Зачараваная галерэя
Усім вядома, што прыгажосць — страшная сіла. Яна можа заварожваць, захапляць, падштурхоўваць да неверагодных учынкаў, ці наадварот згубіць, знішчыць і зрабіць нявольнікам…
У адной вёсцы, што раскінулася побач з дрымучым лесам, жыло шмат прыгожых дзяўчат, і штогод адна з іх загадкава знікала ў тым гушчары. Бацькі як маглі засцерагалі сваіх дачок, не пускалі іншы раз у грыбы і ягады.
Сярод усіх дзяўчат асаблівым норавам вылучалася Марыля — прыгажуня і свавольніца. Не паслухала яна сваіх бацькоў, не падзейнічалі на дзяўчыну і засцярогі сябровак пра старога Лесавіка, які здольны заблытаць у лесе любога чалавека. Вырашыла красуня даказаць усім, што не толькі не заблукае ў лесе, але і кошык грыбоў назбірае ды вернецца дадому.
Ідзе Марыля па лясной сцяжынцы і спявае сваім мілагучным голасам, а паўсюль ягадныя ды грыбныя мясціны трапляюцца, быццам іх хто параскідаў. Раптам успырхнулі птушкі, пачулася, як зароў, відаць, лось, заварушыліся галіны дрэў. Гэта прачнуўся Лесавік. Ён хутка знайшоў таго, хто абудзіў яго сваім спевам, і, убачыўшы дзяўчыну-красуню, вельмі ўзрадаваўся. Лесавік назіраў за ёй з-за кустоў і дрэў, выглядваў з дуплаў. Потым паскакаў ён па дрэвах далей ад Марылі, ператварыўся на палянцы ў вельмі прыгожага ды дужага хлопца і пачаў чакаць дзяўчыну.
Праз некаторы час Марыля выйшла на ўзгорак, усыпаны кветкамі, ды заўважыла статнага, дужага юнака, які сядзеў на пні. Яна застыла ў нерухомасці. Хлопец устаў, падышоў бліжэй і пачаў размову.
— Прывітанне, прыгожая незнаёмка! Твой голас усхваляваў мяне. Як цябе завуць і куды ты ідзеш? Можа, ты мяне шукаеш?
— Добры дзень! Мяне завуць Марыля. Можа, і цябе шукаю, — усміхнулася дзяўчына. — Калі ты таксама любіш прыроду і спевы птушак, то мне будзе прыемна мець побач такога спадарожніка.
І пайшлі далей яны разам. Вельмі ён спадабаўся Марылі: ветлівы, прыгожы, далікатны. Весела праходзіла іх вандроўка: яны размаўлялі і спявалі, жартавалі і смяяліся, назіралі за птушкамі і любаваліся кветкамі. Марылі так было хораша і прыемна побач з ім, што яна нават не прыкмеціла, як зайшлі яны ў самы гушчар.
І раптам дзяўчына заўважыла, што хлопец не адкідвае ценю ды не пакідае слядоў. Твар юнака стаў раптам белы, а цела пакрылася звярынай скурай. У Марылі аж задрыжэла сэрца. Яна зразумела, хто стаіць перад ёй. Гэта быў сам Лесавік — гаспадар лесу, уладар усяго жывога: і звяроў, і раслін, і нават лёсу людзей. Менавіта ён прымусіў Марылю хадзіць па лесе некалькі гадзін і завёў у самую глыбіню!
Дзяўчына кінулася ўцякаць ад яго, але дарогу дадому яна ўжо не магла знайсці, бо калі чалавек гаворыць Лесавіку аб тым, куды ён накіроўваўся, то больш не зможа выйсці з лесу: не выпусціць яго гаспадар. Аднак, як казалі сталыя людзі, задобрыць яго можна хлебам з соллю, паклаўшы на скрыжаванні лясных сцежак. Толькі ў Марылі ні таго, ні другога не было…
А канцоўку твора можна прачытаць у 12 нумары часопіса.
Ксенія МЕХАНІКАВА,
ДУА «Гімназія №10 г. Мінска»
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА