Тонкі лёд

Вось і надышоў сакавік. Весела закапалі лядзяшкі, рыхлы снег хутка ператварыўся ў празрыстыя раўчукі. Першыя кветачкі-пралескі нясмела пацягнуліся да сонца белымі пялёсткамі. Маленькія птушкі радасна спявалі, цвіркалі і скакалі па галінках. Прачыналіся ад зімовага сну звяры і казуркі. Увесь лес адчуваў надыход вясны.

Ліс Яўхім са сваёю жонкаю Варварай жылі ў нары пад вялікай асінай. Кожную ноч ліс хадзіў на паляванне. Быў Яўхім хітры, смелы і ўдачлівы. Ежы ў лесе хапала, і заўсёды вяртаўся ліс са здабычай. Недалёка ад лесу была вёска, мясцовыя жыхары разводзілі ў сваёй гаспадарцы птушак і жывёл. Даведаўся пра гэта Яўхім і стаў заходзіць да іх. Спадабаліся лісу хатнія куры, качкі і гусі. Папярэджвала яго жонка, казала:

— Не трэба табе хадзіць да людзей і красці птушак. Адпомсцяць яны нам. Хапае ўсяго ў лесе. Ты і так у мяне найлепшы паляўнічы!

Але не слухаў Яўхім жонку. Хоць і не кожную ноч, ды ўсё ж забягаў ён у вёску па смачную куру. Вось аднойчы раніцай вярнуўся ліс з палявання і прынёс качку. Паглядзела Варвара, уздыхнула цяжка і падумала: «Што ж ты з ім зробіш? Ён жа пра сям’ю клапоціцца».

— Збірайся, жонка, пагуляем. Надвор’е добрае, сонейка грэе, птушкі спяваюць, — кажа Яўхім.

Адказала яму Варвара:

— Нешта неспакойна на душы ў мяне. Можа, застанемся сёння ў нары?

— Ды чаго ты хвалюешся? Мы далёка не пойдзем. 

Згадзілася ліса, ды і прайсціся па веснавым лесе самой хацелася. Ішлі яны павольна, грэліся на сонцы і не заўважылі, як падышлі да краю лесу. Кажа Варвара:

— Трэба вяртацца! Вунь і вёска побач.

— Канешне. Хадзем хутчэй назад, — адказаў Яўхім.

Раптам забрахалі ў вёсцы сабакі, мабыць, пачулі яны лісіны дух. Павыскоквалі кухматыя злыдні і пабеглі да лесу, а за імі — чалавек са стрэльбай. Пусціліся Яўхім і Варвара наўцёкі. Хоць і ведалі яны добра свой лес, але беглі сабакі па слядах. Што ж рабіць? Кажа Яўхім жонцы:

— Бяжы, Варвара, да нары! Я застануся і адцягну на сябе сабак, а потым схаваюся і абавязкова вярнуся.

— Я цябе не кіну, — адказала Варвара.

— Гэта мой загад. Я вінаваты, мне і адказваць! Не размаўляй. Я вярнуся!

Пабегла Варвара, а Яўхім застаўся чакаць. Выбеглі сабакі, убачылі ліса і кінуліся да яго.

— Час бегчы, — сказаў сабе ліс і пусціўся наўцёкі.

Чалавек бег следам, нешта крычаў і паліў са стрэльбы ў паветра.

У той час дзядуля Лясун сядзеў у хаце і піў гарбату з булачкай. Раптам пачуў ён стрэлы, ускочыў, паглядзеў у акенца і кажа:

— Нешта нарабілася ў лесе! Зноў людзі са стрэльбамі прыйшлі! Трэба бегчы, ратаваць звяроў ды птушак! Толькі ж куды? 

Хуценька Лясун апрануўся і выбег на двор. Падляцеў да яго чорны крумкач і пракрычаў:

— Сабакі гоняць ліса Яўхіма, і чалавек з імі!

— У які бок? — спытаў Лясун.

— Яны бягуць да ракі!

— Дзякуй табе, верны сябр! — крыкнуў дзядуля Лясун і паспяшаўся ратаваць ліса. 

Яўхім спрытна бег і думаў пра сябе: «Галоўнае — адвесці гэтых сабак далей ад нары. Варвара сапраўды ўжо схавалася. Але як ад іх адарвацца? А завяду я іх у пастку! Я ж хітрэйшы!» І пабег Яўхім да ракі. Лёд на рацэ ўжо стаў раставаць, і каля берага адкрылася вада. Але ліс быў лягчэйшы за двух сабак. Спадзяваўся ён, што перабяжыць рэчку, а цяжкія сабакі праваляцца ў ледзяную ваду. Падбег Яўхім да ракі, пачакаў, калі сабакі яго ўбачаць, і асцярожна ступіў на тонкі лёд. Нешта непрыемна захрабусцела пад лапамі, але назад шляху не было. Хуценька ліс перапоўз на таўсцейшы лёд, устаў на лапы і асцярожна пайшоў далей ад берага. З бадзёрым брэхам сабакі выбеглі з лесу, убачылі ліса і, не думаючы, кінуліся за ім. Тонкі лёд трэснуў, і кухматыя злыдні праваліліся ў ледзяную ваду. З лесу выбег чалавек, убачыў, што нарабілася, кінуў стрэльбу і пачаў ратаваць сваіх сабак. Пастка Яўхіма атрымалася. Пабег ён па лёдзе ўздоўж берага. 

Дзядуля Лясун дабраўся да ракі. Убачыў ён, як праваліліся ў ваду сабакі і як ліс пабег па лёдзе. Нешта непрыемнае адчуў ён у душы, быццам нешта здарыцца. 

Яўхім бадзёра бег, здавалася яму: усе беды скончыліся. Але раптам пабеглі ў розныя бакі расколіны. Не вытрымаў лёд і пачаў ламацца. Спужаўся спачатку ліс, але заўважыў на беразе Лесуна. Дзядуля махаў яму рукой і клікаў да сябе. Асцярожна Яўхім поўз па тонкім лёдзе. Вось і зусім трошкі засталося. Падзяляла яго і выратавальны бераг нешырокая праталіна з халоднай вадой. Вырашыў ліс пераскочыць праз яе, адштурхнуўся і скокнуў. Зусім трошкі не хапіла яму. Плюхнуўся Яўхім у ледзяную ваду. Дзядуля Лясун хуценька ўзяў доўгую галінку і працягнуў лісу. Той схапіў яе моцна зубамі. Выцягнуў Лясун мокрага Яўхіма, узяў яго на рукі і пабег да дому. Бяжаў дзядуля і супакойваў ліса:

— Пацярпі, даражэнькі, я цябе высушу і сагрэю. Усё будзе добра.

Забег Лясун у хату, выцер ліса ручніком, паклаў звера на цёплую печку, накрыў коўдрай, напаіў гарачай лекавай гарбатай.

— Вось і добра. Паляжы, Яўхімка, зараз сагрэешся. І ніякая хвароба да цябе не прыстане.

Паляжаў трошкі ліс і кажа:

— Сагрэўся я ўжо. Трэба мне да жонкі бегчы. Яна ж не ведае, што са мною здарылася, турбуецца. Дзякуй табе, дзядуля Лясун, выратаваў ты мяне. 

— Бяжы, Яўхім, і не хадзі больш у вёску. Наклічаш бяду на наш лес! Ад людзей няма чаго добрага чакаць.

Узмахнуў ліс пухнатым хвастом і пабег дадому, да жонкі Варвары.

Чытайце іншыя казкі на старонках «Бярозкі»!                                                            

Андрось ЧАБАРОК,

 фота аўтара

Набыць электронны часопіс

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *