Жалезны чалавек: што хаваецца за даспехамі беларускага волата
Заўсёды будзь асцярожны, схіляючыся над калодзежам ці балотам, бо ніколі не ведаеш, што можа чакаць цябе там. Або хто…
У беларускай міфалогіі існуюць не толькі істоты-ахоўнікі, але і злосныя пачвары, пераадолець якіх не так проста.
Калі падаецца, што нешта жалезнае цягнецца за вамі, лепш не азірацца і даць моцнага драпака. Бо сустрэўшыся поглядам з Жалезным чалавекам, застацца ў жывых будзе складана. У адрозненні ад персанажа Marvel, беларускі Жалезны чалавек зусім не герой, а нават наадварот.
Волат з жалеза хаваецца ў балотах і лясным гушчары. Але час ад часу можа выглядваць са сваіх уладанняў. Ён сочыць за захаванасцю балотнай руды, бо гэта асноўная крыніца яго існавання. Лічыцца, што яго вобраз старажытны, і паходзіць з часоў, калі чалавек толькі навучыўся пераплаўляць жалеза, а ўласцівыя яму рысы адлюстроўваюць якасці самога металу: цвёрдасць і жорсткасць. І з самага пачатку ён, як зброя, бязлітасна спараджаў варожасць паміж людзьмі.
Ёсць і рацыянальнае абгрунтаванне паходжання вобраза Жалезнага чалавека. Ваеннае абмундзіраванне нашых заходніх суседзяў яшчэ да сярэдзіны XVII стагоддзя захоўвала металічныя элементы. А кавалерыя рускіх войскаў амаль да XVIII стагоддзя была цалкам абмундзіраваная жалезнымі даспехамі. Ці вельмі ўразіўся б чалавек у тыя часы, убачыўшы ў глухім лесе ўзброены і цалкам пакрыты жалезнымі даспехамі вобраз? Дакладна так!
Беларускія землі некалькі стагоддзяў выступалі пляцоўкай для вялікай колькасці ваенных сутыкненняў і пацярпелі шмат бед. Колькі салдат не справілася з дрымучымі лясамі і злавеснымі балотамі нашай зямлі? — Гэта застаецца загадкай. Згадкі пра жалезнага волата, які выглядвае з дрыгвы, наўпрост сведчаць аб вялікай колькасці загінулых у багне варожых салдатах, якія яшчэ доўгія часы пужалі нашых продкаў, і такім чынам з’явіўся вобраз жудаснай пачвары.
Ніхто не адкажа дакладна, што ці ўсё ж такі Хто хаваецца на дне беларускіх балот. Можа, сапраўды, старадаўнія даспехі час ад часу падымаюцца з багны, а можа, за намі назірае сапраўдны ўладар твані…
Але Жалезнага чалавека можна лічыць і своеасаблівым абярэгам. Бацькі засцерагалі сваіх дзяцей легендамі пра страшнага жалезнага волата, які хаваецца ў непраходным лясным гушчары і топкіх балотах, каб тыя не лезлі куды не трэба і трымаліся далей ад небяспекі.
Між тым беларуская народная думка парадзіла не менш жудасны жаночы вобраз — Жалезную бабу.
Яна хаваецца бліжэй да людзей: у палях ды гародах. Невядома, колькі стагоддзяў ужо існуе гэта нізкарослая старая пачвара, але адзіны яе смярдзючы подых можа пазбавіць розуму. Вялізныя жалезныя грудзі цягнуцца за ёй па зямлі і наводзяць жудасць гукамі скрыгату. Кажуць, што жыве яна ў калодзежы і зацягвае туды непаслухмяных дзяўчат і хлопцаў, якія без дазволу адны ходзяць па палях і гародах. Глеба ўзнікнення вобраза Жалезнай бабы цалкам зразумелая — жаданне засцерагчы дзяцей. Але такі жудасны вобраз пужае і дарослых. Наўрад ці хто рызыкнуў бы сустрэцца з ёй ноччу пасярод поля. Страшныя гукі, гіпнатычны погляд і моцная хватка дакладна пераважаюць над нашымі магчымасцямі.
Таксама ў беларускай міфалогіі існавалі і іншыя «жалезныя» вобразы. Напрыклад, русалкі з жалезнымі грудзямі, жалезная баба-жаба, дэманічныя істоты з жалезнымі зубамі і іншыя. Для нас цікава тое, што аб’ядноўвае іх адзіны элемент — жалеза. Даследчыкі адзначаюць, што менавіта яно ў міфалогіі беларусаў і іншых славянскіх народаў часта выконвала функцыю адпужвання. Атрымліваецца, жалеза служыла не толькі на шкоду людзям, але і на карысць. Тым не менш, яно спарадзіла мноства страхаў, жудасных легендаў і вобразы тых, кім дагэтуль палохаюць гасцей Палескіх лясоў.
На прыкладзе такіх цікавых і дваістых вобразаў становіцца зразумела, наколькі самабытны і разнастайны беларускі фальклор. Народныя паданні і легенды хаваюць у сабе вялізарную колькасць павучальных гісторый, па-майстэрску афарбаваных фантазіямі і культурнымі асаблівасцямі нашых продкаў. І зараз можна толькі захапляцца непаўторнымі сюжэтамі і вобразамі, якія яны стваралі з усяго, што атачала іх у жыцці.
Софія Туронак
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА