Гісторыя з’яўлення беларускага Новага года
Рубрыка: ЭКСКЛЮЗІЎ
Павер’і старажытных беларусаў
У шматлікіх крыніцах, якія расказваюць пра абрады нашых продкаў, іх называюць агульным словам «славяне», без спасылак на дакладныя плямёны. Будзем лічыць, што беларускія саюзы Крывічы, Драгавічы, Радзімічы таксама належаць да іх.
Аніякіх сведак, ці святкавалі першыя беларусы Новы год, я не знайшоў (смайлік). Але існуе меркаванне, што славянскія народы адзначалі зімовы сонцаварот — Карачун. У дыялектным беларусаў гэтым словам абазначалі раптоўную смерць. Калі наступіць самы кароткі дзень і надыдзе самая даўгая ноч, прыйдзе Карачун — уладар маразоў.
Напярэдадні зімовага Сонцавароту злы дух зімы скарочвае даўжыню светлага часу сутак. Пасля чаго нараджаецца новае сонца і дзень паступова павялічваецца. Нашыя продкі ладзілі абрады вызвалення — святкуючы такім чынам наступ першага месяца зімы і Новага года — Калядзень. Такую назву продкі ў гонар бога сонца Каляды.
Існуе думка, што Карачун — гэта запазычанне з кельцкага свята Ёль. Па яго каноне неабходна распаліць так званы «Касцёр жыцця», які павінен гарэць 12 дзён (па колькасці месяцаў), але славяне карысталіся календаром, які змяшчаў толькі дзевяць. Што супярэчыць адно адному.
У любым выпадку дзень зімовага Сонцавароту быў сапраўды важным здарэннем для славян і стаў першым крокам да зараджэння сучаснага Новага года.
Праваслаўная Каляда
Прынята лічыць, што з заснавання Полацкай праваслаўнай епархіі ў 992 годзе, пачынаецца хрысціянізацыя беларускіх земляў. А з прыходам рэлігіі змянілася культура народа і паганскі Калядзень пераўтварыўся ў праваслаўныя Каляды.
Гэтым словам азначалі цэлы шэраг святаў. Прымеркавана да Нараджэння Хрыстова і Хрышчэння Гасподняга Калядныя, або Святыя вечары пачыналіся перад Раством (6 студзеня) і працягваліся аж да Вадохрышча (19 студзеня). Лічылася, што ў ноч на Каляды адчыняюцца брамы ў добрае сямейнае жыццё. Таму ў гэтыя дні праводзілі варожбы аб будучым сямейным жыцці.
Напэўна адсюль сучасны Новы год узяў некаторыя атрыбуты. На каляды было прынята дарыць падарункі і ўпрыгожваць хату: над сталом вешалі саламянага павука (правобраз ёлкі) — выяву ідэальна спарадкаванага свету, традыцыйны абярэг беларусаў. Усе святочныя дні сяляне і шляхта адпачывала.
Нягледзячы на вялікую розніцу ў сутнасці паганскага і праваслаўнага свята, людзі шанавалі будучы год і спадзяваліся на яго ўрадлівасць. Пад абрус святочнага стала закладвалі сена. Яно сімвалізавала не толькі тое, што ляжала ў калысцы нованароджанага Ісуса, а і давала надзею на багаты ўраджай наступнага земляробчага сезону.
Першае зараджэнне Новага года
Традыцыя святкаваць Новы год у ВКЛ прыйшла разам з жонкай караля Жыгімонта I, вялікай князёўнай Літоўскай Бонай Сфорца. Міланская прынцэса нарадзілася ў Італіі і прывезла з сабою частку традыцый італьянскага народа. Прыкладна з 1525 года ў каралеўскіх замках пачалі ладзіць балі і маскарады з феерверкамі. Пазней гэтую традыцыю пачалі ўкараняць і буйныя магнаты, шматлікія з якіх былі старастамі вялікіх гарадоў.
Першую калядную ёлку даслаў у ВКЛ арцыбіскуп Рыжскі Іяган VII у 1526 годзе. Ён шукаў падтрымку караля Жыгімонта і таму спрабаваў выклікаць сімпатыю ягонай юнай жонкі — каралевы Боны. У той час ялінка ўпрыгожвалася марцыпанамі ў форме фігурак жывёл, загорнутых у срэбраную фольгу.
Прыгожае дрэва стала «хітом» калядных свят. І ўжо да новага 1527 года вялікакняскі аканом лясоў шукае ў пушчах дзевяць пышных елак для ўпрыгожвання замкаў і фарных касцёлаў у найбуйнейшых гарадах ВКЛ. А ўжо да 1535 года калядная ёлка з’явілася ў большасці шляхецкіх і заможных гарадскіх дамоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Але па большай частцы, святкавала гэты дзень і ўпрыгожвала ёлку прывілеяваная частка грамадства.
Сітуацыя змянілася пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Калі тэрыторыю сучаснай Беларусі далучылі да Расійскай імперыі, і беларусы перанялі своеасаблівасці святкавання Новага года. Так, напрыклад, ёлкі сталі упрыгожваць не толькі сярод багатых сем’яў, але і звонку шынкоўі корчмаў.
Савецкі лёс ялінкі
Першыя гады пасля рэвалюцыі 1917-га Новы год яшчэ святкавалі. Пасля 1919 года гэтае свята цалкам прыбралі, як непатрэбны атрыбут буржуазнага мінулага. Але 18 снежня 1935 года ўсё змянілася. У той дзень рэвалюцыянер Павел Постышаў надрукаваў у газеце «Праўда» артыкул «Давайце арганізуем да Новага года дзецям добрую ёлку!» І нават абмеркаваў гэтую ідэю з генеральным сакратаром Іосіфам Сталіным.
Гэта стала апошнім крокам да замацавання ўсім вядомага свята на дзяржаўным узроўні. З таго часу беларускія дзеці пачалі вадзіць карагод вакол ялінкі, атрымліваць падарункі і смакаваць святочныя цукеркі кожны год па сённяшні дзень.
Міхась МУРЗА,
фатаграфіі з інтэрнэт-крыніц
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА