На спорце: якія ВНУ прапануюць навучанне будучым трэнерам?
Культ падцягнутага цела і моцнага духу заўсёды быў папулярны. Адказныя бацькі адпраўляюць сваіх дзяцей ў розныя секцыі, а ўжо свядомыя дарослыя самастойна наведваюць залу для трэніровак. Тут і адбываецца знаёмства з падрыхтаванымі спецыялістамі — трэнерамі, якія напраўляюць нас да свету спартыўнага ладу жыцця.
Асновай прафесіі з’яўляецца шчырая зацікаўленасць настаўніка, без якой складана матываваць і навучаць іншых. Пры гэтым арганізаванасць, камунікабельнасць і эмпатыя таксама важныя. Трэнеру неабходна знаходзіць агульную мову са сваімі падапечнымі, разумець асаблівасці і патрэбы кожнага, а таксама складаць эфектыўныя праграмы трэніровак. Але важна разумець, што не ўсе вучні хутка засвойваюць матэрыял і дасягаюць жаданых вынікаў. Таму спецыяліст павінны валодаць цярпеннем і чуласцю.
Трэнерская дзейнасць сапраўды шматгранная і ўключае мноства спецыялізацый:
- Па відзе спорту (футбол, баскетбол, валейбол і інш.);
- Па ўзроставых катэгорыях (для дзяцей, падлеткаў, дарослых і пажылых людзей);
- Па ўзроўні падрыхтоўкі (для пачаткоўцаў, прасунутых і прафесіяналаў);
- Па накіраванасці (рэабілітацыя, пілатэс, ёга) і іншыя.
Для прасоўвання па кар’ернай лесвіцы спецыялістам неабходна шточас павышаць сваю кваліфікацыю, сачыць за тэндэнцыямі і назапашваць практычны досвед.
Пайсці ў трэнерскую сферу можна ўжо з 9 класа. Каледжы нашай краіны прымаюць абітурыентаў на спецыяльнасць «навучанне фізічнай культуры»:
- Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Я. Коласа — бюджэт — 30 месцаў — 16,7 балаў;
- Гуманітарны каледж установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы» — бюджэт — 80 месцаў — 14,7 балаў;
- Горацкі педагагічны каледж установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова» — бюджэт — 28 месцаў — 12,6 балаў;
- Салігорскі Дзяржаўны Каледж — бюджэт — 25 месцаў — 15,4 балаў.
Паступленне залежыць не толькі ад бала атэстата, але і ад паспяховасці праходжання ўступных выпрабаванняў. Яны ўключаюць ў сябе бег 30 м/с, нахіл наперад з зыходнага становішча на падлозе, падцягванне на перакладзіне ў вісе для юнакоў або падыманне тулава для дзяўчат, чаўночны бег 4×9 м, скачок у даўжыню з месца, бег 1500 м для юнакоў і 1000 м — для дзяўчат. Тэрмін навучання ў кожным з каледжаў складае 2 гады і 10 месяцаў. Таксама абітурыентам прапануюцца падрыхтоўчыя курсы для больш упэўненай здачы экзаменаў.
А вось адзінай профільнай вышэйшай навучальнай установай у краіне стаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. На 5 факультэтах размясцілася каля 80 спецыяльнасцяў, а таксама вну мае 2 інстытуты, турыстычны цэнтр і вышэйшую школу трэнераў. Тут праводзяцца навуковыя міжнародныя семінары і канферэнцыі пры супрацоўніцтве з універсітэтамі Швецыі, Германіі, Кітая і іншых краін. А сам БДУФК абсталяваны шматфункцыянальнымі спартыўнымі збудаваннямі, дзе праводзяцца навучальныя трэніроўкі, буйныя спаборніцтвы і рэспубліканскія фестывалі. Асаблівым жа гонарам сталі выпускнікі ўніверсітэта: Аляксандр Мядзведзь, Вікторыя Азаранка, Уладзіслаў Ганчароў і іншыя. Спартсмены БДУФК ужо больш за 150 разоў падымаліся на Алімпійскі п’едэстал.
Сёлета на дзённую форму навучання па спецыяльнасці «трэнерская дзейнасць» набралі 347 чалавек. На бюджэт прахадны бал склаў 255 з 400 магчымых і 231 – на платнае аддзяленне. Абітурыенты акрамя прыкладанага атэстата для паступлення здаюць наступныя экзамены:
- ЦТ/ЦЭ беларуская або руская мова (на выбар);
- ЦТ/ЦЭ біялогія;
- Фізічная культура і спорт (унутранае выпрабаванне, якое складаецца з 6 нарматываў).
Універсітэт прапануе экспрэс-курс у выглядзе 2-тыднёвай падрыхтоўкі да будучага выпрабавання, пасля якога лягчэй здаць экзамен ва ўжо знаёмай спартыўнай зале. Але як жа праходзіць само навучанне ў студэнтаў вну?
— Наша вучэбная праграма некалькі адрозніваецца ад іншых. Мы атрымліваем не толькі тэарэтычныя веды, але і шырокую практычную падрыхтоўку, што дазваляе нам, студэнтам, максімальна пагрузіцца ў прафесію. Штодня мы вывучаем асновы фізіялогіі, спартыўнай медыцыны і псіхалогіі. Прычым мне адразу ўспамінаецца пара па анатоміі, — з усмешкай распавядае студэнтка 2 курса Марыя Траўнікава. — Нам паказвалі сапраўдныя чалавечыя косці, шкілеты і плакаты з рознымі часткамі цела, з дапамогай чаго стала лягчэй разумець, як уладкаваны любы з нас. Практычныя заняткі праходзяць у сучасных спартыўных залах і на адкрытых пляцоўках, дзе мы адпрацоўваем тэхніку і вучымся правільна падбіраць нагрузку. Гэта паляпшае фізічныя навыкі і ўменне працаваць з рознымі катэгорыямі спартсменаў — ад пачаткоўцаў да прасунутых. Акрамя таго, у БДУФК асаблівая ўвага надаецца развіццю лідарства, камунікабельнасці і ўменню матываваць іншых. Мы вучымся быць не толькі добрымі спецыялістамі, але і сапраўднымі настаўнікамі, якія натхняюць сваіх вучняў!
Адукацыю па спецыяльнасці «трэнерская дзейнасць» можна атрымаць і ў рэгіянальных гарадах Беларусі:
- Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава — бюджэт (16 месцаў, залічаны пераможцы розных алімпіяд), платнае (5 месцаў, 165 балаў);
- Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы — бюджэт (25 месцаў, 257 балаў), платнае (5 месцаў, 244 балы);
- Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова — бюджэт (15 месцаў, 188 балаў);
- Палескі дзяржаўны ўніверсітэт — бюджэт (15 месцаў, 177 балаў), платнае (5 месцаў, 181 бал);
- Гомельскі ўніверсітэт імя Ф. Скарыны — бюджэт (20 месцаў, 192 балы), платнае (30 месцаў, 150 балаў).
Кацярына КОРАНЬ,
факультэт журналістыкі БДУ
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА