Цёця: жонка Перуна ці звычайная божая кароўка?
Рубрыка «Міфалогія»
Калі прыслухацца да гучання летніх палёў, можна пачуць таямнічы жаночы голас. Гэта Цёця – багіня лета, плоднасці і ўраджайнасці. Размаўляючы з прыродай, яна дбае пра дабрабыт людзей, бо просіць у яе шчодрага года. Ветліва ўсміхаючыся сонейку, гэтая мажная, прыгожая жанчына са спелым калоссем у руках уладарыла на нашай зямлі кожнае лета. Таксама Цёця лічыцца жонкай Перуна – бога навальніцы. За гэтага яе яшчэ называюць Грамаўніцай ці Цёткай-Грамаўніцай. Падчас навальніцы Пярун пускаў грымоты і маланкі, а Цёця – нябесную вільгаць, якая і спрыяла ўрадлівасці. Лічыцца, што яна з’яўляецца першым водгукам грому ў маі, пасля чаго і пачынае набліжацца лета.
Існуе меркаванне, што фраза «голад не цётка» пайшла менавіта ад прымаўкі сялян «голад не Цёця, падапрэ – лыка з’еш». Бо ў летні перыяд, падчас яе панавання, заўсёды можна было знайсці, што паесці. У цёплы час прырода адорвала людзей багаццем ягад, грыбоў, траў, садовага і агароднага ўраджаю. Вобраз самой багіні вельмі падобны на лета. Яе прыгожыя валасы, як саспелае жыта, развіваюцца лёгкім летнім ветрыкам. Сукенка колеру яснага неба, абсыпана ягадамі суніцы і трускаўкі. Яна ціха крочыць босымі нагамі па цёплай зямлі, спявае разам з птушачкамі і сочыць за парадкам.
Акрамя жаночай постаці, яна можа пераўтварацца ў божую кароўку і з’яўляцца ў яе вобразе людзям. Так яна звязвае зямное жыццё са светам багоў. Існуе легенда, што сам Пярун за здраду ператварыў сваю жонку ў божую кароўку. Цікава тое, што, нягледзячы на такія легенды, гэта маленькая казурка сапраўды шанавалася многімі народамі – нашымі продкамі ў тым ліку. Ёй надавалі вялікую колькасць якасцяў, якія пераплятаюцца з якасцямі Цёці. Яны маюць агульную мэту – дараваць людзям плоднасць, ўрадлівасць і ахову ад усяго дрэннага.
Першае свята багіні Цёці, або Грамаўніцы, прыходзіцца на першыя дні лютага, калі можна пачуць адзіночныя раскаты грому. Называецца гэта свята – Грамніцы. Другое – на пачатку жніўня. У гэты дзень звычайна бушуюць моцныя дажджы і маланкі, а пасля іх вада ў вадаёмах пачынае астуджвацца. Са шматлікіх легенд мы звыклі ўяўляць гаспадаром нябёс і навальніцы Перуна на калясніцы і нават не задумваемся, што ён не адзін. У час, калі згушчаецца сіняе неба, калі яго праймаюць маланкі і чутны грымоты, магутны бог ідзе поплеч са сваёй каханай багіняй Цёцяй. У гэты момант яна абараняе зямлю і апякае чалавечыя старанні.
Так, па сённяшні дзень існуе традыцыя запальваць падчас моцнай навальніцы грамнічныя свечкі, каб абараніць хату ад магчымых бед. Яшчэ іх запальваюць падчас значных падзей у жыцці людзей і ў моманты, калі неабходна ахова. Апошнія часы цяжка прадбачыць надвор’е і надыход цеплыні. Ці звязана гэта з уплывам Цёці, ніхто не падкажа. Але мы ўсё адно можам звярнуцца да народных прыкмет, якія таксама кажуць, што грымоты ў маі спрыяюць ураджаю! Так ці інакш вобраз Цёці ўвасобіў у сабе шмат асаблівасцей, звязаных з летнім перыядам і прымеркаванымі да яго прыметамі. Гэта яшчэ раз пацвярджае цесную сувязь наваколля з міфалогіяй і фальклорам старадаўніх беларусаў. Па песнях, абрадах, прыкметах і прымаўках мы можам уявіць, якім былі іх жыццё і сістэма
каштоўнасцей.
Софія ТУРОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны