Міфічны агляд. «Цені дзікага палявання» ўжо побач…
Рубрыка «Кнігавулей»
Як мы даведаліся ў мінулым нумары, «Аверсэв» цэлы год выдае прозу сучасных беларускіх аўтараў і не плануе спыняцца! Мяркую, што хутка выйдуць новыя зборнікі самых цікавых твораў таленавітых пісьменнікаў.
Гэтым разам у мае рукі трапіла кніга з назвай «Цені дзікага палявання».
Я адразу заўважыла сугучнасць з «Дзікім паляваннем караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча — і гэта назва, як і вокладка, была выбрана наўмысна, каб пагрузіць чытача ў агульную атмасферу зборніка. Для афармлення ведавецтва знарок выбрала ілюстрацыю да паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» — «На паляванні» мастака Васіля Шаранговіча. Малюнак быццам падказвае, што тэксты зборніка будуць, як і ў Міцкевіча, прасякнуты рознымі народнымі звычаямі, легендамі, міфамі, паданнямі, фальклорнымі звесткамі. Акрамя таго, у зборніку ёсць прамыя спасылкі на Уладзіміра Караткевіча і Яна Баршчэўскага, у тэксце згадваюцца і іншыя славутыя аўтары беларускай літаратуры, яны становяцца не проста гістарычнымі асобамі, але і героямі твора. Тое ж самае і з міфалагічнымі істотамі — яны жывуць не ў іншым свеце, а прама тут, побач з намі! Алесь Кажадуб, Людміла Рублеўская і Ганна Навасельцава ў «Ценях дзікага палявання» паказваюць, наколькі міфічнае можа быць рэальным — ісці па жыцці побач з сучасным чалавекам, падказваць, дапамагаць і перасцерагаць.
Вам падабаюцца беларускія міфы? Алесь Кажадуб дакладна ведае, як расказаць цікавую гісторыю пра лесавіка. Твор пра тое, як людзі і ўладар лесу залежаць адзін ад аднаго, хоць жывуць асобна і выконваюць розныя функцыі. Напрыклад, чалавек займаецца сваім асабістым жыццём. А вось лесавік ужо сочыць, каб жыў лес і ўсё тое, што існуе ў ім. Нават калі гэта чалавек. Яны былі падобнымі: «лесавік не быў зверам, і канешне, ён не быў чалавекам. Хаця адзін пра аднаго яны ведалі». Зусім не любіў лясун, калі «чалавек з’яўляўся каля ягонага жытла», таму што людзі заўсёды турбавалі ягоны спакой. Алесь Кажадуб паведаміць вам прыкметы, якія ведае толькі лесавік і некаторыя людзі, напрыклад, «ластаўкі нізка лётаюць — дождж будзе». Растлумачыць, чым важна для людзей і лесу Купалле і іншыя святы, такія як Васілёў вечар, Вялікі чацвер, Вялікдзень. Пазнаёміць з беларускім пантэонам. А таксама ўзняты будуць такія вечныя тэмы, як жыццё і смерць, любоў і каханне. Самае галоўнае, што стварыла перашкоду спакойнаму жыццю лесавіка, — маладая дзяўчына, якая здагадалася, што той жыве і пануе ў лесе, і вырашыла яго знайсці, пасябраваць з ім. Чытач можа прасачыць, як лесавік становіцца чалавеку блізкім, зразумелым і рэальным.
Вам падабаецца атмасфера прозы Уладзіміра Караткевіча? Твор «Ночы на Плябанскіх млынах» Людмілы Рублеўскай вас зачаруе! Той жа самы фалькларыст, пан Беларэцкі, якога мы ведаем з «Дзікага палявання караля Стаха», тыя ж самыя містычныя гісторыі, але ж герой наш пасталеў, вакол яго сядзяць дзеці, на дварэ рэвалюцыя. Па-за межамі дома, які стаіць у цэнтры мястэчка, шукаюць здраднікаў камунізму. А ў хаце, запаліўшы свечкі, сябры сядзяць у адным пакойчыку, п’юць верасовую гарбату з сухарамі і расказваюць адзін аднаму гісторыі. У кожнага з герояў была свая містыка ў жыцці. Магчыма, людзі ствараюць міфы для радзімы, каб рабіць яе гісторыю цікавейшай. Але ж у кожнага з тых, хто распавядае…
Працяг чытайце на старонках «Бярозкі»!
Ганна БЕЛАЯ
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны