Таямнічая Лёля. Ці існавала багіня вясны, кахання і пладавітасці?
Рубрыка «Міфалогія»
Свежы водар абдымае зямлю, якая прачнулася пасля халадоў, звонка спяваюць птушкі, і з леса даносіцца мілагучны жаночы голас. Ён быццам бы люляе цябе, як матуля сваё дзіцятка. З прыгожым вянком на галаве ў белай сукенцы па лясной сцежцы крочыць багіня вясны — Лёля.
У тыя далёкія часы, калі жыццё спынялася з надыходам маразоў, пачатак вясны лічыўся сапраўдным святам. У старадаўніх беларусаў яно называлася Ляльнік і адзначалася 5 мая. Традыцыйна на свята абіралася самая прыгожая дзяўчына, яе апраналі ў белую сукенку і ўпрыгожвалі зелянінай, на галаву плялі вянок. Вакол прыгажуні вадзілі карагоды, спявалі абрадавыя песні і прыносілі ўсялякія дары. Таксама дзяўчыны «лялілі» добрае надвор’е і запальвалі вогнішча. Калі яно дагарала, вуглі разграбалі такім чынам, каб у цэнтр можна было стаць босымі нагамі. Гэта называлася «прыпяканне дзявочага лёсу». Падчас яго заклікалі каханне, здароўе, плоднасць, а ў канцы выкрыквалі імя Лёлі. Рабілася гэта ўсё, каб задобрыць багіню. Лічылася, што тады год будзе цёплы і ўрадлівы. Ёсць звесткі пра тое, што Ляльнік святкаваўся яшчэ да сярэдзіны XIX стагоддзя.
Але, пазнаёміўшыся з вобразам Лёлі як багіні бліжэй, мы сутыкаемся са шматлікімі супярэчнасцямі. Многія навукоўцы лічаць, што яна ўвогуле не існавала сярод персанажаў беларускай паганскай міфалогіі. Пра само свята таксама няшмат інфармацыі. Можна было б лічыць, што яно толькі выдумка, але паганскія адгалоскі ўсё ж такі захаваліся. Мы ўжо ведаем, што шматлікія хрысціянскія святы ўзнікалі на падмурку паганскіх традыцый. Да нашых дзён дайшлі такія як Святкі, Масленіца, Каляды і Купала. Астатнія ж былі названыя імёнамі хрысціянскіх святых, але захавалі сваю сутнасць. Так, 5 мая у нашыя дні большасць лічыць Днём Святога Лукі — у гэты дзень пачынаецца сапраўдная вясна і можна высаджваць на гародзе цыбулю.
Лёля з’яўлялася дачкой багіні кахання Лады, якую вельмі шанавалі славяне. Мела брата Леля. Па іншай версіі, Лель быў яе мужам. Але калі адштурхоўвацца ад легенды пра закаханасць маладой багіні Лёлі ў Ярылу, гэта версія не мае месца быць.
Сама багіня лічыцца юнай ахоўніцай адкрытых сэрцаў, якая напаўняла іх чыстай любоўю. У далёкія часы яна сама спазнала неўзаемнае пачуццё да бога ўрадлівасці. Але Лёля не панікла духам. Пачала дарыць шчырыя і чыстыя пачуцці моладзі. Магчыма таму святы ў гонар Лёлі і Ярылы стаяць побач, а абрады маюць відавочнае падабенства.
Ці верылі старадаўнія беларусы ў яе існаванне на самой справе? Імёны багоў Лады, Лёлі і Леля яшчэ ў далёкія часы выкарыстоўваліся як частка рытуальных вясельных і святочных песень, але доказы, што яны азначалі пэўныя вобразы, адсутнічаюць. Існуе меркаванне, што далёкія ад паганскіх традыцый святары ўвогуле не разумелі спеваў простых сялян і надавалі ім іншы сэнс. Такім чынам маглі адушавіць простыя, але не зразумелыя для сябе напевы. Навукоўцы, якія падхапілі такія звесткі, лічацца стваральнікамі «кабінетнай міфалогіі», бо без гістарычных доказаў апісваюць міфалагічнае боства.
Нягледзячы на навуковы скептыцызм, Лёля заняла сваё месца сярод істот беларускай міфалогіі. Складана паверыць, што такі вобраз мог утварыцца з простага напева. Выразы «прыгожая як Ляля», «люляць вясну», «люляць дзіцятка» — гэта ўсё добра суадносіцца з багіняй вясны, кахання і чыстых пачуццяў. А галоўнае, стварае цудоўны вобраз ахоўніцы самых светлых і шчырых пачуццяў.
Софія ТУРОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны