Што падарыць геймеру на Новы год? Топ-3 гульні
Рубрыка: Level 80
Адыходзячы год дакладна застанецца ў гісторыі індустрыі відэагульняў, дзякуючы сваім гучным рэлізам. Акрамя мноства цалкам новых IP з высокімі адзнакамі, выйшла не менш рэмэйкаў класікі, якія таксама запалі ў сэрцы гульцам. Станоўча аднесліся да іх і крытыкі — паставілі мінімальныя адзнакі 8 з 10 магчымых. Таму мы вырашылі прапанаваць спіс навінак 2023-га ў якасці ідэй навагодняга падарунка для вашых сяброў-геймераў.
Пачнем з улюбёнкі многіх у гэтым годзе — Baldur’s Gate III. Калі вашаму сябру або сяброўцы падабаюцца гульні з глыбокай ролевай сістэмай — гэта дакладнае трапленне. Задачай распрацоўшчыкаў з Larian Studios было перадаць камп’ютарнаму гульцу атмасферу настольнай гульні Dungeons&Dragons, наколькі гэта наогул магчыма. Пры гэтым стваральнікі не пайшлі па шляху найменшага супраціву, пераносячы ўсё пад капірку з «настолкі». Яны ўмела пераўтварылі яе пад фармат відэагульні.
Возьмем больш канкрэтна: важкі складнік «ралёвак» — гэта дыялогі. Агучка ўсіх персанажаў і нават знакамітыя галівудскія акторы — ёсць; камера, якая пераскоквае з аднаго ўдзельніка размовы на іншага, падкрэсліваючы эмоцыі — таксама ёсць; персанажы не стаяць, быццам балванчыкі з рукамі па швах, а актыўна жэстыкулююць! Якраз гэтага не хапала традыцыйнай D&D. У нязменным выглядзе ад яе ўзялі тое, што працавала выдатна: прадуманы лор і незлічоную разнастайнасць жыўнасці, класы/прапампоўку персанажаў/баявую сістэму. У выніку нараджаецца мікс, непадобны на іншыя гульні. Такім чынам, Baldur’s Gate III — каштоўны падарунак таму, хто захапляецца выдатнымі гісторыямі і любіць паглыбляцца ў велізарныя фэнтэзійныя гісторыі.
Скачам наперад у часе, калі людзі нарэшце селі ў паветраныя аўтамабілі, — у 2077-ы. Няхай фармальна Cyberpunk 2077: Phantom Liberty — толькі дадатак, а не паўнавартасная гульня, не згадаць пра яго нельга. Кіберпанк, які выйшаў у 2020-м, стаў шмат для каго ударам пад дых з-за нявыкананых распрацоўшчыкамі абяцанняў і дрэннага тэхнічнага стану на старце. Але за тры гады гульню адпаліравалі, што змаглі — вярнулі, таму CD Projekt RED без каменя на душы ўзяўся за сюжэтнае пашырэнне гульні. І ведаеце, гэта адзін з самых файных шпіёнска-трылерных сюжэтаў у відэагульнях наогул! І не трэба згадваць нешта а-ля «Місія невыканальная» або «Джэймса Бонда».
Падзеі дадатка куды больш змрочныя і рэалістычныя. Канцоўка наогул дае выбар накшталт «пакіньце аднога чалавека, каб выратаваць пяць» (не спойлер, насамрэч выбар іншы). І добранька пагрузіўшыся ў гісторыю, вы і праўда седзіце над гэтым выбарам хвілін дзесяць, а зрабіўшы яго, разважаеце, ці правільна вырашылі. Сцэнарысты па-майстэрску ўвялі новых персанажаў, не звязаных з асноўнай гісторыяй гульні, і прымусілі верыць у іх існаванне, суперажываць ім. Адсюль такі эфект напрыканцы, вось ён, сапраўдны ўдар пад дых. Фінальны ролік наогул да мурашак прабірае. Адназначна раім тым, каму падабаюцца сюжэты, перапоўненыя інтрыгамі, шэрай мараллю, неадназначнасцю і з жудасна маляўнічымі фіналамі!
А пра апошнюю гульню вы можаце даведацца ў часопісе №12
Алена ШУХ, Сяргей СТАРЫЧОНАК,
фота з інтэрнэт-крыніц
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры