Вера ў перамогу жыцця. Агляд творчасці Леаніда Шчамялёва
Вітаем вас у захапляльным свеце мастацтва!
Сёння мы адправімся ў падарожжа па маляўнічых і эмацыйных карцінах беларускіх творцаў, якія былі прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Стагоддзямі мастакі ўражвалі нас сваімі творамі, што перадавалі жудасць вайны, гераізм і мужнасць людзей, іх асобныя трагедыі і гісторыі. Адным з такіх майстроў быў Леанід Шчамялёў — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Народны мастак Беларусі нарадзіўся 5 лютага 1923 года ў Віцебску. На пачатак Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў горад Сямёнаў, дзе працаваў рабочым на чыгунналіцейным заводзе. Праз два гады мабілізаваны ў Чырвоную армію. Удзельнічаў у бітве за Дняпро, быў цяжка паранены пад Мазыром. Улетку 1944-га навучаўся ў кавалерыйскай школе і потым ваяваў у складзе 4-га Кубанскага казацкага корпуса. Быў узнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». Пасля скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1959-м Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
Таленавіты творца пакінуў нас 14 студзеня 2021 года і быў пахаваны на Усходніх могілках Мінска. На той момант яму было 98 год. Але, дзякуючы свайму таленту, творчай моцы, вялікай любові да Радзімы, людзей, ён падараваў беларускаму мастацтву дзясяткі твораў. Яго карціны адлюстроўваюць прыгажосць роднай хаты, беларускай зямлі, суайчыннікаў і раскрываюць разнастайныя тэмы. Аднак самымі важнымі сталі палотны, прысвечаныя вайне.
«Цяжкія гады» («Апалчэнец») (1964)
Адна з найважнейшых карцін у творчасці Шчамялёва стала спрэчнай яшчэ падчас стварэння. Нават дзве назвы пра гэта сведчаць: першая – каталожная, а другая — аўтарская, якая адлюстроўвае задуму. Яе сутнасць раскрыў сам майстар: «Боль растання — такі рэфрэн». Тут заўважныя і разважанні чалавека пра сваё жыццё, і разгубленасць выбару, і яго цяжар.
«Цяжкія гады» лічаць адным з яскравых прыкладаў «суровага стылю» савецкага мастацтва. Палатно адлюстроўвае лёс чалавека, які перажыў вайну, і яе невыносныя пакуты. Але калі твор разглядалі для адбору на рэспубліканскую выставу, яго раскрытыкавалі за песімізм і безвыходнасць, указалі на неабходнасць выпраўленняў. Тым не менш, аўтар не змяніў першапачатковы воблік карціны.
Леанід Шчамялёў — адзін з першых мастакоў, які хацеў паказаць усю цяжкасць і неаднабокавасць ваенных часоў. «Палявы трыбунал» — яшчэ адзін твор, які не ўсім прыйшоўся да душы. Гісторыя пра салдата-юнака, які чакае рашэння ваеннага суда: што з ім будзе за ягоную разгубленнасць, калі ён спужаўся ў сваім першым баі. Гэта візуальны аповед пра псіхічны стан чалавека, які ўпершыню сутыкнуўся з цяжкім жыццёвым выбарам.
«Маё нараджэнне» (1967)
Гэта карціна — вера ў перамогу жыцця. Паводле слоў дачкі мастака Маргарыты, яе бацька адлюстраваў нараджэнне ўласнага дару малявання. Нездарма ў цэнтры карціны ён змясціў сябе, сівавалосага, у нейлонавай кашулі па модзе 1960-х гадоў — прывід з будучыні, які не адчувае ў цяпле утульнай майстэрні ні парываў сцюдзёнага лютаўскага ветру, ні завеі, якая вось-вось ды абдыме парадзіху і дзіця. Вечны міф пра народзіны героя. І вайна міфічная: ці то грамадзянская, ці то Вялікая Айчынная.
«Маё нараджэнне» — у поўным сэнсе адлюстраванне «суровага стылю». Карціна стала адной з галоўных і ў творчасці Шчамялёва, і ва ўсім беларускім пасляваенным мастацтве. Ідэю палатна майстар задумаў у інстытуце, і яшчэ 10 год выношваў у сваім сэрцы. «Таемства нараджэння» перанеслася з гарадскога асяроддзя ў атмасферу партызанскага лагера. Такім чынам Леанід Дзмітрыевіч узвысіў ідэю перавагі чалавечнасці і жыцця над смерцю.
«Развітанне з Радзімай» (1981)
У аснове карціны — сямейная гісторыя. Дзядзька мастака Васіль, штабс-капітан царскай арміі, не прыняў рэвалюцыю і стаў удзельнікам белага руху. Баявы камандзір загінуў узімку 1920-1921 гадоў разам з іншымі членамі Добраахвотніцкай арміі ў Крыме падчас «чырвонага тэрору»… А на карціне ён, белы афіцэр, абдымае за шыю свайго каня якраз на крымскім чарнаморскім беразе — перад сваім апошнім выхадам у мора.
«Першы дзень міру» (1983)
Леанід Шчамялёў — творца, чые карціны змяшчаюць глыбокі сэнс і заклікаюць да міру. Яго творы выклікаюць у гледачоў моцныя пачуцці, прымушаючы задумацца пра жахлівыя наступствы вайны. Майстар пакідае свой след у гісторыі мастацтва, нагадваючы нам пра далікатнасць міру.
Ваенная тэма застанецца актуальнай і важнай для мастакоў новага часу, будзе крыніцай натхнення, сродакам прыцягнення ўвагі да сацыяльных, палітычных і гуманітарных праблем, якія дагэтуль застаюцца нявырашанымі. Яна працягвае заставацца адным з галоўных напрамкаў у творчасці мастакоў, якія імкнуцца не толькі да эстэтычнай дасканаласці, але і да значнасці сваіх прац для грамадства.
Ганна РАМАНЕНКА,
карціны Леаніда ШЧАМЯЛЁВА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА