Восень і каханне ў паэзіі Анатоля Грачанікава
Рубрыка: Да 100-годдзя «Бярозкі»
У гэтым артыкуле мы разгледзім некаторыя творы прыроднай і інтымнай лірыкі. І не проста паэта, выдатнага майстра слова, а таксама галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» (1978 — 1982 гг.) — Анатоля Сямёнавіча Грачанікава. Якімі былі яны — восень і каханне — у паэзіі аўтара? Чым яны адметныя і чаму іх варта шанаваць?
Першае, што выклікала ў мяне асацыяцыю з А. Грачанікавым — гэта яго актавы пра каханне (заўв. аўтара: акта́ва — гэта васьмірадковы верш, радкі якога часцей за ўсё пішуцца пяцістопным або шасцістопным ямбам і рыфмуюцца па схеме АбАбАбвв). Калі прачытаеце іх, упэўнена, пагодзіцеся са мной: словы паэта можна разбіраць на цытаты.
У адной з актаў ёсць цікавае словазлучэнне, якое надоўга запала мне ў душу: «каханне — добраахвотная пакута». Гэтыя словы прымусілі задумацца, каб прыйсці да дзіўнай, але пацверджанай жыцёвым досведам высновы: ёсць людзі, якім даспадобы неўзаемна кахаць, прысвячаць вершы, бессэнсоўна дабівацца чыёйсьці ўзаемнасці і цудоўна разумець, што працягу гісторыі не будзе. Адным словам, звыкшы знаходзіцца ў «падвешаным стане» («Нібы падсудны, прагну я прысуду»), пачаць такім чынам «добраахвотна пакутаваць» пастаянна. Гэта жахліва!
Няма, напэўна, горай пакарання,
Калі не свеціць над табой каханне.
Мае рацыю Анатоль Грачанікаў… І ўсё ж не трэба губляць надзею на лепшае, а яшчэ — варта прыслухацца да запавету, які прагучаў у канцы адной з актаў паэта, дзе каханне параўноваецца з садам:
Прашу: аберагайце гэты сад
Ад марнатраўства, зайздрасці і страт.
На жаль, гэта не поўны пералік тых рэчаў, ад якіх трэба ахоўваць Каханне.
Актава «Свяці, кахання чыстая зара!..», дзе гэта пачуццё паўстае як нешта моцнае, што можа «ўсіх людзей з’яднаць чароўнай сілаю прарочай», скончваецца радкамі:
Бо, сапраўды, на свеце без кахання
Жыцця няма — ёсць толькі існаванне.
Варта азнаёміцца з актавамі А. Грачанікава яшчэ і таму, што ў іх ёсць так званая «ненавязлівая павучальнасць». Нам, бясспрэчна, часам не падабаецца, калі нам даюць парады, а літаратура — гэта той выпадак, калі пра жыццёвыя ўрокі персанажаў і лірычных герояў чытаеш з асалодай і падкрэсліваеш нешта для сябе. Як на мяне, гэта вялікі плюс творчасці. Лірычныя героі актаў сталі нібы добрымі старэйшымі сябрамі з багатым досведам, да іх сапраўды хочаш прыслухацца:
Жыццё ты за няўдачы не кляні,
Яго не па гадзінніку пясочным,
А па каханні нам адмерыў час.
I іншай долі не бывае ў нас.
Анатоль Грачанікаў напісаў не проста «вершыкі» пра каханне, а пераасэнсаваў яго ролю ў жыцці чалавека і даў парады, як яго знайсці і захаваць: «шануйце гэту крохкасць»…
Восень нездарма Якуб Колас назваў у адным са сваіх вершаў «водгуллем душы паэта». Шмат аўтараў прысвячалі свае творы гэтай пары года. Для Анатоля Грачанікава восень таксама была асаблівым часам: 8 верасня 1938 года паэт нарадзіўся ў вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна, а 23 кастрычніка 1957 года быў надрукаваны яго першы верш «Мара» ў газеце «Чырвоная змена».
Адзін з самых вядомых вершаў мае назву «Верасень», дзе ёсць радкі, якія вельмі трапна апісваць стаўленне паэта да гэтага месяца:
Мне даспадобы
Верасень заўжды.
I не таму, што ў ім я нарадзіўся.
У верасні мне свет увесь адкрыўся
У спеласці сакоўнай — малады.
Згадзіцеся, у верасні сапраўды адкрываецца іншы свет. Толькі каб разгледзець яго ва ўсіх фарбах і атрымаць асалоду, трэба праявіць назіральнасць і пільнасць. Твор скончваецца радкамі:
Лагодна-мяккі свет, нібы вашчына.
I дабратой прасвечана Айчына
У барвах баравіннага святла.
«У верасні і сам я, нібы сад, дзялюся з вамі думкамі-пладамі», — прызнаваўся А. Грачанікаў. У восені, безумоўна, часам ёсць і сумныя моманты, але аўтар умеў дадаваць і ў іх рамантызацыю і прыгажосць, што не можа не захапляць! Пасля светлага верасня і яркага кастрычніка ідзе менш вясёлы лістапад, але… не такі сумны, па сутнасці. Так, у вершы «Глыбокая восень» прысутнічае атмасфера містычная, таямнічая: начныя птахі, «навісь хмар азызлых», змрок, дзе, здаецца, нават дрэвы сцяліся… Паэт своеаасабліва надаў нежывому чалавечыя абліччы:
Зазімак ехаў у сваты
Да восені-перастаркі
Усе мы восенню задаём сабе розныя пытанні, як і лірычны герой твора «Жураўліная ноч», якога цікавіць, напрыклад, чаму так рана паляцелі ў вырай жураўлі: «Што ўзняло іх: крыўда, страх ці гора?», «Што ў гэты час прырода адчувала?» Адметнасць вершаў пра восень А. Грачанікава ў тым, што аўтар любы час, любое надвор’е ўмеў апісваць паэтычна і прыгожа. Здавалася б: што можа быць цудоўнага ў пахмурнай восені? А вы прачытайце «Жураўліную ноч»:
У журавінна-ядраным прасторы
Ужо лунаў дух першых маразоў.
Верш «Упершыню» аб’яднаў тэмы восені і кахання. У першых радках перад чытачом паўстае звычайная асенняя раніца, калі жыццё навокал замерла, знаходзячыся нібы ў салодкім сне перад доўгім, складаным, насычаным днём. Пейзаж даволі змрочны: «дым нахлупам навіс», «паветра — студзяністае, густое», «худнеў за вёскай хмызнякоў паўкруг»… Але апошнія радкі твора немагчыма прачытаць без усмешкі:
Упершыню салодка спіць пастух,
Упершыню яго не будзіць жонка
Бясспрэчна, гэта толькі малая частка аналізу лірыкі Анатоля Грачанікава, але, мяркую, ён натхніў пазнаёміцца з ягонай творчасцю бліжэй. Так што, шаноўныя чытачы, не губляйце шанец атрымаць асалоду ад сапраўднай, чароўнай паэзіі вялікага майстра слова, які столькі зрабіў для нашага ўлюбёнага часопіса!
Паліна ДВАРАНСКАЯ,
Філфак БДУ
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны