Саланцы

Сыры, непрыемны вецер зрываў апошняе лісце з дрэў. З раніцы ўсё часцей глеба пакрывалася шэранню. Не сёння дык заўтра пойдзе снег і ўкрые ўсё навокал белым покрывам. Стары лось Клім павольна ішоў па заціхлым лесе і мармытаў сам сабе:

Вось добра мядзведзям, вожыкам, янотам. Закрыліся ў сваіх норах ды бярлогах і будуць спаць да вясны. І думаць ім не трэба, што паесці. А я спаць узімку не магу! З ежы толькі кара ды яловыя галінкі. Ды яшчэ абавязкова трэба есці соль. Без яе ў арганізме ўсё неяк абы-як. І не толькі мне яна патрэбна. Зубрам, аленям, казулям, нават зайцам патрэбна соль. Пра гэта мне даўно казаў дзядуля Лясун. Добра, што сочыць за гэтым нейкі чалавек. Ён для звяроў сябра. Заўсёды выкладае на асінавым бервяне вялікі кавалак солі. Усім звярам хапае. Трэба ісці да саланцоў! Нешта ў страўніку цяжка.

Лось Клім дайшоў да першага саланца, а там ужо пуста.

Мабыць прыходзілі зубры ці алені ды ўсё з’елі. Ну, ім соль таксама патрэбна. Пайду далей, дзень доўгі, — разважаў стары лось.

Не сумаваў Клім, ведаў, што пашанцуе яму. Але і ў другім, і ў трэцім месцы не было солі.

Што цяпер рабіць? Можа, што здарылася з добрым чалавекам, можа, захварэў? — сумна сказаў лось.

Раптам пачуў ён крык крумкача:

Што стаіш, развесіўшы вушы?

Ды соль шукаю. А яе, мабыць, усю паелі.

Не там шукаеш.

Дык каля гэтага дуба цэлая гара той солі.

Такога раней не было. А ты не брэшаш? — спытаў стары Клім.

А мне яно трэба? — усміхнуўся крумкач. — Хадзі хутчэй, не дуры сабе галавы.

Дзякуй табе, — крыкнуў павесялеўшы лось і хутка пабег да балота.

А тым часам, схаваўшыся ў засадзе, са стрэльбай у руках сядзеў Віталь. Быў ён па характэры злы, сквапны і хітры. З дзяцінства катаваў жывёлаў, а калі вырас, то купіў сабе стрэльбу і стаў паляўнічым. Прачытаў Віталь шмат кніг пра паляванне, вывучыў ён звычкі ўсіх звяроў і навучыўся трапна страляць. Спадабалася Віталю рабіць з галоў розных жывёл пудзілы і вешаць іх на сцяну. А ў самым цэнтры захацеў сабе галаву лася. Прыдумаў Віталь хітры план. Сабраў усю соль па лесе і зваліў у кучу. Ведаў злачынец, што прыйдзе лось па соль. Так яно і адбылося. Пачуў Віталь цяжкія крокі лася. Ішоў рагаты волат да гары солі. Заставаліся лічаныя хвіліны. Уяўляў чалавек, як заб’е ён лася і павесіць яго галаву сабе на сцяну, як будзе хваліцца перад сябрамі, як будуць яны яму зайздросціць. Дзеля такога шчасця ніякага звера не шкада.

Радасны Клім убачыў соль і стаў з асалодай лізаць смачныя акавалкі. Быў ён у такім захапленні, што не заўважыў чалавека са стрэльбай. На гэта і разлічваў Віталь. Нацэліўся ён і, не разважаючы, націснуў на спускавы кручок. Але стрэлу не было. «Асечка!» — зразумеў злачынец і хутка ўзвёў другі курок. Лось адцягнуўся ад солі і паглядзеў у напрамку шуму. Віталь зноў націснуў на кручок, але сёння яму не шанцавала. Падвяла яго стрэльба. Зноў асечка! Стары лось зразумеў, што нехта хаваецца ў густым ядлоўцы. Хутка развярнуўся ён і пабег паглядзець, хто гэта. Віталь убачыў велізарнага лася, які бег да яго. Ускочыў злачынец і пабег ад рагатага. Ды куды чалавеку ўцячы ад лася? Стаў Віталь лезці на бярозу, ды так хутка і спрытна, нібы малпа. Забраўся ён на самы верх і глядзіць перапужаны на лася. А Клім хутка дабяжаў да яго, задраў дагары рагатую галаву і працягла затрубіў. Ад гэтага гуку пабеглі дрыжыкі па спіне ў Віталя. Ухапіўся ён моцна за дрэва і заплюшчыў ад страху вочы. Стары лось не зразумеў, што здарылася. Стаяў ён пад бярозай і думаў: «Мабыць, гэта той добры чалавек, які прынёс соль. Я хацеў толькі паглядзець на яго і пазнаёміцца. Чаго ён ад мяне пабег? Мабыць, я яго спужаў. Добра, паляжу трохі, пачакаю, калі ён злезе».

Прайшло ўжо болей за дзве гадзіны, як Віталь сядзеў на бярозе. Ад холаду ён не адчуваў ужо рук, зубы ляскалі. Паспрабаваў небарака ціхенька злезці. Але пачуў гэта лось, падскочыў і глядзіць на яго. Хутка залез Віталь вышэй, учапіўся мацней за ствол бярозы і кажа ласю:

Хіба табе больш рабіць няма чаго? Паеў солі ды хадзі ўжо адсюль!

Стары Клім узняў галаву, паглядзеў на чалавека і думае: «І чаго ён там сядзіць на дрэве і нешта ўсё крычыць? Спусціўся б уніз, пазнаёміўся б са мною. Ён нас усіх соллю пачаставаў, а спусціцца саромеецца». Сталі збірацца вакол бярозы розныя звяры і ўважліва глядзець на чалавека. Закацілася ўжо сонца. Віталь ад холаду і стомленасці не заўважыў, як задрамаў. Адпусціў ён рукі і зваліўся з бярозы. Добра, што быў пад дрэвам тоўсты пласт травы і лісця. Але пасля падзення страціў ён прытомнасць. Сколькі часу праляжаў Віталь – невядома. Апрытомнеў ён, расплюшчыў ціхенька вочы і не паверыў таму, што ўбачыў. Ужо была цёмная ноч. Ляжаў Віталь каля вогнішча, побач сядзеў барадаты дзядок, глядзеў на яго і ўсміхаўся.

Як ты сябе адчуваеш, добры чалавек? — спытаў дзядок.

Кепска адчуваю. Змерз і галава баліць, — сумна адказаў Віталь.

Вось, папі гарачай гарбаты з зёлкамі. Хутка сагрэешся, і боль як рукой здыме, — сказаў дзядок і працягнуў гліняны кубачак.

Дзякую табе, дзядок. А хто ты?

Я сябра лесу, усіх звяроў і птушак. Ты пі і грэйся!

Выпіў Віталь увесь кубачак, і стала яму цёпла, добра і спакойна. Пачаў лясны дзядок нешта тлумачыць Віталю, той слухаў уважліва і не перапыняў. Потым сталі да іх падыходзіць звяры лясныя і садзіцца побач каля вогнішча: і зайцы, і ласі, і вепрукі, і шмат яшчэ іншых. І сталі яны гаварыць з Віталём, распавядаць пра сваё нялёгкае жыццё, пра людзей, якія іх турбуюць і крыўдзяць. Доўга яны размаўлялі…

Прачнуўся Віталь раніцай. Вогнішча амаль што дагарэла, але астыць паляўнічы не паспеў. Паглядзеў ён здіўлена па баках: няма нікога.

Што гэта са мною было ўночы? Дзе той дзядок і ўсе звяры лясныя? Няма вакол нікога. Сон гэта быў ці сапраўды размаўляў я з імі? — разгублена вымавіў Віталь.

Сабраў ён свае пажыткі. Неяк непрыемна яму было браць у рукі зброю. Паклаў усё ў торбу і пайшоў дамоў. Ішоў па лесе павольна і глядзеў на ўсё іншымі вачыма. У той жа дзень паздымаў Віталь са сцяны ўсе пудзілы звяроў, прадаў стрэльбу і ў лес хадзіў цяпер толькі па грыбы ды ягады.

 

Андрось ЧАБАРОК

 

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *