Бялыніцкія цуды і зімы

Жывапіс — адзін з найбольш хвалюючых чалавечую душу і прыемных воку відаў мастацтва. На шчасце, беларуская зямля поўная майстроў і творцаў. У адным з куткоў нашай краіны ёсць месца, у існаванне якога цяжка паверыць, але яно, выпадкова азоранае шэдэўрамі мастацтва, аказалася настолькі багатым на гісторыю і ў той жа час патаемным, што благаславеннем і верай акрыліла свайго таленавітага сына.

******************************************************************

Мястэчка Бялынічы (цяпер горад, цэнтр Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці) можна лічыць дзівосным і незвычайным. У 1624 годзе (дапускаецца і 1622 год) Леў Сапега заснаваў тут кармеліцкі кляштар, у якім знаходзіўся Бялыніцкі абраз Божай Маці. Паводле аднаго з паданняў ён быў цудоўным чынам намаляваны анёлам, пакуль манахі спявалі літанію і не бачылі гэтага. Падчас вайны 1654–1667 гадоў абраз перавезлі ў Ляхавічы, якія вытрымалі аблогу маскоўскіх войскаў і атакі шведаў. Ворагі былі спынены «невядомай моцай», таму ўсе верылі, што Ляхавіцкі замак абараніла Багародзіца. Пасля гэтага абраз каранавалі і нават выбілі ў Рыме медалікі. Святыня была страчана ў 1941 годзе разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай. Захаваліся толькі копіі, а як на самой справе выглядаў абраз, застаецца толькі дагадвацца. Некаторыя лічаць, што яго арыгінал быў схаваны ксяндзом Гадлеўскiм яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. Аб гэтым, напрыклад, пісаў святар Тадэвуш Крахель. З упэўненасцю можна казаць: абраз быў выкананы пад уплывам заходняга іканапісу, але яму былі ўласцівы і ўсходнехрысціянскія рысы. Прыкметна, што Багародзіца трымае ў руках скіпетр — сімвал улады.

Падрабязна вывучыў і выклаў гісторыю абраза даследчык Войцех Баберскі ў сваёй рабоце «Марыянская святыня кармелітаў у Бялынічах. Архітэктура і мастацтва «Беларускай Чэнстаховы»».

Вакол кляштара існуюць і іншыя легенды, аднак да XVIII стагоддзя мала што вядома дакладна. Вядуцца спрэчкі наконт аўтарства кармеліцкіх роспісаў (кляштарных фрэсак). У дакументах саміх кармелітаў названа імя мастака Юзафа. У выніку аналізу інтэр’ераў касцёлаў, асабліва люблінскага сабора святых Янаў, мяркуецца, што гэта быў вядомы на ўсю Рэч Паспалітую Юзаф Маер.

«На сённяшні дзень усе захаваныя роспісы гэтага перыяду зведалі не адну рэстаўрацыю з большай ці меншай ступенню ўмяшанняў аўтарскі слой жывапісу» — піша даследчык беларускай культуры К.С. Шаўрук.

На шчасце, узімку 1978 года, незадоўга да таго, як сабор і кляштар былі цалкам знішчаны, каманда па захаванні паспела выратаваць роспісы з лесвічнай клеткі кляштара. Беларускі мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі распавядаў: «Там данішчалі ўнікальны велізарны сабор і кляштар кармелітаў… выявілі старасвецкія роспісы… Мы той жывапіс уратавалі». Канешне, гэта былі не адзіныя мастацкія шэдэўры ў кляштары, напрыклад, кампазіцыямі al secco (від роспісу) таксама былі ўпрыгожаны некаторыя іншыя яго памяшканні, а ў трапезнай можна было любавацца ляпнінамі.

Зараз захаваныя фрагменты фрэсак «Сон Якава» і «Ператварэнне Гасподняе» знаходзяцца ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.У. Масленікава.

Увогуле, самі Бялынічы з’яўляюцца амаль што містычным месцам. Здаецца, тыя падзеі, якія разгарнуліся ў маленькім мястэчку, з самага пачатку прадказвалі нараджэнне вялікага беларускага мастака, нібы і анёл-жывапісец, і стварэнне прыгожых фрэсак былі знакамі будучыні.

******************************************************************

Пейзажыст Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся 31 студзеня (12 лютага) 1872 года ў фальварку Крынкі каля мястэчка Бялынічы.

Мусіць, сваёй выключнасцю мястэчка Бялынічы паўплывала на творчасць мастака. Канешне, гэты неверагодны край не мог не крануць сэрца В.К. Бірулі, які пазней узяў псеўданім, дадаўшы частку «Бялыніцкі» да прозвішча. Рэлігіёзныя і чароўныя матывы пачалі прасочвацца ў яго творчасці разам з іншай выключнай рысай — уласнай інтэрпрэтацыяй адлюстравання чыстай прыгажосці зімы.

З цягам часу В.К. Бялыніцкі-Біруля выпрацаваў свой непаўторны стыль. Пісаў алеем. У яго карцінах, прысвечаных зімовым пейзажам, пераважаюць пастэльныя тоны, нярэзкія абрысы, белыя і шэрыя адценні. Мастак ахвотна піша драўляныя хаты і стройныя аголеныя дрэвы, выкарыстоўвае толькі невялікую колькасць фарб. Карціны выглядаюць «мяккімі»  і спакойнымі. Кампазіцыя заўжды ідэальна ў сваёй прастаце і практычнай лёгкасці сваёй рэалізацыі. Яе элементы нібы плаўна перацякаюць адзін у другі, абмежаваныя мінімальнай колькасцю невыразных ліній.

Працяг артыкула можна пачытаць у 12 нумары часопіса.

Ксенія МАСЛЕНЧАНКА

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

 

 

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *