Іспыты без стрэсу. Парады псіхолага
Рубрыка «Школа журналістыкі»
Зараз для старшакласнікаў надыходзіць адказны час іспытаў. Амаль ўсе сутыкаюцца са стрэсам, што перашкаджае сканцэнтравацца на заданнях. Як прадухіліць стрэс, каб не стаць яго ахвярай? Парады ад педагога-псіхолага Мар’інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна Веранікі Валодзінай-Злацінай чытайце ў матэрыяле.
— Амаль кожны чалавек, калі знаходзіцца ў неадназначнай сітуацыі, адчувае стрэс, — кажа Вераніка Георгіеўна. — Гэта рэакцыя арганізма, якая пазбаўляе вучняў канцэнтрацыі. Але ёсць некалькі эфектыўных метадаў, як з гэтым справіцца.
Паспрабуйце інакш паглядзець на сітуацыю. Іспыт — гэта проста чарговы этап у вашым жыцці. Трэба паставіцца да яго адказна, але без панікі. Ніякай катастрофы не здарыцца.
Калі вы хвалюецеся, то напярэдадні іспыту паўтарыце ўвесь матэрыял, перакажыце яго сваім родзічам, сябрам. Тое, што, на ваш погляд, ведаеце добра, пакіньце пад канец. Той матэрыял, у якім сумняваецеся, трэба паўтараць спачатку.
Забараніце сабе баяцца! Многія добра ведаюць стан, калі ў галаву лезуць такія фразы: «Нічога не ведаю! Нічога не памятаю…». Імкніцеся думаць зусім пра іншае, падтрымліваць сябе і свае інтарэсы, напрыклад «Я вельмі доўга працаваў, я зрабіў ўсё магчымае, каб здаць добра».
Калі вы ва аўдыторыі і адчуваеце, як шалёна б’ецца сэрца, вільгатнеюць рукі, вас кідае ў жар, то можна зрабіць дыхальныя практыкаванні.
Заплюшчыце вочы і дыхайце павольна і глыбока. Выдых павінен быць у два-тры разы даўжэйшым, чым удых. Удыхаючы, уяўляйце, што чуеце свой любімы водар. Праз тры-пяць хвілін можна дадаць практыку ўнушэння: «Я расслабляюся, я супакойваюся…» Гэты варыянт не надакучыць вашаму суседу па парце. Аўтатрэнінг — эфектыўная тэхніка: мозг добра ўспрымае такія каманды.
Навучыцеся не думаць пра правал на экзамене. Наадварот, малюйце карціну ўпэўненага прыгожага адказу. Мы часцей за ўсё атрымліваем тое, што самі ўяўляем. Таму ў думках павінны гучаць словы перамогі над сабой.
Не пераймайце хваляванне суседа. Як правіла, перад аўдыторыяй, у якой праходзіць іспыт, чакае натоўп вучняў, якія абмяркоўваюць, наколькі строгія экзаменатары. Перажывайце сваё хваляванне самастойна і лепш у адзіноце: прайдзіцеся па калідоры, паглядіце ў акно. Супакойцеся.
Пазбаўляйцеся напружання. Зрабіце некалькі кругавых рухаў галавой, пацісніце плячыма. Дапамогуць 10-15 прысядаў ці адцісканняў. Лёгкі масаж патыліцы расслабляе мозг, прымушае не думаць пра дрэннае і цяжкасці.
Вельмі важна добрае харчаванне. Недахоп вітамінаў у арганізме паніжае разумовую дзейнасць. Добры ўплыў на працу мозга дае свежая морква, морапрадукты, капуста, лімон, арэхі, горкі шакалад.
— На маёй практыцы ўсе выпускнікі спраўляліся са стрэсам самастойна: дапамога лекараў была непатрэбна, — дадае Вераніка Георгіеўна. — Але ёсць і такія выпадкі, калі стрэс, на жаль, можа давесці чалавека да летальнага зыходу. Таму важна навучыцца кантраляваць свае эмоцыі, быць упэўненым у сабе і настройвацца толькі на поспех.
Захар ХВАСТОЎ,
Мар’інагорская гімназія Пухавіцкага раёна,
11 клас
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны