Булгакаў, Караткевіч, Шміт і «Біблія», якая іх аб’ядноўвае

Рубрыка «Белліт» 

Ці ведаеце, якая кніга самая папулярная і мае самы масавы тыраж? Вядома, Біблія — адзін з самых старажытных помнікаў пісьменства.

Біблія — гэта слова ў множным ліку. Перакладаецца з грэчаскай як «кнігі». Таму што Біблія — гэта, лічы, цэлая бібліятэка. Не верыце? Знайдзіце дома гэтую кнігу, паглядзіце, колькі ў ёй старонак і падлічыце, колькі кніг яна б заняла, калі б друкавалася на звычайнай, а не на вельмі тонкай папіроснай паперы. Улічваючы, што раней папера была яшчэ таўсцейшай, а да таго ўвогуле выкарыстоўваўся пергамент, то поўная Біблія займала цэлую кніжную паліцу. Што ў вас на паліцы? Гістарычныя раманы, вершы, гумарыстычныя зборнікі? У Бібліі таксама гэта ўсё ёсць — ад заканадаўчых актаў да любоўнай лірыкі. Давайце ж разбірацца.

Пра Стары і Новы Запавет

Уся Біблія дзеліцца на Стары Запавет і Новы. Стары Запавет напісаны раней, па ім жылі іўдзеі ў часы Хрыста, па ім жывуць і зараз. Ён складаецца з 39 кніг, якія разбіваюцца на тры групы. Першая — Тора, альбо Закон, альбо яшчэ — Пяцікніжжа Маісея, ці проста Пяцікніжжа. Менавіта ў Торы выкладзены асноўныя запаветы — і тыя 10, якімі карыстаюцца хрысціяне, і тыя 613, якія лічацца абавязковымі для іўдзеяў. Гэта першыя пяць кніг — Быццё, Выхад, Лявіт, Лікі, Другі закон. Назвы ім дадзены папросту па першым слове кнігі. Напісаны яны былі так даўно, што людзі не задумваліся, каб даваць яшчэ нейкую назву, — кнігі і кнігі. Другая частка — гэта Прарокі. Часта яны напісаны ад першай асобы, і, мабыць, прарокаў можна параўнаць з сучаснымі публіцыстамі, якія горача і часта з перабольшваннямі абвінавачваюць сучаснікаў у абыякавасці і эгаізме. Зразумела, што кнігі гэтыя пісаліся рознымі людзьмі на працягу некалькіх соцень гадоў. Так што ў іх і розны стыль, і розныя тэмы.

Самая цікавая частка Старога Запавету — гэта Пісанні. У іх уваходзяць як гістарычныя хронікі, такія як Кнігі Царстваў, так і мастацкія творы. Напрыклад, кароткая гісторыя пра Руф — маладую ўдаву, якая вырашыла пасля смерці мужа не вяртацца да маці, а застацца са свякроўю. Ці гісторыя прарока Іоны. Яна сапраўды смешная і расказвае пра чалавека, які спрабуе дамовіцца з Богам — прыкладна як вы з настаўнікам, каб не выконваць заданне, ці хаця б выконваць не ў поўным аб’ёме, і атрымаць нармальную адзнаку. А яшчэ — Песнь Песняў — інтымная лірыка. Эклезіяст — філасофскія разважанні, кніга Іова, абапіраючыся на якую Гётэ ствараў пралог да «Фаўста».

Новы Запавет пачынаецца з чатырох Евангелляў. Гэта аповеды пра жыццё Ісуса Хрыста. І напісаны яны, вядома, пасля таго, як ён жыў. А паколькі ад яго нараджэння мы і адлічваем нашу эру, то відавочна, што Евангеллі напісаны прыкладна ў I–II стагоддзях нашай эры.

І пачынаючы з гэтага часу Біблію спрабавалі перапісаць многія.

«Евангелле ад Іуды» 

«Евангелле ад Іуды» — гэта падзагаловак кнігі Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Спачатку гэта быў кінасцэнарый, па ім на «Беларусьфільме» знялі стужку «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка». Што цікава, раман скончаны вясной 1966 года, а ў канцы гэтага года ў часопісе «Масква» з’явіліся першыя главы рамана «Майстар і Маргарыта». Мабыць, нешта такое насілася ў паветры, людзям хацелася зірнуць на саміх сябе скрозь прызму евангельскіх прытч. Акцёр Юрась Братчык выдае сябе за Ісуса Хрыста — такі эпізод сапраўды ўпамінаецца ў адной з гістарычных хронік, якой і натхняўся пісьменнік. Кнігу пры гэтым не трэба ўспрымаць як гістарычны раман, хоць Караткевіч рассыпае па тэксце мноства згадак, што дазваляюць вызначыць, калі адбываюцца падзеі. Так, упамінаецца Бона Сфорца, маці будучага караля Жыгімонта, адзін з герояў рамана гаворыць пра выдадзеную Францішкам Скарынам Біблію і пра тое, што «вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю». Так што гэта 20-ыя гады XVI стагоддзя. На землях Вялікага Княства Літоўскага побач жывуць праваслаўныя і каталікі, іўдзеі і мусульмане. І сярод людзей, што суправаджаюць артыста Юрася Братчыка, аказваюцца і бедны шляхціц, і яўрэй. Ім дасталіся самыя непрыгожыя ролі — Фамы, чыё імя стала сімвалам недаверлівасці, і Іуды — вучня, што здрадзіў настаўніку. Але ў гэтай кнізе менавіта Іуда ды Фама захавалі вернасць свайму сябру. Гэта аптымістычная гісторыя пра святло, што ёсць у душы кожнага чалавека, а яшчэ — прыгодніцкі раман, дзе спрыт і веданне чалавечай псіхалогіі дазваляюць круцялю дэманстраваць сапраўдныя цуды.

«Евангелле ад Афранія» Кірыла Яськова

Афраніем, калі памятаеце, звалі кіраўніка таемнай стражы, якога прыдумаў Булгакаў. Ад яго імені пераказаў усе падзеі прафесійны навуковец — палеантолаг Кірыл Яськоў. Кніга выйшла ў сярэдзіне 90-ых гадоў мінулага стагоддзя. І па модзе тых часоў гэта шпіёнскі дэтэктыў. Аўтар не спрабуе дакладна апісваць старажытныя рэаліі. Наадварот, яго героі размаўляюць сучаснай мовай, і разважаюць як сучасныя нам людзі. Так што, калі любіце фільм «17 імгненняў вясны», то і другая частка кнігі вам спадабаецца. А што ў першай? А ў першай Кірыл Яськоў выступае як навуковец, апісвае вядомыя нам з Евангелляў і іншых гістарычных крыніц факты, дае характарыстыкі дзеючым асобам, а таксама прапануе аддзяліць тое, што апісана сведкамі, ад таго, што хутчэй за ўсё з’яўляецца пераказам чутак. Ён сыходзіць з таго, што ніхто з евангелістаў не хлусіў, але мог памыляцца. У тыя часы ж не было фотаапаратаў ці магнітафонаў, а запісаць гісторыю можна было вельмі па-рознаму.

Да якой высновы прыходзіць Кірыл Яськоў? Не буду спойлерыць, скажу толькі, што па сваім светапоглядзе ён агностык. Гэта значыць, упэўнены ў прынцыповай немагчымасці даведацца канчаткова і дакладна, ці ёсць бог.

«Евангелле паводле Пілата» Эрыка-Эманюэля Шміта

Кніга напісана зусім нядаўна — у 2000 годзе. Яе аўтар, нягледзячы на тыпова нямецкае прозвішча Шміт, француз. Думаю, у першую чаргу вы ведаеце яго як аўтара прытчы «Аскар і матухна Ружа» (Аскар і ружовая дама) — пра хворага хлопчыка, які стараецца правесці рэшту дзён так, каб у іх змясцілася цэлае жыццё. Раман «Евангелле паводле Пілата» — гэта два маналогі. Спачатку — споведзь асуджанага на смерць у вечар яго арышту. Гэта сам Ешуа расказвае пра дзяцінства, пра тое, як аднойчы адмовіўся ад асабістага шчасця дзеля любові да ўсіх. Ён апавядае пра цуды, што здараліся з хворымі, але ніяк не можа паверыць у сваю боскую прыроду. Другая частка — гэта лісты таго самага пракуратара Понція Пілата, у якіх ён расказвае пра расследаванне, што ўчыніў пасля смерці Ешуа, дакладней, пасля таго, як ягонае цела знікла з грабніцы. Знаёмая нам форма дэтэктыва, але нешта няўлоўнае не дае чытачу адчуць сябе проста дэтэктывам. Пілат раптам паўстае перад намі пяшчотным братам і сынам, мужчынам, які шчыра кахае сваю жонку, цэніць у ёй розум і незалежнасць, а не толькі прыгажосць. Ён робіць выгляд, што страшна раззлаваны на падначаленых, а ў душы радуецца, ці наадварот, адчувае сябе параненым. Чым больш Пілат займаецца пошукамі цела Ешуа, чым больш мае справу з людзьмі, што акружалі прарока, тым больш эмацыянальнымі робяцца яго лісты да брата. Як ён прызнаецца пад канец кнігі, лісты ў першую чаргу да самога сябе. У апошнім ён пераказвае размову з жонкай, што стала хрысціянкай. Яна здолела паверыць. Ці зможа зрабіць гэта Пілат, які прывык атрымаць дакладныя адказы на ўсе пытанні?

Наталля СІРОТКА

Набыць электронны часопіс

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *