Зайчыха Люся
Стомлены заяц Кузька сядзеў на пянёчку і рабіў кошык. Шчырае красавіцкае сонейка грэла некалі бесклапотнага зайца. Кожны дзень бегаў ён па лесе ў пошуках ежы і, канешне, не вяртаўся з пустымі лапамі.
— Кузя, — звярнулася Люся да мужа, — слухай, што скажу. Прынеслі сарокі вестку, што захварэла мая цётка Муся. Трэба збегаць да яе ды занесці лекавыя зёлкі. Дзетак я ўжо пакарміла. Ты не хвалюйся. Я хуценька: туды і назад.
Кузя паглядзеў на жонку сур’ёзна і кажа:
— Канешне, збегай. Але абыходзь поле. Сёння дзень такі ясны быў, значыць, і месяц на небе свяціць будзе.
— Я ўсё разумею, буду асцярожнай і да раніцы вярнуся, — бадзёра адказала Люся і знікла ў начным лесе.
Бегла зайчыха ціха і хутка. Лес быў поўны гукаў: на балоце спявалі цвыркуны і жабкі, ціхенька папісквалі кажаны, недзе далёка ухаў пугач. Добра ведала Люся ўсе сцежкі ў лесе і хуценька дабралася да цёткі Мусі. Узрадавалася цётка і кажа:
— Прывітанне табе, даражэнькая1 Здарылася нешта?
— Канешне здарылася, — адказала Люся. — Ты захварэла, а дапамагчы няма каму. Вось прынесла табе лекавыя зёлкі дзеда Лесуна, пап’еш і адразу ачуняеш.
— Дзякую табе шчыра. Садзіся, павячэраем ды пагаворым.
— Дзякуй, цётка, ды трэба бегчы дадому. Пакінула зайчанят на Кузю, але на сэрцы нешта трывожна. Каб чаго не здарылася.
— Ну, бяжы і будзь асцярожнай.
Толькі накіравалася Люся дадому, як пачула ваўчынае выццё. Гук даносіўся здалёк, але ў напрамку яе шляху. Значыць, трэба абыходзіць праз поле. Часу на роздум не было. Пабегла Люся хутка. Хіба гэта ў першы раз? Чаго баяцца? Высока ў небе нехта рассунуў хмаркі, з’явілася поўня, і адкрылася ўсё як на далоні. Хутка пачула зайчыха плясканне крылаў і вуханне пугача. Азірнулася яна і ўбачыла ў небе жудаснага драпежніка. Куды схавацца? Няма вакол нічога. Застаецца толькі бегчы! Кінулася бедная Люся з усіх лап наўцёкі.
Пугач вырашыў пагуляць са сваёй ахвярай: то падляціць да зайчыхі з рогатам, то зноў уверх узляціць. Быў ён упэўнены: нікуды зайчыха ад яго не дзенецца. Да лесу яшчэ было далёка, і вырашыла зайчыха даць бой пугачу. Перавярнулася яна на спіну, прыціснула заднія лапы і стала чакаць. Убачыў гэта пугач і вырашыў, што стамілася зайчыха і бегчы болей не можа. Узрадаваўся ён, выставіў наперад лапы з вострымі кіпцюрамі і каменем зваліўся ўніз. І толькі накрыў драпежнік зайчыху, як атрымаў удар моцных лап. Разляцеліся ў розныя бакі крывавыя пёры. Кубарам пакаціўся пугач, заляпаў па зямлі крыламі, закрычаў жаласна ад болю, падрыгаўся некалькі разоў і заціх. Ускочыла Люся на лапы і хутка пабегла далей. Сэрца так і стукала ад перажытага жаху. Вось і лес, а там дрэвы схаваюць.
А ў той час Кузя прачнуўся ад кашмару. Прыснілася яму нешта чорнае, з вялізнымі вачамі, крывымі кіпцюрамі і адкрытай пашчай. Аглядзеў ён хату: дзеткі спяць, а жонкі яшчэ нама. «Няўжо бяда здарылася з Люсяй?» — падумаў Кузя. — «Што ж рабіць? Дзетак адных не пакінеш, а трэба бегчы шукаць жонку». Вылез заяц ціхенька з нары, паглядзеў у цёмны лес, прыслухаўся. Цішыня вакол. Чуваць толькі спевы цвыркуноў. Вось пачуў ён няспешныя крокі. Нехта ішоў па лесе на дзвюх нагах. «Паляўнічы?» — у страху падумаў Кузя. — «А чаго ён будзе ноччу блукаць? Трэба пачакаць і паглядзець, хто гэта». Праз некалькі хвілін убачыў заяц знаёмы вобраз: невялікага росту, доўгая барада, кій у руцэ. Канешне, гэта дзядуля Лясун! Падбег да яго Кузя, распавёў пра жонку, пра сон. Спытаў, ці можа дзядуля даглядзець маленькіх зайчанят.
— Канешне, бяжы хутчэй. Але думаю, што ўсё ў яе ўжо добра, — адказаў упэўнена Лясун.
Пабег Кузя на пошукі жонкі. А куды бегчы і сам не ведае. Стаў прыслухоўвацца. Цішыня, толькі ветрык калыша галінкі на дрэвах. Вось пачуў ён, што бяжыць нехта, і крокі такія знаёмыя. Гук набліжаўся да яго. Праз некалькі хвілін убачыў шчаслівы заяц сваю жонку. Пабег Кузя насустрач Люсі. Абняў яе моцна і сказаў:
— Больш адна нікуды не пойдзеш! Будзем усюды толькі разам.
— Паглядзім, даражэнькі, — стомлена адказала жонка.
І пайшлі яны павольна дадому. Сустрэў іх дзядуля Лясун і кажа:
— Вось і добра. Усе жывыя і здаровыя! Дзеткі вашы спяць, ды і вам трэба адпачыць. А я яшчэ пагуляю. Ночка сёння такая цёплая. Ды нешта не спіцца мне.
Распавяла Люся пра свае ліхтугі: пра ваўкоў, пра пугача. Слухаў Кузя і захапляўся сваёй жонкай.
Чытайце іншыя казкі на старонках часопіса!
Андрось ЧАБАРОК
Малюнкі Аліны Пасавец
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны