Месца, дзе «Масіў імёнаў» назаўсёды застанецца за «Брамай памяці»
«Бярозка» рэгулярна расказвае пра падарожжы ўнутры і па-за межамі Беларусі. Мы пісалі пра гарады і прыроду краіны, паказвалі фотаздымкі з вандровак. Але ў асноўным гэта быў забаўляльны кантэнт. Зараз мы будзем расказваць і пра сакральныя месцы беларусаў. Помнікі, у якіх затоена наша гісторыя. Мемарыял «Трасцянец» — адзін з іх.
У пачатку Другой сусветнай вайны на паўднёвым усходзе Мінска фашысты пабудавалі канцэнтрацыйны лагер «Трасцянец». У ім змясцілі ваеннапалонных і мірных жыхароў. Усяго тут загінула больш за 206 тысяч чалавек.
22 чэрвеня, што сімвалічна, 2015 года на месцы канцлагера быў адкрыты мемарыял «Трасцянец». У яго пачатку стаіць дзесяцімятровы манумент «Брама памяці». Калі прыглядзецца, можна заўважыць абвітых жалезным дротам, зняможаных, як прывіды, людзей. Бачым чалавека, які хавае галаву рукамі, ратуецца; маці, якая спрабуе закрыць дзіця сабой, і астатніх з безнадзейнымі вачыма, што глядзяць у пустэчу…

Лагер меў агароджу з калючага дроту пад электрычным токам, вышкі для кругласутачнай аховы, узброенай кулямётамі і аўтаматамі, папераджальныя надпісы на нямецкай і рускай мовах: «Уваход у лагер забараняецца, без папярэджання будуць страляць!». Уздоўж стаялі вартавыя. Вакол усёй тэрыторыі знаходзілася вялікая колькасць агнявых кропак. Побач быў дот і земляныя валы. Зараз тут засталіся толькі бетонныя слупы па перыметры.
Факт
На тэррыторыі лагера месцілася аранжарэя. Зімой пасля расстрэлаў і крэмацыі жывых людзей немцы прыходзілі пагрэцца каля грубкі і з замілаваннем паглядзець на кветкі.
У 2019 годзе побач ўсталявалі яшчэ адзін помнік — «Масіў імёнаў». Ідэя належыць аўстрыйскаму архітэктару Даніэлю Занвальду, а створаны помнік беларускім скульптарам Канстанцінам Касцючэнка, які праектаваў «Браму памяці». Велізарны камень раскалоўся на 10 частак, што сімвалізуюць чыгуначныя саставы. На іх прыехала каля 10 тысяч аўстрыйцаў. Захаваліся спісы імёнаў, якія зараз і выгравіраваны на помніку.
У лагеры была вялікая праблема з ежай. На кухню ішлі адходы, з якіх гатавалася падабенства супу. Выдавалі яго раз на дзень. Ад 120 да 250 г хлеба, гарбата ці сурагат кавы з сахарынам — такім было меню занятых катаржнай працай вязняў. Зняволеныя галадалі. Рабочыя Мінскага хлебазавода шукалі магчымасць дапамагчы ім. І выйсце было знойдзена: у лагер хлебазавод адпраўляў мяздраную муку, непрыдатную для страўнікаў прадстаўнікоў «вышэйшай расы». Муку прасейвалі зняволеныя. І вось аднойчы яны выявілі ў муцэ кавалкі сапраўднага хлеба. З кожным прывозам колькасць іх павялічвалася. Так рабочыя Мінскага хлебазавода дапамагалі вязням стварыць запас хлеба і падтрымліваць паміраючых ад голаду людзей.
Даведка
«Трасцянец» аб’ядноўвае некалькі месц масавага знішчэння людзей: урочышча Благаўшчына – месца растрэлаў, уласна сам лагер – побач з вёскай Малы Трасцянец (10 кіламетраў ад Мінску па Магілёўскай шашы) і ўрочышча Шашкоўка – месца насільнай крэмацыі людзей.

Выходзіць з «Трасцянца» трэба па алеі. Дарога выбрукавана шэрай пліткай з украпінамі чорнай. Архітэктары ўкладвалі характэрны сэнс: чорная плітка сімвалізуе сляды зняволеных. На камянях уздоўж падрабязна распісана гісторыя лагера і гэтай сцежкі, па якой ішлі cотні тысяч людзей. І амаль ніводны з іх не выжыў. Больш за тое, перад смерцю іх яшчэ прымусілі высадзіць таполі, якія і зараз працягваюць шумець лістотай. Гэту алею назвалі «Дарога смерці».
Напрыканцы чэрвеня 1944, усяго за некалькі дзён да вызвалення Мінска камандуючы Генрых Зеетцэн загадаў знішчыць усіх палонных, якія на той час утрымліваліся ў лагеры, а гэта, удумайцеся (!), 6,5 тысяч чалавек. Іх змясцілі ў звычайны хлеў, расстралялі, а потым пабудову спалілі.
Нам было складана пісаць гэты тэкст, яшчэ больш складана — глядзець на помнікі тых жудасных часоў. Уявіць, што было тады, немагчыма. Бесчалавечныя факты нельга апраўдаць. Іх нельга забыць. І мы будзем памятаць, бо беларусы – носьбіты унікальнай сакральнай памяці. Мы захоўваем у сваіх сэрцах не толькі памяць аб загінулых родных нашых сем’яў, але і пра тых шматлікіх чужых людзей, якім была наканавана лёсам жудасная смерць на нашай зямлі. І пацверджанне гэтаму факту ёсць – мемарыяльны комплекс «Трасцянец».
Рэдакцыя часопіса «Бярозка»,
фота з інтэрнэт-крыніц
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
