Падобныя і розныя: Ганна і Фэрыдэ. Доўгая дарога да шчасця 

Гартаючы старыя нумары часопіса «Роднае слова», я знайшла цікавы артыкул Уладзіміра Гніламёдава, дзе параўноўваліся паэтычныя творы беларускага паэта Максіма Танка і турэцкага паэта Назыма Кіхмета. Гэты аналіз натхніў мяне параўнаць творы беларускай літаратуры і турэцкага кінематографа. У якасці прыклада я ўзяла раман «Людзі на балоце» Івана Мележа і турэцкі серыял «Каралёк птушка пеўчая».   

Гераіні Ганна з мележаўскага рамана і Фэрыдэ-каралёк, на мой погляд, маюць шмат падабенстваў. Абедзве дзяўчыны, іх гісторыі дзяцінства, юнацтва, кахання, узаемаадносін з людзьмі, мяркую, нікога не пакінуць абыякавымі.

Першае падабенства герань у тым, што яны не адчувалі ніякай падтрымкі ад бацькоў. Маці Фэрыдэ памерла ад сухотаў, а бацька загінуў на вайне. Што датычыцца Ганны, то дзяўчына жыла з мачыхай, жанчынай абыякавай і грубай, якая ставілася да дзяўчыны ў прынцыпе як класічная мачыха: была заўсёды незадаволенай, прымушала ўсіх членаў сям’і жыць па сваіх законах.

У пансіёне Фэрыдэ некаторыя настаўніцы — «сёстры» — добра ставіліся да маленькай дзяўчынкі, але знаходзіліся і тыя, хто паводзіў сябе як мачыхі. Ды што там настаўніцы, нават цёця Бэсімэ ў адной з серый, зрабіўшы памылковыя высновы, абвінаваціла Фэрыдэ ў злачынстве і жорстка пакрыўдзіла яе!

 Што датычыцца бацькі Ганны, то ён у сваю чаргу быў бязвольным, нясмелым чалавекам, ва ўсім слухаўся мачыху і падпарадкоўваўся ёй. Можна сказаць, што ў абедзвюх герань не было таго клопату і даверу ад бацькоў, значэнне якіх вельмі важнае для дзяцей і падлеткаў! «Страціць бацьку — значыць згубіць апірышча, гэта як пракляцце. Мы застаемся адны, кінутыя на волю лёсу», — піша Фэрыдэ ў сваім дзённіку. Мяркую, калі б Ганна таксама вяла такі дзённік, то яе думкі пераклікаліся б з думкамі Фэрыдэ. Спакон вякоў свае самыя шчырыя і душэўныя разважанні аддавалі паперы, а калі некаму выпаў шанс знайсці чалавека, з якім можна было б падзяліцца такім, — лічы, што ты адзін з найшчаслівейшых людзей на гэтым свеце. Нашых гераінь, на жаль, нельга аднесці да ліку тых, хто здолеў знайсці родную душу…  

Яшчэ адно падабенства дзяўчын у тым, што Ганна і Фэрыдэ фактычна выраслі без цеплыні і падтрымкі. Безумоўна, гэта паўплывала ў далейшым на станаўленне іх як асоб, на іхнія выбары ў сталым узросце. Усё ж колькі б людзей не было вакол — бабуля, дзядуля, брат, сястра, мачыха, айчым, цётка, дзядзька, — любоў мамы і таты ніхто не можа замяніць.

Ганна і Фэрыдэ зрабілі безліч памылковых крокаў, шукаючы шчасце. Яны не ведалі, як праяўляць свае пачуцці. Безумоўна, глыбінныя карані, што тлумачаць, чаму дзяўчыны так сябе паводзілі, хаваюцца ў сям’і. Аднак у характары гераінь значную роль гралі гонар, непрыступнасць. Ганна абыякава ставілася да ўвагі з боку Яўхіма Карча — багацея, у якога быў закаханы ледзь не ўвесь свет! А Фэрыдэ — да ўвагі з боку Селіма, якога лічылі добрым лекарам.

Часам складвалася ўражанне, быццам нашы гераіні нібыта самі хацелі выдумляць цяжкасці і перашкоды, кідалі сабе выклікі і ўскладнялі сабе жыццё. Успомнім хаця б, як Фэрыдэ перад ад’ездам у пансіён з маёнтка кінула кавалак бруду з зямлі акурат на кашулю Кямрана. Відавочна, ён асцерагаўся хадзіць каля яе! Так і Ганна кпіла з Васіля, нават з розных колераў вачэй і валасоў, што, здавалася б, ну зусім драбяза. «Гэтая задзіра ў апошні час Васілю проста жыць не давала, пры кожнай сустрэчы, калі б ні трапіўся ён — смяялася ці нават здзекавалася з яго», — піша Іван Мележ. «Хто каго любіць, той таго чубіць», — адразу хочацца ўспомніць прыказку.

Часам мне здавалася, што дзяўчыны маглі б быць менш упартымі і навучыцца прабачаць: Фэрыдэ і Ганна быццам атрымоўвалі маніякальнае задавальненне ад сваіх пакут. Аднак многія людзі, на мой погляд, часта цягнуцца да падобнага, знаёмага ім, няхай балючага, але роднага.

Ніхто па факце не даваў парадаў дзяўчынам, не размаўляў з імі па душах, таму Ганна і Фэрыдэ заўсёды вучыліся самі на сваіх памылках. За іх плячыма — гады адчайнага, няўлежнага болю, жахлівай небяспекі, цяжар горка-балючых слоў, у выніку чаго гераіні і сталі ганарыста-важнымі, стрыманымі і знешне халоднымі.

Варта адзначыць, падабенства я заўважыла ў імёнах Ганны і Фэрыдэ. Так, паводле інтэрнэт-крыніц, імя «Фэрыдэ» значыць «быць унікальнай» і сімвалізуе індывідуальнасць і адметнасць асобы. Імя «Ганна» ў сваю чаргу з іўрыта перакладаецца як «мужнасць», «сіла». Гераіні рана пасталелі праз цяжкія жыццёвыя абставіны, прайшлі праз шмат выпрабаванняў, для гэтага ім спатрэбіліся сіла волі, вытрымка. У рэшце рэшт дзяўчыны сталі паўнавартаснымі асобамі, унікальнымі і непаўторнымі.      

Хочацца адзначыць станоўчыя якасці, якімі мне, бясспрэчна, запомніліся мележаўская Ганна і Фэрыдэ-каралёк. Прыметнік, якім бы я ахарактарызавала дзяўчын, — паэтычны. На мой погляд, у іх сабраны найлепшыя якасці характару, такія як вытрымка, павага да сябе, любоў да працы, смеласць, а разам з тым дзіцячая непасрэднасць, якая робіць Ганну і Фэрыдэ яшчэ больш прывабнымі. «Калі ты скажаш „так“, то я перастану пісаць вершы, бо іх пішуць толькі няшчасныя», — так рабіў прапанову рукі і сэрца Кямран Фэрыдэ. Абдзве гераіні — сапраўдныя музы для паэтаў.

Мы самі напаўняем сваё жыццё сэнсам, будуем сваю будучыню, проста ўсе з розных стартаў і з рознымі першапачатковымі магчымасцямі. Але вось што цікава: і чалавек, у якога на самым пачатку было ўсё, і чалавек, у якога на самым пачатку не было нічога, могуць апынуцца на адным і тым жа фінішы. Не варта праз адно, ці два, ці дзесяць паражэнняў ставіць крыж на сваім шчасці, як гэтага не зрабілі Ганна і Фэрыдэ.

Трэба захоўваць у сэрцы веру ў сябе, прыслухоўвацца да людзей, але і самому вучыцца на сваіх памылках, выхоўваць сябе і бясконца працаваць. «Гэта залежыць ад вас: закрыцца ад сонца альбо павярнуцца да святла», — кажа дзядзька Фэрыдэ ў адной з серый, і з яго словамі нельга не пагадзіцца.

 Ты каваль свайго шчасця. І ніяк інакш.        

 

 

Паліна ДВАРАНСКАЯ,

11 «Філ» клас Ліцэй БДУ

Набыць электронны часопіс

 

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *