пражывеш век, гора не паспытаеш! У малацэ ды ў масле купацца будзеш!» Жанчына спрабавала ўсяляк маніпуляваць падчаркай: «Пра нас, пра бацьку падумала б!.. Як яму дажываць век, у нішчымніцы?..», «І пра браціка, пра Хведзьку, не грэх падумаць!» Такім чынам, Ганне і так, і так прыйшлося б пераступіць праз свае сапраўдныя пачуцці, нават праз сапраўднае каханне. 

Па-другое, у глыбока пакрыўджанай душы Ганны стрэмкай сядзела жаданне адпомсціць Васілю. На самой справе вельмі шкада, што час і абставіны апынуліся мацнейшымі за такое высокае пачуццё і што на яго долю выпала столькі пакут і выпрабаванняў… 

Аднак гэта гісторыя толькі запэўнівае нас, чытачоў, у тым, што каханне і шлюб па разліку нічым добрым не заканчваюцца. Насамрэч чым далей, тым болей праблем звальваецца на плечы такіх «закаханых», прычым з абодвух бакоў. І далейшы лёс Ганны і Яўхіма — выдатнае таму пацвярджэнне.

 Пра астатнія віды кахання вы можаце прачытаць на старонках лістападаўскага нумара.

Паліна ДВАРАНСКАЯ

11 «Філ» клас, ліцэй БДУ 

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

 

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *