Пастка

Неба нібыта прадзіравілася. Кожны дзень ішлі дажджы. Усё вакол стала шэрым, змрочным і маркотным. Пад густой елкай ляжаў стары воўк Ваваныч. Халодная вада капацела на даўно ўжо мокрую скуру воўка. Два дні ён нічога не еў. У ягоным пустым страўніку нешта непрыемна бурчала. Ваваныч уздрыгваў ад холаду і думаў:

«Трэба неяк устаць і знайсці ежу. Так ад голаду можна і памерці. Можа, сустрэнуцца якія-небудзь хворыя заяц або казуля? Быў бы маладзейшы, дык збегаў бы на хутар. Там і козы, і авечкі, і маладыя цяляты. А цяпер мне толькі мышэй лавіць засталося. Лапы баляць, спіна баліць, сам ледзь хаджу. Які ўжо з мяне паляўнічы? Ды яшчэ чуў я: забягае ў наш лес Аднавокі воўк са сваёй зграяй. Мне такі канкурэнт не па зубах! Трэба ўстаць і ісці. Здабыча сама не прыйдзе».

Падняўся Ваваныч і павольна пабрыў па мокрым лесе. Было ў яго прадчуванне нейкай бяды, якое цягнулася ўжо два дні. Але ўсё жыццё хавацца не станеш. Ішоў воўк, азіраўся па баках, прыслухоўваўся. Раптам лязгнула жалеза, і востры боль асляпіў старога воўка. Паглядзеў ён на лапу і завыў ад жаху. Вострыя жалезныя зубы моцна трымалі яго.

«Пастка! прастагнаў Ваваныч, — трэба выдраць лапу!»

Стаў ён цягнуць, але ад болю пацямнела ў вачах. Доўгі жалезны ланцуг быў прычэплены за пастку, другі канец быў абматаны вакол тоўстай сасны. Паспрабаваў воўк перагрызці ланцуг, ды толькі пакрышыў свае зубы. Зваліўся ён на мокрую глебу і завыў ад болю і крыўды.

З вясёлым рыкам зграя Аднавокага важака гнала казулю. Хоць і бяжала бедная хутка, але ўжо даўно стамілася і не ведала, дзе схавацца. Азірнулася казуля назад ды зачапілася за стары пень. Хруснула ў тонкай назе костка ды і зламалася. Звалілася бедная казуля і ўстаць ужо не змагла. Праз некалькі хвілін галодныя ваўкі знайшлі сваю здабычу. Задаволены Аднавокі важак паглядзеў на сваю зграю і сказаў:

— Ешце, зубаскалы, і можаце адпачыць. У мяне ёсць яшчэ адна справа.

Накаркалі важаку вароны, што Ваваныч трапіў у пастку і ляжыць нямоглы. «Вось і нагода адправіць старога на спачын», ухмыляючыся падумаў Аднавокі драпежнік.

Тым часам Лясун сядзеў за сталом, слухаў шум дажджу і піў гарбату з малінавым варэннем. Раптам у дзверы нехта пастукаў. Дзядуля адчыніў і ўбачыў пугача Нікадзімыча.

— Прывітанне табе, крылаты! сказаў Лясун. Чаго такім дажджом лётаеш? Або здарылася што?

— Дрэнныя справы ў лесе робяцца. Аднавокі зноў сваю зграю ў наш лес прывёў, душаць звяроў без разбору.

— Ды чуў я. А дзе воўк Ваваныч?

— Дык бяда з ім здарылася. Трапіў ён у пастку!

— Чаго ты спачатку пра гэта не сказаў? Зараз я хуценька збяруся, трэба ратаваць старога.

Лясун паклаў у торбу розныя лекі, і яны пайшлі ў дождж.

— Паказвай, Нікадзімыч, шлях. Трэба спяшацца!

— Ды каб нас Аднавокі не апярэдзіў, правухкаў пугач і паляцеў у цемру.

Стары Ваваныч ляжаў у халоднай лужы, скуголіў ад болю і безвыходнасці. Чуў ён пагоню ваўкоў, жудасны вой галоднай зграі. Спадзяваўся, што не пачуюць яго драпежнікі. Але які лёс яго потым чакае? Прыйдзе заўтра паляўнічы і заб’е яго. І ніхто не дапаможа. Раптам пачуў ён цяжкія крокі: хтосьці ішоў у яго напрамку. Заціх Ваваныч, стаіўся.

— Ну што, стары, як справы? — раздаўся хрыплы рык Аднавокага. Мабыць, не чакаў ты мяне?

— Ідзі адсюль і забірай сваю зграю, смела адказаў Ваваныч і падняўся на лапы.

— Не той ты выбраў час, каб мне камандаваць! Адбегаў ужо сваё, час табе ісці на спачынак. А я дапамагу, змрочна прарычаў Аднавокі.

Кінуўся Аднавокі на Ваваныча, сталі яны драць адзін другога зубамі. Бойка ішла не доўга. Адбіваўся стары воўк як мог. Страціць яму не было чаго, акрамя гонару. Трымала Ваваныча пастка на ланцугу, ды і моцы біцца не было. Выкруціўся важак ды і ўхапіў за шыю Ваваныча, сціснуў яе вострымі зубамі, і памеркла святло ў вачах старога воўка. Пачакаў Аднавокі хвіліну, потым адпусціў шыю суперніка і завыў пераможна на ўвесь лес.

Пачулі Лясун і Нікадзімыч жудасны вой.

— Здаецца, спазніліся мы. Мабыць, загінуў Ваваныч, — крыкнуў пугач.

— Не балбачы лухты! Можа, яшчэ паспеем, адказаў Лясун, але сам ужо сумняваўся.

Прабіраліся яны праз балота. Нікадзімыч паказваў шлях, а Лясун імкнуўся не ўлезці ў дрыгву. Вось яны выбраліся і пайшлі па густым яловым бары.

— Далёка яшчэ? — спытаў дзядуля Лясун.

— Не, недзе тут, — адказаў пугач. — Ваваныч! Адгукніся!

Але вакол стаяла цішыня. Збяжала зграя ваўкоў са сваім важаком. Птушкі і звяры схаваліся ў сваіх гнёздах і норах. Толькі халодныя кроплі дажджу манатонна шамацелі па галінках дрэў.

— Тут ён! — крыкнуў Нікадзімыч. Але не паспелі мы

Лясун хуценька падбег да сябра і ўбачыў старога воўка. Ляжаў Ваваныч ужо нежывы. Дзядуля прыклаў вуха да лахматага цела.

— Сэрца ўжо не б’ецца. Шыю перагрызлі. Здаецца, Аднавокі зрабіў сваю чорную справу. Толькі ён на гэта здольны, — сказаў Лясун.

— Гэта так. Каб не пастка, яшчэ невядома хто б перамог. Наробіць гэты Аднавокі бяды ў нашым лесе, — адказаў пугач.

— Трэба пахаваць Ваваныча, не пакідаць жа яго тут.

— Канешне, заўтра прыйдзе чалавек правяраць сваю пастку. Каб ён сам у яе трапіў! — дадаў Нікадзімыч.

Пахавалі сябры старога ваўка пад вялікай елкай і адправіліся да хаты. Ішоў Лясун моўчкі, на душы было цяжка і сумна.

Андрось ЧАБАРОК

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *