Падкідыш

Галасісты шпак Васіль знайшоў прывабнае дупло на высокай асіне. Заслаў яго травой, поўсцю жывёл, птушынымі пер’ямі. Усеўся на галінку і стаў весела спяваць. Заўважыла Васіля шпачыха Вольга. Пазнаёміліся яны, спадабаліся адно другому, і вырашылі жыць разам у новым дупле. Праз нейкі час пачала Вольга адкладваць яйкі. Не ведалі шпакі, што сачыла за імі зязюля. Выбрала зручны момант, калі гаспадары дупла шукалі ежу, ды і падкінула ім сваё яйка. Па колеры яно было падобнае, але па памеры крыху меншае. Пачалі птушаняты вылупляцца. Узрадаваліся бацькі, але ўбачылі яны сярод малых незнаёмае птушаня.

— Хто гэта? — спытаў Васіль у жонкі, — Здаецца, не наша малое?

— Сапраўды так, — разгублена адказала Вольга. — Трэба ў кагосьці спытаць. Можа, Лясун скажа, што рабіць? Ляці, даражэнькі, хутчэй.

Прыляцеў Васіль да дзядулі. Распавёў яму, што і як. Слухаў Лясун, хмурыўся. 

— Слухай сюды, шпачок. Гэта птушаня зязюлі, — сумна сказаў дзядуля.

— І што цяпер рабіць? — спытаў Васіль.

— Ты не першы, з кім гэта здарылася. Адны птушкі пазбаўляюцца ад падкідыша. А хто не паспеў, у тых бацькоў малая зязюля выкідвае птушанят з гнязда. Што рабіць? Вырашаць вам. Усіх у лесе шкада, але могуць загінуць твае родныя дзеткі. 

— Як так? Загубіць малога? А можа, усё будзе інакш? Мы яго будзем гадаваць як роднага.

— Не ведаю. Не было такога раней. Сумняваюся. Але гэта вам вырашаць, як быць і што рабіць. Я вас папярэдзіў.

— Дзякую, Лясун, — адказаў Васіль і адправіўся назад. 

Пакуль ляцеў шпак, налавіў казурак, накарміў ён Вольгу ды птушанят. Распавёў потым усё жонцы. Паглядзела Вольга на малых і кажа:

— Вось што я думаю. Дупло ў нас вялікае, усім месца хопіць. Ежы ў лесе шмат, усіх накормім. А гэты падкідыш, адкуль ён ведае, што трэба рабіць? Будзе есці і моцы набірацца разам з нашымі дзеткамі. Як такога малога загубіць? Шкада.

— Можа і так. Будзем сачыць за ім. Думаю, каго выгадуем, той у выніку і будзе, — адказаў Васіль.

Праляталі дзень за днём. Працы ў бацькоў хапала. Цэлы дзень яны ляталі па лесе і кармілі дзетак. Елі птушаняты шмат, але і раслі хутка. Пасябравалі малыя шпачкі і зязюлька. Днём птушаняты весела гулялі ў дупле, а ноччу грэліся, прыціснуўшыся да мамы. Нікому шпакі не казалі пра падкідыша. 

— Лепей, каб усё было ў сакрэце. Пачнуць нас вучыць жыццю і страшыць. Добрая наша зязюлька. Не бачу я ў ёй пагрозы для нашай сям’і, — сказала шпачыха.

— Так, згодны з табой. Можа, Лясун што і наблытаў пра зязюль. Думаю, што шмат чаго залежыць ад бацькоў. 

— Мусіць, так, — адказала Вольга.

Прайшоў яшчэ нейкі час, сталі вялікія птушаняты. Надышла пара ім вучыцца лётаць. Павылазілі шпачкі з дупла, а зязюля ў праход праціснуцца не можа. Вырасла птушка нашмат большая за сваіх братоў і сясцёр.

— Давай, паціху вылазь, — падбадзёрваў бацька Васіль.

— Не выходзіць, не магу праціснуцца, — скардзілася зязюля. 

— А ты пакруціся — і прасунешся, — вучыла маці Вольга.

— Не, лепей я адсюль за ўсім сачыць буду, — з сумам адказала зязюля.

— Не журыся, мы нешта прыдумаем, — бадзёра сказаў Васіль і пачаў вучыць птушанят лятаць.

На наступны дзень вырашылі бацькі злятаць да дзядулі Лесуна, параіцца.

— Сядзіце ціха, з дупла не вылазьце. Драпежнікаў вакол шмат, — павучаў Васіль. — Мы хуценька вернемся.

Толькі зніклі бацькі, малыя шпачкі адразу павыляталі з дупла, паселі на галінках і пачалі спявяць. 

А тым часам з’явіўся дзікі кот Мурзік, які збег з хутара. Пачуў кот гучныя спевы шпачкоў і думае: «Вось мне і сняданак. Малыя лятаць яшчэ не ўмеюць, схаваюцца ў дупло, а я іх адтуль і павыцягваю». Заскокнуў Мурзік на дрэва і хутка дапоўз да птушак. Убачылі яго шпачкі, запішчалі ад страху і разляцеліся ў розныя бакі. А зязюля засталася сядзець у дупле. Раззлаваўся кот і кажа:

— Навучыліся яны ўжо лятаць! Добра. Пагляджу, што цікавага ёсць у дупле. 

Прыціснуў Мурзік пысу да ўвахода, але нічога не ўбачыў. Прыслухаўся. 

— Быццам нехта там заварушыўся. Дакладна! Схавалася ў дупле яшчэ адно птушаня! І хто гэта там сядзіць? — прамармытаў хітры кот.

У той момант сэрца ў зязюлі амаль што не выскоквала ад страху. Убачыла лапу з вострымі кіпцюрамі, прыціснулася да сцяны. Добра, што дупло было глыбокім. Не змог Мурзік дацягнуцца да зязюлі. А малыя шпачкі справіліся са сваім страхам і накінуліся на злыдня. Пачалі яны пішчаць ды кружыцца вакол ката. Прышоў час спалохацца Мурзіку. Учапіўся ён адной лапай за дрэва, а другою стаў адмахвацца ад шпачкоў. Замяўкаў ад страху ды паляцеў уніз. Запішчалі шпачкі радасна. Праз некалькі хвілін падляцелі бацькі, а з імі дзяцел Мікола. 

— Так, дзеці, чаго вы тут лятаеце? — спытаў сур’ёзна шпак Васіль.

— Кот хацеў улезці ў дупло!

— Мы адразу спужаліся і разляцеліся!

— А потым вярнуліся і прагналі яго!

Адказвалі наперабой шпачкі. 

— Вось і пакінь вас адных! Больш так рабіць не будзем, пакуль не падрасцеце. Сядзелі бы ў дупле ціха, кот бы вас не пачуў. Што прагналі яго — малайцы. Так усё жыццё і рабіце. Толькі разам можна справіцца з ліхам, — сказала Вольга.

— А што будзе з нашай сястрой?

— Як яна вылезе з дупла?

На што Васіль адказаў:

— Зараз Мікола павялічыць праход, і вылезе ваша сястрычка. Гэта дзядуля Лясун прыдумаў.

Вылецела зязюля з дупла, уселася на галінку і кажа:

— Вялікі дзякуй вам, шпакі. Вы мая сям’я. Але стала я вялікая для вашага дупла. Прышоў час самой пра сябе клапаціцца. Да пабачэння! 

— Ляці, калі так вырашыла, — сказала Вольга. — Будзь шчаслівая!

Паляцела шэрая птушка ў лясны гушчар, а шпакі ўселіся на галінке і пачалі спяваць свае дзіўныя спевы.

Астатнія казкі чытайце на старонках часопіса!     

Андрось ЧАБАРОК

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *