Навучанне, школа і як пра гэта распавядаць

Усіх вітаю! Мяне клічуць Арцём Ундока. Магу вам паведаміць, што мы з  ужо знаёмыя. На старонках часопіса вы маглі бачыць мае ілюстрацыі —  Бярозку і міфічных істот, якіх яна сустракае на сваім шляху. Але я не толькі мастак, а і рэпетытар беларускай мовы, якую  выкладаю анлайн і афлайн для людзей рознага веку амаль тры гады. Я з Расіі, з Яраслаўля, год таму пераехаў у Гродна. І беларускую мову засвоіў самастойна, шэсць гадоў таму, нягледзячы на дыплом настаўніка нямецкай і англійскай моў. Вывучэнне новых сістэм знакаў  даецца мне даволі лёгка, і прытым я магу даходліва патлумачыць пэўную моўную асаблівасць, таму вырашыў дзяліцца сваімі моўнымі ведамі з іншымі.

У часопісе «Бярозка» я буду весці навучальную рубрыку, з дапамогаю якой вы зможаце ўзбагачаць свой слоўнікавы запас на пэўную тэму. У межах  артыкулаў я буду тлумачыць адметныя выпадкі ўжывання тых ці іншых слоў ды выразаў і нават распавяду пра этымалогію — гісторыю ўзнікнення пэўных слоў. Абяцаю, гэта будзе цікаваю і карыснаю для ўсіх, хто жадае ўдасканаліць свае веды ў беларускай мове. Каля кожнай такой рубрыкі вы знойдзеце к’юар-коды, якія будуць спасылаць на практыкаванні, скіраваныя да замацавання.

Цяпер можам смела пачынаць. Верасень — гэта пара, калі трэба пераключыцца з адпачынку на навучальны працэс. Таму першай тэмай, какую мы закранем, будзе «Школьная і навучальная лексіка». Пачнем  нашу гутарку з узгадвання шляхоў атрымання ведаў. Гэты працэс можна акрэсліць рознымі словамі: «навуча́цца» (учиться, обучаться), «вывуча́ць» (изучать), «вы́вучыцца» (отучиться), «усведамля́ць» (осознавать), «засво́йваць» (осваивать). Трэба адзначыць, што дзеяслоў «вывучыцца» ў значэнні ‘авалодаць пэўнай прафесіяй, родам дзейнасці’ можа ўжывацца як з прыназоўнікам «на», так і з прыназоўнікам «за». Можна сказаць як «ён вывучыўся на дызайнера», так і «ён вывучыўся за дызайнера».

Не забудземся і на размоўную лексіку. Напрыклад, «натаскивать» —  гэта «нашпігоўваць». Так, можам сказаць: «нашпігоўваць па матэматыцы», «нашпігоўваць да экзаменаў». Для перадавання больш нейтральнага значэння скарыстаемся словамі «навучаць» і «рыхтаваць»: «навучаць матэматыцы», «рыхтаваць да экзаменаў». Для надання сваёй гаворцы гутарковай афарбоўкі можна скарыстоўваць словы «скеміць», «уцяміць», што маюць значэнне ‘смекнуть’. У незакончаным трыванні «кеміць» і «цяміць» маюць крызу іншы сэнс — ‘разбірацца ў чым-небудзь’. Напрыклад: «ён анічагуткі не цяміць у гэтым пытанні». З тым жа сэнсам, але са зняважлівай афарбоўкай ужываецца дзеяслоў «шаплопаць». Так, у творы Якуба Коласа «Дрыгва» чытаем: А толькі так дзянькі праз два/ Шалопаць стала галава.

Падчас размовы пра працэсы навучання, можна ўжываць устойлівыя выразы: «атрымліваць веды» ці «перадаваць веды», «атрымліваць адукацыю», «адукоўваць», «даваць асвету». Апошняе значыць ‘прасвятляць’ (просвещать). Да прыкладу: «ёй падабаецца даваць асвету моладзі», то-бок ‘даваць веды моладзі’. Зазначу, што на беларускую мову слова «образовывать» ў значэнні ‘даваць адукацыю’ перакладаецца як «адукоўваць», а ў значэнні ‘штосьці фарміраваць’ — «утвараць». Нароўні з пералічанымі дзеясловамі азнаёмімся з назоўнікамі, што дапамагаюць гутарыць пра атрыманне ведаў, як то «асвета», «адукацыя», «звесткі», «навучальны матэрыял», «інфармацыя», «падрыхтоўка», «кваліфікацыя», «навучанне». Інфармацыі ўжо даволі шмат, таму для таго, каб вы замацавалі ўсе прыведзеныя словы ды выразы, дадаю да гэтай часткі артыкула к’юар-код са спасылкаю на заданні, што дапамогуць вам засвоіць  атрыманыя звесткі.

Цяпер мы трошку адпачнём, і я паведамлю вам пра свой уласны выпадак, звязаны з пашырэннем асветы. Рэч у тым, што я не толькі ілюстратар, але і заснавальнік афлайнавага размоўнага клуба па беларускай мове ў Гродне «Мова для ўсіх».

Як жа быў створаны клуб? Гісторыя такая: калі навучаўся на трэцім курсе Яраслаўскага педагагічнага ўніверсітэта на спецыяльнасці «Настаўнік нямецкай і англійскай моў», я ўжо досыць добра валодаў беларускай мовай, таму вырашыў адзначыць на сайце для рэпетытараў, што я магу выкладаць не толькі нямецкую і англійскую мовы, але і беларускую. На дзіва, першая вучаніца напісала мне праз месяц пасля таго, як была апублікавана мая анкета. Падчас працы з ёй да мяне пачалі звяртацца ўсё новыя вучні. За два гады я папрацаваў з 20 вучнямі, пяцярых з іх  навучаю беларускай мове дасюль. Калі я скончыў універсітэт у Яраслаўлі, паўстала пытанне, датычнае далейшага жыццёвага шляху: альбо працягнуць навучанне на магістратуры, альбо зрабіць іншы выбар. Дзякуючы выкладанню, я падвысіў сваю кампетэнтнасць у галіне беларускай мовы, таму прыняў рашэнне пераехаць у Беларусь, у Гродна, з мэтаю пошуку працы. Працаўладкаваўся на пасаду карэктара ў мясцовай газеце і ўразумеў, што дакладна застануся ў гэтым горадзе.

Праз два тыдні знаходжання ў Гродне я выпадкам завітаў у краму «Шустры Вожык» на майстар-клас па лепцы. Там я пазнаёміўся з гаспадыняй крамы і дамовіўся з ёю і маёй знаёмай пра стварэнне размоўнага клуба па беларускай мове, каб гутарыць з людзьмі рознага веку на ўсялякія тэмы — хобі, вадроўкі, цікавыя гісторыі з жыцця — і абменьвацца досведам. Спакваля клуб развіўся, мы ўтраіх знайшлі добрую аўдыторыю для размоў, пачалі ладзіць гутаркі штосераду і зразумелі, што адных гутарковых сустрэч недастаткова, бо трэба ўдасканальваць свае веды ў беларускай мове, каб было лягчэй камунікаваць. З гэтай нагоды па аўторках мы вырашылі праводзіць навучальныя сустрэчы і такім чынам дамагліся гарманічнага існавання клуба «Мова для ўсіх», які спрыяе атрыманню  асветы і асалоды ад утульных гутарак з людзьмі рознага веку.

Вернемся да нашай папярэдняй тэмы. Школа — гэта, вядома, асноўны інстытут адукацыі, таму цяпер, пасля маёй гісторыі пра пашырэнне ведаў, мы азнаёмімся з лексікаю, звязанаю са школай — галоўнай крыніцай навучання. Спачатку ўзгадаем назвы школьнага прыладдзя вучня ці вучаніцы. Гэта «алоўкі» (каляровыя ці графітныя), «ручкі», «гумка» ці «сцірка», «цыркуль», «сашчэпкі» (скрепки), «канцылярскі карэктар», «лінейка», «тэкставылучальнік». Усе канцылярскія прылады змяшчаюцца ў «пенал» ці «футарал». Цікавы момант датычыцца «ручкі»: часам, каб ў гутарцы было зразумела, што маецца на ўвазе пісьмовая прылада, а не ручка пэўнага прадмета, ужываецца слова «асадка», якое ўтварылася ад дзеяслова «асадзіць» — ‘уставіць у аправу, корпус’. Трэба зазначыць, што падчас заняткаў у школе нам сустракаюцца і іншыя словы — «дошка», «крэйда», «анучка», «сшыткі», «падручнікі», «дапаможнікі» (пособия), «дзённік». Усе гэтыя прадметы дапамагаюць нам у працэсе засваення новых ведаў.

Школа непарыўна звязаная і з такімі двума словамі, як «адзнака» і «ацэнка». На цяперашні момант яны часцей за ўсё ўжываюцца ў якасці сінанімічных паняткаў, але, як настаўнік, магу вас запэўніць, што розніца ёсць. «Адзнака» — гэта бал, які мы атрымліваем, а «ацэнка» — гэта характарыстыка, якая разумецца пад пэўным балам. Напрыклад, «дзевяць» — гэта адзнака, а «выдатна» — ацэнка.

Вядома школьнае жыццё спалучана і з такімі словамі, як «настаўнік», «дырэктар», «завуч», «класны кіраўнік», «перапынак», «расклад», «заняткі», «школьныя прадметы», «званок», «журнал» (часопіс — перыядычнае выданне). Можна прыводзіць  шмат слоў гэтай тэматыкі, таму на заканчэнне мы засяродзім сваю ўвагу на адным з найцікавейшых школьных словаў. Як вы назавяце па-беларуску «камчатку», то-бок самы задні шэраг партаў? Гэта завецца «вырай», як і цёплыя краі, куды вылятаюць на зіму пералётныя птушкі. Вельмі прыгожая і паэтычная назва! Адсюль паходзіць выраз «сядзець на выраі» — за заднімі партамі.

На гэтым мы можам скончыць нашы першыя заняткі з серыі «У сусвеце беларускай мовы». Побач з тэкстам вы бачыце к’юар-коды. Навядзіце на іх камеру тэлефона і падключыцеся да інтэрактыўных практыкаванняў, выкананне якіх дапаможа вам замацаваць атрыманыя веды.

Арцісь ГУРДАЕЎ

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *