«Persona», «Elden Ring», «Fatal Frame»: адметныя рысы японскiх гульняў
Існуе дзве, так бы мовіць, «традыцыі» стварэння гульняў: заходняя (частка Еўропы, Паўночная Амерыка) і ўсходняя (Японія, Кітай і Карэя). Першай камп’ютарнай гульнёй з’яўляецца «Pong», і створана яна была амерыканцам Уільямам Хігінботамам. Першая хатняя кансоль таксама родам з Амерыкі. Зразумела, не японцы прыдумалі тэхналогію, але менавіта іхнія гульні стварылі жанры, механікі і асновы індустрыі. Напрыклад, усім вядомыя «Pac-Man» і «Super Mario Bros». У гэтым матэрыяле мы хочам пазнаёміць вас з трыма японскімі гульнямі, пашырыўшы такім чынам ваш гульнявы кругагляд!
Пачнем з такой рэчы, як JRPG — Japanese role-playing game (японская ролевая гульня). У чым асаблівасці непасрэдна «японскай» ралёўкі? Разбяром на прыкладзе выдатнай гульні «Persona 5 Royal». Па-першае, прапампоўка — гэта важкая частка працэсу. Персанаж і «пацi» (ягоныя сябры) увесь час атрымліваюць досвед і павялічваюць узровень. Галоўны персанаж, экіпіроўка, падапечныя, мангавы сок у кішэнях — усё пампуецца!
Другі пункт, які iдзе з першага і наадварот, — баёўка. Яна часцяком пакрокавая, але можа ўяўляць сабой слэшар (японская «DMC») або beat ‘em up (серыя гульняў «Yakuza»). У «Персоне» яна пакрокавая. Вам даюць кіраваць японскім школьнікам, у якога па волі выпадку з’явіліся звышнатуральныя сілы. Па ходзе прыгоды вы знаходзіце такіх жа адораных рабят, якія пачынаюць змагацца за вас.
Трэці пункт — сюжэт. На яго робіцца вялізны ўпор. У межах адной сесіі вы можаце разрагатацца да слёз, заплакаць да сопляў, а потым — згубiцца ў разважаннях пра сэнс жыцця на некалькi гадзiн. Пра персанажаў і казаць няма чаго — вы нідзе ў гульнях не знойдзеце настолькі падобных да жывых людзей герояў! Наратыў японскіх ралявух ахоплівае велізарную колькасць тэм і, калі гульня добрая, умела іх раскрывае. У «Persona 5» вы сутыкнецеся з сацыяльнай няроўнасцю, дамаганнямі з боку настаўнікаў, будзеце выкрываць мастакоў, якія сталі славутымі праз плагіят
Чацвёрты пункт лагічны з боку трэцяга. Калі ў нас такі шырокі сюжэт, які закранае ўсё-ўсё, то што па агучцы? Яе альбо зусім няма, альбо яна суправаджае важныя сюжэтныя моманты. Да прыкладу, у «Персоне», калі вы шпацыруеце пасля школы са сваімі сябрамі па Токiа, іх дыялогі наўрад цi будуць агучаныя — толькi тэкст. Але вось у межах асноўнага сюжэту ўсе дыялогі маюць шыкоўную агучку. Гэтыя чатыры пункты — аснова амаль любой японскай ролевай гульні.
А пра «Elden Ring» і «Fatal Frame» чытайце на старонках часопіса
Алена ШУХ, Сяргей СТАРЫЧОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны