Не хавай вачэй ад космасу
Чалавек здольны ажыццявіць любую мару. Ён не можа лятаць, як птушкі, або «размаўляць» на адлегласці, як сланы, ці на гадзіны затрымліваць дыханне, як кіты. Аднак толькі за апошнія два стагоддзі, дзякуючы вынаходству самалёта, тэлефона і скафандра, людзі атрымалі гэтыя сверхздольнасці. Больш за гэта, яны змаглі аб’яднаць іх для больш высокай мэты. Калі б вучонаму XIX стагоддзя сказалі, што чалавек выйдзе ў адкрыты космас — той усміхнуўся б.
Толькі чатыры беларусы сталі касманаўтамі. Напэўна, яны марылі пра гэта ў дзяцінстве і шмат працавалі, каб апынуцца ў касмічнай прасторы і асвойваць яе. А ці можам мы здейсніць падобныя подзвігі? Няўжо толькі адзінкам наканавана быць даследчыкамі галактык?
Калі будзем марыць, смела ісці наперад і не хаваць вачэй ад космасу — абавязкова дакранёмся да небасхілу. У гэта шчыра веру я, і ў гэтым цвёрда ўпэўненыя вучні гімназіі № 2 г. Мінска, якія падрыхтавалі тэатралізаваны паказ для касманаўтаў Алега Навіцкага і Марыны Васілеўскай.
Канешне, дзеці не могуць здівіць аповедам пра космас двух дасведчаных прафесіяналаў. Але гэта і не трэба. Кожны школьнік па-свойму ўяляе касмічныя палёты і марыць пра іх таксама па-свойму. Аб’яднаўшы вобразы і думкі ўсіх падлеткаў, атрымаўся шчыры мініспектакль, які кранае душу і выклікае слёзы.
…Згасае святло, паступова чуюцца знаёмыя гукі з фільма «Зоркавыя войны», злева ад сцэны ўключаны экран з надпісам «Не хавай вачэй ад космасу». Далучаецца голас дарослага мужчыны, які знаёміць гледача з касмічнай гісторыяй гімназіі.
Яна пачалася 12 год таму, калі на лінейцы ў Музеі авіяцыйнай тэхнікі другакласнікаў прымалі ў акцябраты. Яе ганаровыя госці — двойчы Героі СССР беларускія лётчыкі-касманаўты Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, усім дзецям падаравалі кнігі з уласнымі аўтографамі і пажаданнямі. З тых часоў сотні школьных вачэй углядаюцца ў космас.
І вось узнімаецца заслона. Вучні, што ўжо сталі дарослымі, гутараць пра касмічныя прасторы. «Хопіць углядацца, час па-сапраднаму цягнуцца да зорак!» — агулам вырашылі падлеткі. Толькі як вызначыць, хто варты палёту?
Нейкі хлопец выскоквае на сцэну (адкуль ён толькі ўзяўся) і пачынае круціць нунчакі. Ён спрытны, а значыць варты палёту. Яго адпіхвае іншы хлапчук і хутка закручвае сваё цела ў стылі брэйк-данс. Ён гнуткі і моцны, а значыць, варты палёту. Дзяўчаты ўсхапіліся з месцаў і пачалі куляцца, рабіць сальта і танчыць. Яны таксама вартыя палёту. Адбываецца страшэнны вэрхал, у якім кожны хоча паказаць свае таленты.
— СПЫНІЦЕСЯ! — крычыць дзяўчынка з першага рада і, распіхваючы ўсіх, праціскаецца на сцэну, — Космас — гэта вельмі страшнае і небяспечнае месца. Вы можаце загінуць!
— А мы не баімся. Не хавай вачэй ад космасу! — упэўнена адказваюць ёй аднакласнікі.
Неспадзявана і рупліва задрыжалі металічныя струны. Вучань 9 класа узяў у рукі гітару і заіграў вядомую мелодыю. Дзеці пачалі спяваць. Спачатку ціха:
«Земля в иллюминаторе,
Земля в иллюминаторе,
Земля в иллюминаторе видна…»
Слухаючы натхнёныя галасы дзясятка дзяцей, усё грамчэй і грамчэй загучала драўляная сяброўка:
«И как в часы затмения,
И как в часы затмения,
Ждём света и земные видим сны…»
І тут ужо не стрымаліся нават касманаўты. Марына Васілеўская і Алег Навіцкі, захапіўшыся моцнай і шчырай энергіяй школьнікаў, пачалі разам спяваць культавую песню. Толькі гітарыст маўчыць. Чаму, саромеецца?
— Не хавай вачэй ад космасу! — крычаць усе, і расступаюцца, каб даць хлопцу месца. Ад такой падтрымкі сарамлівы хлопец заспяваў як мог. Можа не надта выдатна, але шчыра, на ўсю моц. Добрая, сяброўская атмасфера апанавала ўсіх. Спяваюць школьнікі, спяваюць касманаўты, спяваюць гледачы — усе аб’яднаны вялікай марай пра космас.
«А снится нам трава, трава у дома
Зелёная, зелёная трава…»
І вось набліжаецца канец паказу. Усе разам паўтараюць маленькія, але такія важныя для кожнага беларуса словы:
— Не хавай вачэй ад космасу!
І заслона закрываецца…
…
Канешне, не кожны стане касманаўтам, але кожны зможа дакрануцца да зорак. Можна гатаваць ежу для даследчыкаў космасу, канструяваць ракеты, закупляць лекі, шыць адзежу, пісаць апавяданні і артыкулы пра іх подзвігі, моўчкі захапляцца і марыць. Кожны чалавек можа стаць часткай вялікага!
Міхась МУРЗА
Фатаграфіі аўтара
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА