Рубрыка «HIST»

КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ РАДЗІВІЛАЎ

У гісторыі Беларусі было шмат вядомых да сённяшніх дзён магнацкіх родаў — Сапегі, Пацы, Агінскія, Чартарыйскія… Але род Радзівілаў — самы вядомы. Чаму? Праз сваю заможнасць, магутнасць, веліч і вялікую колькасць легенд. Жылі яны не толькі ў Нясвіжы — іх рэзідэнцыі сустракаюцца на тэрыторыі многіх краін. А ў 1518 годзе яны нават атрымалі княскі тытул Свяшчэннай Рымскай імперыі. Цікава? Тады пагружаемся ў гісторыю Радзівілаў!

ПАХОДЖАННЕ

Пра паходжанне Радзівілаў існуе некалькі версій, многія з якіх хутчэй за ўсё з’яўляюцца легендамі. І гэта нядзіўна, бо іх гісторыя пачынаецца з далёкіх ад нас часоў. Генеалогія Радзівілаў выводзіць род з вышэйшага жрэцкага саслоўя паганскай Літвы, родапачынальнікам якога быў жрэц Ліздзейка. У яго быў сын Сірпуціс, які згадваецца ў летапісах яшчэ ў 1380 годзе. Большая частка сучасных даследчыкаў лічыць, што ён і з’яўляецца родапачынальнікам Радзівілаў.

У Сірпуціса быў сын Осцік, які хрысціўся пад імем Хрысціян і ў 1401 годзе падпісаў разам з бацькам Віленска-Радамскую унію. Ды і ўвогуле Осцік быў важным дзяржаўным дзеячам, кашталянам сталіцы ВКЛ — Вільні. У пачатку XV стагоддзя ў яго нарадзіўся сын, якога назвалі Радзівілам. Непасрэдна ад яго і пайшоў вядомы нам род. Характэрны канчатак слова «Радзівіл»  (аднагучныя — Эрдзівіл, Мантывіл і іншыя) сведчыць пра глыбокую старажытнасць роду. 

ВЯДОМЫЯ ПРАДСТАЎНІКІ

На генеалагічным дрэве роду, якое вядуць нашчадкі Радзівілаў, каля 460 імёнаў. Упэўнена, вы чулі мянушкі многіх з іх. Давайце ж згадаем самых папулярных прадстаўнікоў адносна беларускіх зямель.

Юры Радзівіл Геркулес (1480–1541) — гетман, ваявода, кашталян і нават падчашы (прыдворная пасада, віначэрпій) ВКЛ. З’яўляўся адным з найбагацейшых магнатаў княства і валодаў вялікай (вельмі) колькасцю сядзіб у розных кутках Беларусі. Праславіўся перамогамі ў 30 бітвах, за што і атрымаў адпаведную мянушку.

Мікалай Радзівіл Руды (1512–1584) — сын Геркулеса, займаў тыя ж пасады, што і бацька. Быў князем Свяшчэннай Рымскай імперыі. Мікалай быў стрыечным братам вялікага канцлера літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. Для таго, каб не блытаць цёзак, братам і  далі мянушкі Руды і Чорны — па колеры валасоў.

Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565) — яскравы культурны дзеяч ВКЛ, мецэнат, канцлер. У той час магнаты ВКЛ актыўна змагаліся з паланізацыяй і акаталічваннем беларускіх зямель, і Мікалай Чорны быў важным звяном у барацьбе за незалежнасць і самабытнасць княства. Ён быў прыхільнікам кальвінізму, адной з плыняў эпохі Рэфармацыі. Рэфармацыя — гэта рэлігійны рух, прадстаўнікі якога выступалі супраць празмернасцяў рымска-каталіцкай царквы. Прыход эпохі на тэрыторыю Беларусі стаў адным з прадвеснікаў міру, рэлігійнай талерантнасці і росквіту культуры. Гэты час ў гісторыі ВКЛ нават празвалі залатым векам. Чорны ў тыя часы быў мецэнатам — пад яго апекай дзейнічалі друкарні ў Брэсце і Нясвіжы. Першая друкаваная кніга на тэрыторыі Беларусі выйшла менавіта ў яго тыпаграфіі. Важна адзначыць, што тады на тэрыторыі Беларусі распаўсюджваліся і ідэі эпохі Адраджэння, таму ў тыпаграфіях друкавалася не толькі рэлігійная і палемічная, але ўжо і свецкая літаратура.

Барбара Радзівіл (1520–1551) — тая самая Чорная панна Нясвіжа, сястра Мікалая Радзівіла Рудога і Мікалая Радзівіла Чорнага. Барбара і вялікі князь Літоўскі Жыгімонт II былі шчыра закаханыя, а гэта, паміж іншым, у той час было рэдкасцю. Аднак каханню супрацьстаяла маці караля Бона Сфорца і польская шляхта, якія не хацелі выпускаць ВКЛ з-пад паланізацыі. Вынік мы ведаем: Барбара памерла. З’яўляліся гіпотэзы пра атручэнне Барбары Бонай, вядомая легенда пра прывід Барбары ў Нясвіжскім палацы паслужыла матэрыялам для вялікай колькасці мастацкіх твораў на беларускай, польскай і літоўскай мовах. Дарэчы, пасля смерці Барбары Бона і Жыгімонт так і не памірыліся. Маці князя з’ехала на радзіму, у Італію, дзе памерла ў адзіноце. Лічыцца, што яе таксама атруцілі. Іронія лёсу…

Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка (1549–1616)  — сын Мікалая Радзівіла Чорнага. Займаў мноства пасад у ВКЛ. Менавіта па яго звароце Стэфан Баторый даў Нясвіжу Магдэбургскае права. Ён напісаў дзённік падарожжаў па Блізкім Усходзе і выдаў у 1601 годзе пад назвай «Перэгрынацыя» — адзін з першых твораў літаратуры падарожжаў ва ўсім княстве. Кніга была перакладзена на розныя мовы і стала сапраўдным бестселерам. Што датычыцца мянушкі «Сіротка», яе Мікалай Хрыстафор атрымаў у раннім дзяцінстве. Паводле легенды, аднойчы кароль Жыгімонт II Аўгуст сустрэў у адным з пакояў Радзівілаў пакінутае без нагляду дзіця, пасля чаго сказаў: «Ах ты, мой бедны, ўсімі забыты сіротка!»

Януш Радзівіл (1612–1655) — займаў мноства пасад, але найбольш праславіўся як вялікі гетман літоўскі. З’яўляецца адным з самых вядомых палкаводцаў за ўсю гісторыю ВКЛ, валодаў вялізнымі тэрыторыямі. Гэта той самы Радзівіл, які падавіў вядомае казацка-сялянскае паўстанне 1648–1651 гадоў. Быў настолькі ўплывовы, што падпісаў Кейданскую унію, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае выходзіла з Рэчы Паспалітай (федэратыўнага саюза з Польшчай) і ўступала ў саюз са Швецыяй. Аднак гэтая дамова так і не была рэалізавана.

Ганна Кацярына Радзівіл (1676–1746) — на момант смерці мужа яе сям’я знаходзілася ў стане фінансавага краху. Выйсцем з эканамічнага крызісу стала стварэнне першых на тэрыторыі Беларусі мануфактур — прадпрыемстваў, заснаваных на ручной дзейнасці, дзе існуе падзел працы на асобныя вытворчыя аперацыі. Тут вырабляліся прадукты са шкла, дываны, шпалеры, сукно, фарфор, карэты, гадзіннікі, мэбля, більярдавыя кіі, жэтоны для гульні, упрыгожванні, шаблі і іншае. Гэта аказала каласальны ўплыў на прамысловае развіццё беларускіх зямель. Акрамя гэтага, Ганна Кацярына актыўна займалася мецэнацтвам. Па яе загадзе былі адчынены школы, у якіх рыхтавалі мастакоў і рамеснікаў, школа і шпіталь для сірот. Такі клопат аб сіротах звязаны хутчэй за ўсё з тым, што 11 з 17 дзяцей Ганны Кацярыны памерлі. Праз свой цяжкі, але годны лёс у гісторыі Беларусі яна вядома як «Чорная дама».

Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька (1702–1762) — сын Ганны Кацярыны Радзівіл, паралельна займаў вышэйшыя пасады Вялікага Княства Літоўскага. Актыўна працягваў справу маці і заснаваў вялікую колькасць мануфактур. Шмат чаго зрабіў для Нясвіжа: аднавіў замак пасля яго разбурэння шведамі падчас Паўночнай вайны, у цяжкія для дзяржавы часы аднавіў дзейнасць Нясвіжскай друкарні. Разам з жонкай Уршуляй арганізаваў не толькі тэатр, але і музычную, вакальную, балетную школы. За свае заслугі Міхаіл Казімір ўзнагароджаны некалькімі вышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі не толькі ад Рэчы Паспалітай, але і ад Баварыі, і ад Расійскай імперыі. А мянушку атрымаў за тое, што менавіта словам «рыбанька» звяртаўся да сваіх суразмоўцаў.

Геранім Фларыян Радзівіл (1715–1760) — сын Ганны Радзівіл, заснавальнік слуцкага тэатра Радзівілаў, а таксама мануфактуры, дзе ствараліся знакамітыя слуцкія паясы. Хоць ён і спрыяў культурнаму і прамысловаму развіццю дзяржавы, аднак быў залішне жорсткім і эксцэнтрычным, прытрымліваўся выключна сваіх інтарэсаў. Па яго загадзе былі пабудаваны астрогі, у якіх мог апынуцца любы чалавек, які выклікаў незадаволенасць магната. Садызм быў прычынай двух яго разводаў, нашчадкаў пасля сябе Геранім не пакінуў. У грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай амаль не ўдзельнічаў.

Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку (1734–1790) — сын Міхаіла Рыбанькі. Караль і яго брат былі адзінымі нашчадкамі Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, якія перажылі дзяцінства. У сувязі з гэтым бацькі патуралі слабасцям дзяцей, у тым ліку і нежаданню вучыцца. Радзівіл быў празваны згодна з яго любімым зваротам — «Пане каханку», што азначае «мой ветлівы». Па іншай версіі, мянушку ён атрымаў за частыя заляцанні да прадстаўніц супрацьлеглага полу.  Быў гумарыстам і улюбёнцам шляхты. Караль валодаў мноствам тэрыторый ВКЛ, а яго прыбытак быў роўны штогадовым паступленням у казну ВКЛ, хоць гэта і не перашкаджала яму перыядычна скардзіцца на ўласную беднасць.

Працяг чытайце ў майскім нумары…

Аліна ПАСАВЕЦ,

Фота з інтэрнэт-крыніц

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *