КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ РАДЗІВІЛАЎ (працяг)
Рубрыка «HIST»
У першай частцы матэрыялу вы даведаліся пра паходжанне рода Радзівілаў і яго вядомых прадстаўнікоў. Але якім Нясвіжскі замак быў у мінулыя стагоддзі? Што здарылася з Радзівіламі пры савецкай уладзе? І дзе яны зараз? Ці падтрымліваюць яны сувязь з сучасным Нясвіжам?
- Вядомыя прадстаўнікі
Францішка Уршуля Радзівіл (1705-1753) — першая жанчына-пісьменнік у Беларусі і Польшчы. Творчая спадчына княгіні, якая складаецца з 16 камедый і трагедый, з’яўляецца каштоўным гісторыка-літаратурным дакументам нашай краіны. Пісьменніца спрабавала свае магчымасці нават у напісанні оперных лібрэта. Пастаноўкі п’ес Францішкі Уршулі ажыццяўляліся на сцэнах радзівілаўскіх маёнткаў.
Марыя Магдалена Радзівіл (1861-1945) — жанчына, без якой беларускае нацыянальнае Адраджэнне магло б не адбыцца. Яна засноўвала газеты, дапамагала ў выданні шматлікіх кніг, плаціла за вучобу таленавітых студэнтаў-суайчынцаў, прымала ўдзел у адкрыцці новых лякарняў падчас Першай сусветнай вайны. Менавіта дзякуючы яе фінансавай падтрымцы свет пабачылі знакавыя для беларускай літаратуры «Вянок» Максіма Багдановіча, «Родныя з’явы» Якуба Коласа, «Васількі» Ядвігіна Ш. і шмат іншых твораў беларускай літаратуры.
- Нясвіжскі замак
Палацава-замкавы комплекс, помнік архітэктуры XVI стагоддзя быў закладзены Мікалаем Радзівілам Сіроткам. Замак, які спраектаваў італьянскі архітэктар Джавані Бернардоні, уключае таксама замкавыя ўмацаванні і вялікі ландшафтна-пейзажны парк.
Унутры знаходзілася крупная артылерыя, ручная агнястрэльная зброя і ваенная амуніцыя. Больш за тое, замак быў месцам канцэнтрацыі прыватнага войска Радзівілаў.
Рэзідэнцыяй роду замак з’яўляўся аж да XX стагоддзя. Апошнім нясвіжскім ардынатам стаў князь Лявон Уладзіслаў Радзівіл.
Даведка
Ардынацыя — гэта прынятая ў Вялікім Княстве Літоўскім форма атрымання ў спадчыну, пры якой зямельныя ўладанні магната (ардыната) пасля яго смерці пераходзілі да старэйшага сына як непадзельная і неадчужальная маёмасць.
У перыяд, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, польскі сейм прыняў рашэнне пра ліквідацыю ўсіх ардынацый, і прынцып перадачы замка выключна па лініі старэйшага мужчынскага прадстаўніка роду быў адменены.
У часы БССР сям’я Лявона Уладзіслава была арыштавана. Да 1940 года Радзівілы знаходзіліся ў СССР, але потым італьянская каралева Алена Чарнагорская, што была ў сяброўскіх адносінах з Радзівіламі, праз міністра замежных спраў звярнулася да кіраўніцтва СССР. Пасля Радзівілам дазволілі выехаць за мяжу.
Замак жа быў узяты савецкай уладай пад ахову, і ў ім арганізавалі музей. Пэўны час у замку быў арганізаваны спачатку дом адпачынку, а пасля і санаторый.
Ужо ў складзе сучаснай Рэспублікі Беларусь Нясвіжскі палац увайшоў у спіс спадчыны ЮНЕСКА.
- Іншыя рэзідэнцыі
Вядомыя ва ўсёй Беларусі Нясвяжскі і Мірскі (таксама пэўны час з’яўляўся рэзідэнцыяй роду) замкі, на шчасце, не ведалі заняпаду. Падтрымліваюцца дзяржавай у добрым стане і многія іншыя ўладанні Радзівілаў, ужо не такія знакамітыя. Яскравым прыкладам гэтаму з’яўляецца замак у Любчы. Але некаторыя былыя маёнткі Радзівілаў зараз выглядаюць не лепшым чынам. Перыядычна такія пабудовы ў пошуку новых уладальнікаў выстаўляюцца на аўкцыёны. Так, два гады таму маёнтак Радзівілаў у Дзятлаве, пабудаваны ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя на месцы спаленага шведамі ў гады Паўночнай вайны драўлянага замка, набыў расійскі бізнесмен усяго за тры базавыя велічыні. Вядома, першапачаткова кошт выстаўляўся значна большы, але пакупнік не знаходзіўся.
- Дзе Радзівілы зараз?
На сталае месца жыхарства ў Беларусь нашчадкі знакамітага беларускага роду больш не вярнуліся. Зараз Радзівілы жывуць у Польшчы, Англіі, Францыі, Італіі і ЗША.
Перыядычна прадстаўнікі роду наведваюць былыя ўладанні. У 2014 годзе ўнучка Лявона Радзівіла Дыяна ўпершыню пабывала ў Беларусі — прыляцела ў Беларусь разам з мужам Фердынандам і сынам Максіміліянам. А Эльжбета Радзівіл падчас наведвання Нясвіжскага замка ў 2009 годзе дала шэраг каштоўных парад архітэктарам па рэстаўрацыі, бо добра памятала, як выглядаў замак у яе дзяцінстве.
Аліна ПАСАВЕЦ,
фота з інтэрнэт-крыніц
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны