Вялес. «За старанне і ўпартасць мог узнагародзіць талентам»
Рубрыка «Міфалогія»
Існуе паданне, што падчас святаў на зямлі сыходзяцца тры светы: багоў, людзей і памерлых. Прайсці праз іх цяжка і магчыма нават не ўсім. Але сярод беларускіх багоў быў той, хто мог вольна вандраваць паміж імі.
Вялес — магутны бог-пярэварацень, які валодаў таемнымі ведамі.
Ён вядомы ўсім як скоцкі бог і адзін з галоўных у паганскім пантэоне, але насамрэч яго магчымасці больш шматгранныя.
Ён меў некалькі постацей: у чалавечай уяўляў сабой дужага мужчыну ва ўзросце з доўгай сівой барадой, а пераўвасабляючыся ў звера, — мядзведзя з прыгожай карычневай поўсцю. Таксама мог ператварацца ў воўка, змяю, дрэва і любую іншую істоту, якая падыйдзе, каб выканаць задуманую справу.
У тыя старадаўнія часы, калі нашы продкі верылі ў сілу і дапамогу бостваў, лічылася, што менавіта Вялес падтрымлівае парадак ва ўсім свеце. Старажытныя беларусы атаясамлівалі яго з мудрасцю, ведамі, аховай жывёл і прыроды. Менавіта таму ён мог з’явіцца дзе заўгодна ў любым абліччы, бо павінен быў заўсёды сачыць за парадкам.
Таксама лічылася, што Вялес падтрымлівае тых, хто звязвае сваё жыццё з пошукам ведаў і іх распаўсюджваннем. Таму яго яшчэ называлі заступнікам мудрацоў, жрацоў і настаўнікаў. Пад яго заступніцтвам знаходзіліся і таленавітыя людзі, калі ён бачыў у чалавеку старанне і ўпартасць, мог узнагародзіць яго пэўным талентам.
Да яго звярталіся за падтрымкай вандроўнікі і заблукалыя. Так, легенда пра стварэнне Брэста распавядае пра купца, які збіўся з дарогі і амаль загінуў у багністых месцах. Але з дапамогай бяросты ён выклаў сабе шлях і ўратаваўся. Праз пэўны час ён вярнуўся і паставіў на тым месцы капішча Вялеса, дзе з часам і ўзнікла паселішча — сённяшні Брэст.
Такіх гісторый налічваецца шмат, велесавы камяні і ідалы размяшчаліся па ўсёй тэрыторыі Беларусі, некаторыя захаваліся па сёння.
Цікавай з’яўляецца традыцыя «вялесавых бародак». Лічылася, што заўсёды неабходна пакідаць нязжатае калоссе «Вялесу на бародку», тады ён будзе міласцівы і падорыць гаспадарам добры пладавіты год.
Калі вы ўсё яшчэ сумняваецеся ў шматграннасці Вялеса, тады пазнаёмімся з двума абліччамі бога.
Навукоўцы падкрэсліваюць адзіную этымалогію слоў «Вялес» і «волат». І цікава тое, што акрамя этымалогіі яны падобны шматлікімі момантамі. Па паданнях, волаты выйшлі з вады, калі свет толькі ствараўся. Вялес таксама звязаны з вадой, балотамі і нізінамі. Яго ідалы заўсёды знаходзіліся ў нізінах і каля рэк. Праз гэта замацавалася версія, што першым волатам на зямлі быў менавіта Вялес. Таму яго яшчэ лічаць канкурэнтам Перуна. Бо, з’явіўшыся з багны як чортава стварэнне, ён быццам бы супрацьстаяў Перуну ў часы, калі свет толькі ствараўся.
Іншыя абліччы Вялеса — гэта Уласій Севасційскі і Мікола Цудатворца, ці Мікола Мірлікійскі. Яны ўвасобілі ў сабе ўсе якасці і сферы ўплыву Вялеса, акрамя магчымасці ператварацца ў іншыя постаці. А ўсё праз тое, што пасля прыняцця хрысціянства на беларускіх землях яшчэ доўга захоўваліся паганскія традыцыі. Па адной з версій, хрысціянскія святыя выконвалі функцыі Вялеса, каб насельніцтву было прасцей прыняць новае веравызнанне. Па іншай — гэта спроба замаскіраваць паганскага бога пад хрысціянскія каноны і працягнуць пакланяцца сваім ідалам легальна. Існуюць звесткі пра тое, што на месцах, дзе раней размяшчаліся ідалы Вялеса, узводзілі цэрквы Міколы Мірлікійскага і нават пераймяноўвалі населеныя пункты.
Але ўсё ж такі ўшаноўваюць Вялеса і сёння. Чацвер на масленічным тыдні ў народзе называюць «тлусты», або «Аўлас» ці «Улас», але ранейшая назва — «Валоссе» — усё адно прасочваецца. У народзе кажуць так: «на Уласа бяры каўшом масла». Чаму ж на Уласа, вы ўжо ведаеце. Таксама лічыцца, што ў гэты дзень Вялес канчаткова праганяе зіму.
Нягледзячы на тое, што традыцыя ўшанавання Вялеса не дайшла да нашых дзён у самастойным выглядзе, яго ўплыў застаецца адназначным. Ён назаўсёды ўвайшоў у беларускую культуру, захаваўшыся ў шматлікіх назвах і месцах. Вялесавы камяні па сёння прымаюць гасцей і іх падарункі. Адзін з такіх камянёў знаходзіцца ў парку валуноў у Мінску. Калі звярнуць ўвагу, на алтарным камені можна знайсці манеты, упрыгожванні і розныя прысмакі. А колькі яшчэ такіх камянёў захоўваецца ў глухіх лясах Беларусі? Многія і да гэтага часу вераць у сілу магутнага бога гармоніі і таемных ведаў і моляцца пра выздараўленне, дабрабыт і сямейнае шчасце.
Чытайце іншыя гісторыя беларускіх Багоў на старонка «Бярозкі»
Софія ТУРОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны