Беларускія настольныя гульні

Рубрыка: Level 80


На прыродзе, лецішчы, у дарозе ці ў кампаніі сяброў на зімовых вакацыях — настольныя гульні адназначна выйгрышны варыянт баўлення часу ў любым месцы. Вашай увазе прапаную агляд беларускамоўных варыянтаў, якіх, на маё здзіўленне, існуе нямала.

«Мова. Цудоўная»

Колькасць удзельнікаў: 2‒8

Вясёлая настолка, ў якой сабраны 100 цікавых слоў і незвычайных малюнкаў, змешчаных на адпаведнай колькасці картак. У гульні ёсць тры разнастайныя правілы, што і робіць яе цікавай. Гульцы павінны шукаць літары, адгадваць і выдумляць новыя словы. Дадаткам ідзе слоўнік, у якім месцяцца пераклады на рускую і англійскую мовы. Такі варыянт падарунка палепшыць вашыя веды беларускай мовы і зробіць маўленне больш разнастайным. Упэўнены, некаторыя словы стануць для вас адкрыццём.

«1514»

Колькасць удзельнікаў: 2‒6

Ці сапраўды назва гульні звязана з адной гістарычнай падзеяй? Безумоўна. Яе тэма прысвечана бітве пад Воршай, якая адбылася 8 верасня 1514 года. Удзельнікі могуць уявіць сябе на полі бою ў складзе войска аднаго з удзельнікаў канфлікту: ВКЛ або Маскоўскага княства. У свой ход гулец павінен кінуць кубік і перамясціць сваю фігурку на колькасць атрыманых  балаў. Далей трэба выконваць заданні на картках і прымаць удзел у баях з супернікамі. Перамогу атрымае той, хто будзе прытрымлівацца правільнай тактыкі. Гэты варыянт можа прывабіць сваёй тэматыкай, бо адразу пагружае ў атмасферу XVI стагоддзя.

«Flixa багацце»

Колькасць удзельнікаў: 2‒10

Гэта першая беларуская эканамічная гульня. Фанатам «Манаполіі» яна спадабаецца. Які прынцып? Гульцы павінны памножыць свой стартавы капітал, зарабіць грошы рознымі шляхамі: гандляваць на біржы, ствараць бізнес і працаваць на рынку нерухомасці. Яшчэ трэба займацца сур’ёзнымі справамі, напрыклад кіраваць рызыкамі і дыверсіфікаваць актывы, весці перамовы і інвеставаць у акцыі і аблігацыі.  Удзельнікі могуць ствараць свой капітал з дапамогай фондавага рынку, малога бізнесу, сферы паслуг, нерухомасці, страхавання. Я, напрыклад, вырашыў набыць «Flixa багацце», каб навучыцца гандляваць на біржы, рынку нерухомасці і ўсё ж такі адрозніваць крэдыты ад дэпазітаў.

«Тутэйшыя»

Колькасць удзельнікаў: 2‒6

Толькі ўявіце сабе, што магло б адбыцца, калі б знакамітыя беларусы розных часоў апынуліся ў XXI стагоддзі. На картках ўбачыце пісьменнікаў Уладзіміра Караткевіча,  Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янку Купалу, віцебскага мастака Марка Шагала, жонку Сігізмунда Бону Сфорцу. Як бы яны здолелі праявіць сябе, свой талент у наш час? Аднак некаторыя героі маюць двайнікоў. Таму трэба ўключыць кемлівасць і паспрабаваць знайсці іх. У гульні вы апынецеся ў ролі вядомага беларуса, якога чакаюць каверзныя пытанні і загадка, хто з супернікаў можа апынуцца ягоным двайніком.

«Дойліды»

Колькасць удзельнікаў: 1‒6

У мінулым сярод нашых продкаў было распаўсюджана дойлідства. Разнастайныя касцёлы, палацы — прыклад таму. Праўда ж, гучыць неверагодна. Адчуць сябе ў ролі дойліда якраз дапаможа аднайменная гульня. Але без перашкод тут не абыйдзецца. Напрыклад, пабудова будзе знаходзіцца не на вельмі зручным месцы. Будзьце ўважлівымі — і абавязкова пераможаце!

Іван ВАЛУЕЎ,

фота з інтэрнэт-крыніц

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *