Пра беларусаў, якія ўмеюць ствараць

На экраны выйшаў унікальны для Беларусі праект, «Песня Сірын» — першы 3D-мульфільм ад кінастудыі «Беларусьфільм». Так, раней наша краіна ўжо бачыла анімацыйныя праекты створаныя беларусамі, але ж карціну такога фармату мы бачым упершыню. Нядаўна я трапіла на адкрыццё дзіцячага кінафестывалю «Лістападзік»: зал быў цалкам забіты. Вядома, усе чакалі гэтую падзею.

Перад тым, як пачаўся фільм, рэжысёрка, Алена Турава, сказала некалькі словаў: «Мы хацелі зрабіць гісторыю для сямейнага прагляду. Людзі, якія робяць для вас фільмы — цалкам адданыя сваёй справе добрыя чараўнікі. І яны працуюць на нашай кінастудыі. Калі ласка, калі будуць тытры, падарыце нашай камандзе апладысменты» (якое было маё здзіўленне, калі пад тытры людзі сапраўды гучна пляскалі ў далоні значыць, усім сапраўды спадабалася). Турава пазнаёмілася з залам, а потым прадставіла і ўсю каманду. Неверагодна! Усіх, хто працаваў над мультфільмам можна пералічыць на пальцах. Рэжысёрка адзначыла, што карціна не толькі зацікавіць сваёй анімацыяй і сюжэтам, але і пазнаёміць са славянскай культурай: міфалагічнымі істотамі і багамі.

«Фільм быў зроблены з надзеяй на тое, што гледачы звярнуць увагу на славянскую культуру. Зроблена столькі фільмаў, коміксаў, прысвечаных рымскай, грэчаскай міфалогіі. Увесь свет добра разбіраецца ў пантэоне тых багоў, многія ведаюць і скандынаўскіх, але няшмат хто ўспомніць пра нашых. У школе толькі адзін-два ўрокі адводзяць на гэта», — адзначыла рэжысёрка.

Пра стварэнне

У 2019 годзе быў праведзены конкурс на лепшы сцэнар анімацыйнага фільма сярод маладых аўтараў. Сцэнар «Песні Сірын» заняў першае месца. Увесь працэс стварэння мультфільма агулам доўжыўся 4 гады: не толькі абмалёўка, але і бясконцае вывучэнне фальклору, гістарычных помнікаў і запісу прыдатнай музыкі са славянскай афарбоўкай. Шлях нялёгкі, тым больш што каманда была зусім невялікая. (Як казала наша галоўная рэдактарка: «Нас мала, але мы са знакам якасці»).

Сюжэт

Два хлопчыка едуць у аўтобусе на лецішча, але праз сваю памылку выпадкова трапляюць у дзіўны міфічны свет. Яны даведваюцца, што фальклорнага персанажа Купалу скрала птушка Сірын, а выратаваць яго (тым больш і сябе) з гэтай пасткі, могуць толькі яны ўдваіх. Школьнікі апынаюцца ў прыстанку славянскіх багоў, дзе на іх звальваюцца неверагодныя прыгоды — ім давядзецца аказаць дапамогу самому Вялесу, а таксама сустрэцца з Перуном і ягонай жонкай Макош. Хлапчукі сустракаюць, як новых сяброў, так і небяспечных ворагаў. Ім трэба прымірыць багоў, перамагчы злачынцаў, каб не пахіснулася вялікая сусветная Раўнавага. З жартаўлівых момантаў дзеці ў зале смяяліся разам са мной (што вельмі імпануе). Карціна вучыць дапамагаць сябрам, слухаць сябе і ўмець карыстацца сваёй смеласцю. Пры праглядзе разумееш, што дзеці і падлеткі — самыя моцныя сярод усіх. Хто ж, як не яны ратуюць свет у шматлікіх сучасных сюжэтах? Думаю, дарослым ёсць чаму навучыцца ў іх: велікадушнасці, бескарыслівай дабрыні і веры ў лепшае. 

Чаму раю паглядзець мультфільм?

Па-першае, гэта шанец убачыць, чаго мы дасягнулі ў кінематографе. Вядома, гэта не «Галаваломка» і не «Нарута». Але ж стваральнікі мультфільмаў, якія мы любім і глядзім з дзяцінства, таксама з чагосьці пачыналі. Старт «Беларусьфільма» ў гэтым кірунку даволі моцны.

Па-другое, гэта сапраўды цікава! Не проста сюжэт дзеля сюжэту, а рэальна захапляльная гісторыя, якой можна нават натхніцца на вывучэнне славянскай міфалогіі і фальклору. Я, напрыклад, хоць і ведала пра багоў беларускага пантэону, птушкі для мяне сталі нечым нязвыклым і вартым далейшага вывучэння.

Ганаруся, што мае суайчыннікі такія неверагодныя. І буду чакаць іншых частак «Песні Сірын».

Выйшла з кінатэатра з думкай: «Умеюць жа нашыя беларусы ствараць… умеюць…» і  пабегла шчаслівая дадому.

Ганна БЕЛАЯ,
выявы з мультфільма

 

 

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

 

 

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *