Дзесяць гадоў па дарогах вайны і памяці, або Хто такія пошукавікі і чым яны займаюцца

Рубрыка «Да Дня Перамогі»                                                                                  

Даўно адгрымела вайна… З кожным годам усё менш ветэранаў прыходзіць на святкаванне Дня Перамогі. Час павінен быў загаіць усе раны беларусаў, але гэтага не будзе, пакуль хоць адзін памерлы салдат застанецца не перапахаванным і не ўшанаваным. Сёння наш суразмоўца — кіраўнік пошукавай асацыяцыі пры грамадскім аб’яднанні «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў», а таксама кіраўнік пошукавага клубу «Пунсовыя пагоны» Гомельскага кадэцкага вучылішча  Павел Дзенісенка. Чалавек, які сваімі справамі пацвярджае, што ніхто не забыты, нішто не забыта.

—  Павел Уладзіміравіч, з чаго пачалася пошукавая дзейнасць?

— З саміх сябе, са сваіх продкаў, якія прынеслі нам мір і перамогу. І кожны год, прымаючы ў сваю кадэцкую сям’ю навабранцаў, мы задаем адно і тое ж пытанне: «Што ведаюць падлеткі пра сваіх гераічных продкаў?».  І ўсё часцей, на жаль, чуем адказ: «У мяне такіх не было». Мы пачынаем тлумачыць, што за рэдкім выключэннем у гады вайны нехта з сям’і не ваяваў. Просім распытаць пра сваіх прадзедаў у яшчэ жывых бабуль і дзядуль. Самае ўражальнае ў пошукавай працы — момант гістарычнай праўды, ісціны. І вочы падлеткаў, калі яны знаходзяць у архівах звесткі пра сваіх родных, а часам і фотаздымкі, якіх раней не было ў сямейных альбомах.

— Што стала падставай для стварэння клуба?

— Наш першы ўдзел у цырымоніі перапахавання лётчыка Аляксандра Цітаўца ў студзені 2014-га. Доўгія гады наш зямляк лічыўся зніклым без вестак. Дзякуючы ўпартым пошукам валанцёраў з Санкт-Пецярбурга быў знойдзены самалёт з астанкамі пілота. Яны і даставілі Героя, абаронцу «Дарогі жыцця», кавалера ордэнаў Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі ў родную Заспу Рэчыцкага раёна.

— Ці даводзілася ад нечага адмаўляцца на этапе станаўлення клуба?

— Вельмі хутка прыйшлі да высновы, што быць прыватнымі «рыдлёўкамі» на аб’ектах, дзе працуюць прафесійныя (это слово нужно убрать) пошукавікі з грамадскіх аб’яднанняў, непрадуктыўна. Таму разам з дасведчанымі інструктарамі-пошукавікамі навучыліся самастойна знаходзіць аб’екты, афармляць інфармацыйныя лісты і перадаваць іх у ваенныя камісарыяты, каб нас у новым пошукавым сезоне ўключылі ў графік работы з прадстаўнікамі 52-га пошукавага батальёна. На аб’ект у Чанкоўскім лесе ўдзельнікаў клуба запрасілі прадстаўнікі абласной пракуратуры.

Гэта давер і высокая ацэнка нашага досведу. Дарэчы, на гэтым аб’екце мы працавалі з верасня 2021 года па ліпень 2023 года. Слова генацыд зараз мае для нас канкрэтнае значэнне. Разам з прадстаўнікамі батальёна намі ўзнята больш за 800 астанкаў мірных жыхароў, якія былі расстраляныя фашыстамі ў гады вайны.

— Дзе знаходзіце інфармацыю пра будучыя пошукавыя аб’екты?

— Такіх крыніц шмат. І яны самыя нечаканыя. На пошукавых форумах часам разгараюцца розныя дыскусіі. Часта да іх далучаюцца простыя людзі, якія і выдаюць інфармацыю, што ў нейкай мясцовасці ёсць няўлічанае або страчанае пахаванне. Бывае, што ў асабістай гутарцы нехта са старажылаў паведамляе, што там і там пахаваныя байцы. У гэтым сезоне мы вярталіся электрычкай з рэкагнасцыроўкі. Пачуўшы нашы абмеркаванні, да нас падсеў сельскі жыхар і паведаміў пра страчанае пахаванне ў яго вёсцы.

— І як вы адрэагавалі?

— Усё дэтальна запісалі, прааналізавалі шмат дакументаў. Прыйшлося звярнуцца па дапамогу да калег з Казані, якія займаюцца пошукам загінулых пілотаў. Звесткі пра лётчыкаў знойдзены, абставіны іх гібелі пацверджаны архіўнымі даведкамі. Пасля накіравалі інфармацыйны ліст — і аб’ект уключылі ў спіс сезона 2024. Дарэчы, намі ініцыіравана пяць пошукавых аб’ектаў у трох раёнах вобласці: Добрушскім, Веткаўскім і Буда-Кашалёўскім.

Даведка

Пошукавая дзейнасць кладзецца ў аснову шматлікіх даследаванняў. Мы маглі б штогод праводзіць канферэнцыі, вызначаць найлепшыя працы, і ў гэты ж час абменьвацца досведам. Форм узаемадзеяння можа быць шмат, галоўнае, каб у гэтым была зацікаўленасць усіх устаноў сістэмы адукацыі. Для асвятлення пошукавай дзейнасці (і не толькі) у вучылішчы дзейнічаюць прэс-цэнтр «Апарэль» і часопіс «Пунсовыя пагоны».

Якая гэтаму папярэднічала праца?

— Выезды на мясцовасць і праца з дакументамі. Дарэчы, сёння пошукавік — гэта чалавек, узброены ведамі і гатовы да карпатлівай працы з архіўнымі дакументамі. Хачу падкрэсліць: без дапамогі прафесійных вайскоўцаў вельмі складана аднавіць баявыя падзеі на пэўнай тэрыторыі. І лепш, калі гэта калектыўная праца. Адзін з нас, верыфікуючы пахаванне, толькі ў адзіным дакуменце выявіў запіс, што канкрэтная брацкая магіла з’яўляецца дывізіённымі могілкамі. Другі — падняў усе баявыя журналы, карты, данясенні, каб убачыць інтэнсіўнасць баёў, удзел у гэтых баях пэўных падраздзяленняў. І тады выходзім на спісы беззваротных страт гэтых падраздзяленняў за пэўны перыяд. Верыфікуем камандай. Вынікі, бывае, шакіруюць. Напрыклад, у пахаванні вёскі Ільіч у пашпарце было дзевяць прозвішчаў. Праўда, была прыпіска: «і іншыя невядомыя». У выніку нашай працы ў спісе пашпарта гэтага пахавання аказалася больш за сто байцоў.

— Што лічыце залогам паспяховасці пошукавага аб’яднання?

— 10 гадоў таму нашу ідэю адобрыла дырэктар кадэцкай вучэльні Галіна Чуешкова, яна нас актыўна падтрымлівала ўсе гады сваёй працы. Прасякнуўся гэтай ідэяй і цяперашні дырэктар Дзмітрый Грыгарэнка. Мне прыйшлося некалькі разоў прымаць удзел у міжнароднай канферэнцыі «Лёс салдата», якую праводзяць у Маскве прадстаўнікі АГР «Пошукавы рух Расіі». Плынь аб’ядноўвае больш за 45 тысяч пошукавікоў у складзе больш за 1 500 пошукавых атрадаў. Наша кола зносін значна пашырылася. Пошукавікі — гэта народныя дыпламаты.

 

 — Якія першарадныя задачы абазначылі б перад кадэцкай пошукавай асацыяцыяй?

— Ёсць алгарытм і некаторы досвед увекавечання без вестак зніклых. Калі б гэтая пазіцыя была замацавана ваенным ведамствам, то многія сваякі байцоў мелі б месца на зямлі для шанавання свайго сямейнага героя. Мяне асабліва трывожыць некарэктнасць людзей, якія распаўсюджваюць у інтэрнэце фатаграфіі астанкаў байцоў, непрыстойна паводзяць сябе на пошукавых аб’ектах. Нікуды не падзеліся чорнакапальнікі, якія наносяць непапраўную шкоду пошукавай працы.

Наспеў момант для прыняцця на заканадаўчым узроўні Кодэкса пошукавіка.   

 Мікіта БАРАНОЎСКІ,

фота Гомельскага кадэцкага вучылішча

Набыць электронны часопіс

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *