Форма з пагонамі: як выбраць прыдатны ВНУ з юрыдычнай спецыялізацыяй

Рубрыка «PROпрафесію»
Высокі ўзровень інтэлекту і шырокі кругагляд, эрудзіраванасць і аналітычны склад розуму адрозніваюць юрыста. Спецыялісты гэтай сферы таксама вядомыя сваёй здольнасцю рацыянальна і аператыўна прымаць
важныя рашэнні. Юрыстам ўласцівыя сумленнасць і непрадузятасць. Юрыспрудэнцыя заўсёды карысталася асаблівай павагай і зараз лічыцца адной з найбольш прэстыжных сфер. Тыя, хто надае ўвагу руплівай працы і бесперапыннаму развіццю навыкаў, а таксама падтрымлівае станоўчую рэпутацыю, могуць разлічваць на паспяховае прасоўванне па кар’ернай лесвіцы. Многія выбітныя адвакаты, пракуроры і суддзі пачыналі свой шлях у першую чаргу з адпаведнай адукацыі.
 
Пасля дзявятага і адзінаццатага класаў абітурыенты маюць магчымасць паступіць на спецыяльнасць «Правазнаўства» юрыдычнага каледжа БДУ па конкурсе бала атэстата. Сёлета плануюць набраць 25 навучэнцаў з базавай адукацыяй і 25 — з сярэдняй. У 2023 годзе прахадныя балы склалі 9,9 (пасля дзявятага класа) і 9,5 (пасля адзінаццатага класа) на дзённую бюджэтную форму, 9 і 9,1 (пасля дзявятага і адзінаццатага класаў адпаведна) на дзённую платную. Конкурс падчас мінулай уступнай кампаніі быў таксама досыць
вялікі: з базавай адукацыяй — 3,8 чалавека на бюджэт і 1,3 — на платнае, а таксама з сярэдняй — 3,5 (бюджэт) і 1,5 (платнае). Інтэрнат жа пасля дзявятага класа прадастаўляецца па-за чаргой, а пасля адзінаццатага — толькі пры наяўнасці льгот.
Выбар абітурыентаў таксама можа ўпасці на тую ж спецыяльнасць «Правазнаўства» Каледжа бізнесу і права, дзе праходзіць набор пасля дзявятага і адзінаццатага класаў па конкурсе бала атэстата. Навучанне праводзіцца толькі на платнай аснове, а сёлета прадастаўлена 104 месцы для навучэнцаў з базавай адукацыяй і 30 — для рабят з сярэдняй адукацыяй. Адпаведна, прахадныя балы склалі 7,1 і 8,1. Пасля адзінаццатага класа ёсць магчымасць паступіць на завочнае навучанне: летась гэта было магчыма з 6,3 баламі атэстата, у план набору ўваходзіць 90 месцаў. На жаль, каледж не дае месцы ў інтэрнаце.
Студэнты, якія скончылі юрыдычную спецыяльнасць у Каледжы бізнесу і права могуць працягнуць навучанне ў вышэйшых навучальных установах краіны ў скарочаныя тэрміны без праходжання цэнтралізаванага
тэсціравання. Усяго ў Беларусі існуе каля 10 ВНУ, куды абітурыенты могуць паступіць па завяршэнні 11 класаў. Аднак мы разгледзім сем найлепшых варыянтаў для атрымання вышэйшай адукацыі.
 
Падрыхтоўкай запатрабаваных, а галоўнае, высакакласных спецыялістаў для забеспячэння нацыянальнай бяспекі займаецца Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь. Факультэт права прапануе спецыяльнасць «Правазнаўства», на якую сёлета плануецца набраць 90 студэнтаў на бюджэтную дзённую форму навучання і 90 — на платную завочную. Для паступлення абітурыенты павінны падаць атэстат і здаць тры экзамены, два з якіх у форме ЦЭ і адзін — ЦТ: руская або беларуская мова, грамадазнаўства і замежная мова. Адпаведна, экзамен па фізічнай падрыхтоўцы не здаецца. Прахадны бал за мінулы год склаў 267. «Правазнаўства» ёсць і на юрыдычным факультэце БIПа — універсітэта права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій. Прыватны інстытут прапануе толькі платную дзённую і платную завочную формы навучання. Для паступлення сюды варта здаць тыя ж рускую ці беларускую мову, грамадазнаўства і замежную мову. А прахадныя балы склалі 234 на вочнае навучанне і 202 — на завочнае.
 
Удзел у міжнародных конкурсах па розных галінах права, мадэляванне судовых пасяджэнняў і праца ў крыміналістычнай лабараторыі чакаюць студэнтаў падчас навучання на юрыдычным факультэце БрДУ імя А. С. Пушкіна. Сёлета на спецыяльнасць «Правазнаўства» адкрыты набор на 30 бюджэтных і 45 платных месцаў на дзённым навучанні. Таксама ВНУ гатова прыняць 100 студэнтаў на платную завочную форму адукацыі. Аднак конкурс і прахадныя балы тут адны з самых высокіх: 9,29 чалавек на бюджэт
з прахаднымі 347 баламі і 1,49 чалавека на платнае з прахаднымі 285. Прыёмная кампанія для завочнікаў прайшла крыху спакайней: 1,25 чалавека з 148 баламі. Абітурыентам для паступлення варта здаць тыя ж прадметы, што і ў папярэдніх ВНУ: рускую ці беларускую мову, грамадазнаўства і замежную мову. Для іншагародніх студэнтаў таксама прадастаўлена магчымасць пражывання ў інтэрнаце, першакурснікам гарантавана засяленне. Юрыдычны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава мае амбіцыйную мэту сабраць у аўдыторыях самых таленавітых маладых людзей і зрабіць з іх сапраўдных спецыялістаў у сферы юрыспрудэнцыі. «Правазнаўства» чакае ў гэтым годзе 42 вочнікі і 10 завочнікаў бюджэтнай формы навучання, а таксама 25 вочнікаў і 55 завочнікаў платнай формы.
Прахадныя балы і конкурс за 2023 год на дзённую форму наступныя: 5,94 чалавека з прахаднымі 349 баламі і 1,5 платнікаў з 312 баламі. На завочнае навучанне — 253 балы з конкурсам у 4,8 чалавека (бюджэт) і 1,1 чалавека на месца з прахаднымі 202 баламі (платнае). Сітуацыя з экзаменамі ўсё тая ж, а пражыванне для студэнтаў прадастаўляецца ў пяці карпусах інтэрната. У працэсе навучання на юрыдычным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы асаблівая ўвага надаецца практыцы і знаёмству з інавацыйнымі тэхналогіямі. «Правазнаўства» тут адкрывае дзверы ў сферу юрыспрудэнцыі 20 студэнтам бюджэтнага і 100 платным навучэнцам дзённай формы, а таксама прадастаўлена магчымасць завочнага навучання 3 бюджэтнікам і 49 платнікам. Адпаведна, прахадныя балы на дзённую форму склалі 364 (бюджэт) і 276 балаў (платнае). Такім чынам, на завочную форму — 241 бал на бясплатнай аснове і 209 — на платнай. Уступныя выпрабаванні застаюцца тымі ж. ВНУ забяспечвае студэнтаў месцамі ў інтэрнаце.
 
Кацярына КОРАНЬ
Фота з интэрнэт-крыніц

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *