Шэрая шубка
Зіма пачалася неяк раптам. Амаль кожны дзень ішоў снег, ды такі моцны, што гурбы вырасталі аж па вокны. Каб не апынуцца ў снежнай пастцы, Лясун выходзіў з рыдлёўкай, расчышчаў парог і сцежку да хаты. Нарэшце снегапад заціх, і мароз стаў мацнець.
— Вось і добра, — сказаў Лясун. — Заседзеўся я на печы! Хоць прайдуся па сняжку.
Апрануўся ён, узяў кій і выйшаў на ганак. І тут, нібы з ніадкуль, да яго пазляталіся птушкі.
— Зачакаліся, мабыць, мяне? — спытаў дзядуля і высыпаў на снег жменю зерняў.
— Ешце, даражэнькія.
Птушкі весела прыняліся дзяўбці пачастунак. А Лясун павольна адправіўся ў абход па лесе. Раптам пачуў ён хруст снегу.
— Быццам заяц спяшаецца. Мабыць, ратуецца ад пагоні, — сказаў Лясун і ўважліва паглядзеў па баках.
— Дакладна заяц. Ды вачам сваім не веру! Дзе яго белая шубка? Чаму ён шэры? Гэй, зайчык, бяжы сюды! — дзядок памахаў рукой.
Пачуў заяц Кузя Лесуна і адразу пабег да яго.
— Хавайся ў гурбу і сядзі ціха, — зашаптаў Лясун і прысыпаў Кузю сняжком. Як толькі ён замёў яловай галінкай заечыя сляды, на паляну выскачыў Аднавокі воўк. Паглядзеў падазрона на Лесуна і кажа:
— Прывітанне, дзед! Зайца не бачыў у шэрай шубе?
Лясун здзіўлена паглядзеў на Аднавокага.
— А не паблытаў ты што? Зіма на двары! Адкуль жа ўзяцца зайцу ў шэрай шубе? Зроду такога не бачыў! А ўбачыў, то не паверыў бы.
— Хопіць, Лясун! Не дуры мне галаву! — злосна перабіў воўк. — Быў заяц або не? Адказвай!
— Ды не злуй, шэры. Ці мухамораў сушаных аб’еўся? Мроіцца табе дзіўнае, — усміхнуўся дзядок. — А можа, гэта кот быў дзікі? Ды ўзлез ён на елку даўно. А ты бяжыш невядома за кім.
— Кот кажаш? Можа і сапраўды так. Відаць, з голаду гэта ўсё, — панура вымавіў воўк і пайшоў далей.
Пачакаўшы нейкі час, дзядок разварушыў снег і ўважліва паглядзеў на зайца.
— Вачам сваім не веру! Ці не захварэў ты, сябра?
Заяц Кузька нерашуча паглядзеў па баках і выбраўся з гурба.
— І я так думаю, што хвароба якая. Не першы дзень маюся. Аб снег цёрся і лапай спрабаваў чухаць. Усё пустое, — паскардзіўся заяц.
— Не журыся! Пойдзем да мяне. Пачытаю я кнігі. Знойдзем сродак ад тваёй хваробы, — сказаў Лясун.
— Пайшлі, — сумна прамармытаў заяц.
Вось выйшлі яны на паляну, дзе стаяла хата Лесуна.
— Заходзь, Кузя, сядай за стол. Зараз я завару духмяную гарбату, — сказаў Лясун і раздзьмуў вугольчыкі ў печы.
Падкінуў дзядок сухія галінкі і падвесіў каля агню кацялок. Хутка вада закіпела. Заліўшы лекавыя травы, ён дастаў прысмакі.
— Частуйся, даражэнькі.
— Дзякуй, дзядуля, — адказаў заяц.
Лясун запаліў свечку і стаў чытаць старыя кнігі. Тым часам Кузя паеў, сагрэўся і задрамаў. І прысніўся яму сон: быццам ідзе ён па зімовым лесе ў шэрай шубцы, крадзецца. Вакол — цішыня, але на душы – трывога. Нібы пагроза побач, і нехта назірае за ім. Вось заяц выйшаў на паляну, дзе рос велізарны дуб….
Знайшоў Лясун сродак ад зайцавай хваробы, але будзіць Кузю ён не захацеў.
— Няхай сабе спіць. Я ціхенька ўсё зраблю. Вось потым пацешыцца вушасцік, — прашаптаў дзядуля.
Узяў Лясун з куфра бялюсенькае покрыва, ціхенька абгарнуў зайца, узмахнуў над ім рукамі і пашаптаў нешта. На момант покрыва ўспыхнула дзіўнымі зорачкамі і пагасла.
Дзядок усміхнуўся і прашаптаў:
— Добра.
…падышоў Кузя да дуба, прыглядзеўся. А замест жалудоў на дрэве морквы вісяць, ды такія вялікія і чырвоныя! Стаў Заяц скакаць, каб дастаць іх, ды не выходзіць. Адышоў хітрун далей ды як пабяжыць, ды як падскочыць, як учэпіцца лапамі за дрэва, ды як папаўзе, нібы вавёрка па кары, усё вышэй і вышэй. А морквы раптам сталі аддаляцца ад яго. Вось убачыў ён вялікае дупло.
— Можа вавёрка Верка там сядзіць? Вось і дапаможа мне сабраць морквы, — вясёла сказаў Кузя.
Зазірнуў ён у дупло, а адтуль два велізарных вока на яго глядзяць. Умомант адкрылася пашча, і страшная ваўчыная морда закрычала: «Вось і ён! Хапай яго!». Адпусціў Кузя лапы і паляцеў уніз. Замільгалі перад вачыма галінкі, морквы… Але нешта падхапіла яго. Нібы пярына, бялюсенькая мяккая абгарнула зайца і ціхенька апусціла на дол.
Раптам пачуў ён голас мамы:
— Сынок, ты ж забыўся надзець сваю зімовую шубку. Цяпер насі і больш з табой нічога не здарыцца.
Кузя здзіўлена паглядзеў па баках, але нікога не ўбачыў. Раптам пайшоў моцны снег, пачалася завіруха і прачнуўся заяц. Паглядзеў ён на сябе і вачам не паверыў.
— Ух, ты! Дзіва якое! Няўжо я атрымаў сваю зімовую шубку? Дзякуй, дзядуля! Пабягу дадому, – радасна закрычаў заяц.
Адчыніў дзядуля Лясун дзверы і выскачыў вушасцік. Толькі снег у розныя бакі паляцеў.
— Бяжы, пацеш сям’ю. Усе ў цябе будзе добра. Чаго толькі ў жыцці ні бывае! — сказаў у след дзядок.
Андрось ЧАБАРОК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА