Ярыла, Юрыла ці ўсё ж такі Георгій? Каму прысвечаны старадаўні Юр’еў дзень
Рубрыка «Міфалогія»
Усім вядомы старажытнагрэчаскі міф пра храбрага Праметэя, які выкраў у Гефеста агонь і перадаў яго людзям. А ці ёсць падобныя матывы ў беларускай міфалогіі? Вядома!
Бог ранняга сонца, вясны, урадлівасці і кахання Ярыла быў тым, хто падарыў крыніцу святла і цеплыні беларусам, але ні ў каго не скраў яе. Ён лічыўся ўвасабленнем маладога сонца. Адзначалася, што за год ён мог змяняць свой узрост і ўжо восенню шанаваўся як сталы мужчына.
Навукоўцы ў беларускай мове дакладна вылучаюць шмат слоў, утвораных ад аднаго кораня «яр»: яскравы, яркі, ваяры, яры, ярыя культуры — амаль усе яны так ці інакш звязаны з якасцямі Ярылы. Таксама імя бога вельмі падобна на славянскае слова «jara» — «вясна».
Ярылу ўяўлялі маладым прыгожым мужчынам вярхом на белым кані, босым і з жытнёвымі каласамі ў руцэ. Ён той, хто з першага крока па зямлі рабіў яе ўрадлівай. Той, хто адзіным позіркам распальваў каханне ў сэрцах. Заступнік хатніх жывёл і воўчы пастыр.
З прыняццем хрысціянства вобраз Ярылы ўвасобіў у сабе Георгій Перамоганосец, які ў народзе традыцыйна завецца Юрый ці Ягорый. А свята Ярылавіца ці Ярылкі, якое адзначаецца 6 мая, распаўсюджана пачало звацца Юр’еў дзень. Вельмі цікавае перапляценне не толькі вобразаў, але і імён бога Ярылы і святога Георгія, якое ў выніку стварыла імя Юрай і вядомае ў некаторых рэгіёнах Юрыла.
Традыцыі ўшанавання Ярылы ці Юр’я вельмі падобныя і носяць прагматычны характар. Лічылася, што ў гэты дзень Ярыла бярэ ў бога ключы ад зямлі і адмыкае яе, выпускаючы расу. Суправаджаецца гэта ўсё карагодамі і вясновымі рытуальнымі песнямі. Складана сказаць, наколькі Ярылавіца была распаўсюджана сярод старажытных беларусаў, але Юр’еў дзень — адно з цэнтральных свят беларускага народнага календара. Гэта пацвярджае вялікая колькасць прыказак.
Таксама менавіта на Ярылавіцу першы раз пасля зімы выганялі скот на пашу, бо лічылася, што Ярыла замыкаў пашчы ваўкам, і тыя меней нападалі на хатніх жывёл. Пасля гэтага дня ніхто не браў новых жывёл, каб не наклікаць бяду на ўвесь статак. Менавіта з-за гэткіх вераванняў вялікая колькасць рытуалаў была накіравана на захаванне хатняй гаспадаркі.
Існуе і іншае апісанне святкавання Ярылавіцы, якое падобна да Ляльніка. Мы з вамі ўжо ведаем легенду пра закаханасць багіні Лёлі ў Ярылу, і гэта цікава адлюстроўваецца ў іх абрадах. На Ярылавіцу таксама выбіралі самую прыгожую дзяўчыну. Яе садзілі на каня і вазілі вакол слупа, пакуль усе навокал спявалі песні і танчылі. Адзенне ў абодвух абрадах павінна было быць белым, як і вопратка бостваў. Аднак такая форма святкавання не дайшла да нашых дзён і хутчэй за ўсё была не вельмі распаўсюджана.
Сярод населеных пунктаў Беларусі ёсць вёска Ярылаўка, якая знаходзіцца ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Вядома яна з пачатку XVIII стагоддзя. Даследчыкі сцвярджаюць, што гэты айконім мае значэнне «заснаваны Ярылай» або «які належыць Ярыле». А ў лясах Сенненскага раёна Віцебскай вобласці знаходзіцца капішча «Лясная паляна», на якім і сёння размяшчаецца драўляная фігура вясновага бога Ярылы з мноствам гасцінцаў ад тых, хто ўсё яшчэ верыць.
Вобраз Ярылы ў беларускай міфалогіі яшчэ раз пацвярджае, як для нашых продкаў было важна існаваць у адзінстве з прыродай. Іх лад жыцця цалкам складаўся з павагі і ўдзячнасці да ўсяго жывога. Яны не толькі верылі ў міласць сваіх бостваў, але і адчувалі яе.
Софія ТУРОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны