Зімовае надвор’е
Падышла да канца залатая восень, і на парозе ўжо стаіць сівая ад інею зіма. З гэтай нагоды прапануем вам, шаноўныя чытачы, азнаёміцца са словамі, звязанымі з гэтаю парою, каб вы маглі прыгожа апісваць зімовае надвор’е. З некаторымі словамі мы паспелі пазнаёміцца ў межах артыкула «Восеньскае надвор’е». Напрыклад, з дзеясловам «сняжыць», які мае значэнне «ідзе снег». Аднайменную назву мае верш Сяргея Давідовіча — «Сняжыць», які змяшчае наступныя радкі: «Ужо папахвае зiмой, / Сняжыць, паветра халаднее… / Куды прывёў жыццёвы мой, / Такi складаны шлях мой? Дзе я?».
Зімовае надвор’е, наколькі мы ведаем, можа быць даволі разнастайным. Напрыклад, снег можа ісці ўпярэмешку з дажджом, і ў беларускай мове існуе асобнае слова для гэтай з’явы — ха́лепа. Цікава, што адпаведніка для гэтага назоўніка няма ў рускай мове. Сняжыць можа і лёгка, для апісання такой з’явы будзем карыстацца словам «церушыць». У беларускага пісьменніка Віталя Вольскага бачым такі сказ: З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. У гэтым невялічкім выразе адразу адчуваецца зімовае хараство.
Якой прыгожай не была б зіма, але яна перадусім асацыюецца з холадам, ад якога мы намагаемся схавацца, абгарнуўшыся цёплаю вопраткаю. У беларускай мове існуе незлічонае мноства слоў для перадачы значэння «замёрзнуть». Адно з іх, вядома, «замёрзнуць» ці «замерзнуць» (розніцы ў значэнні няма). Але пры спражэнні гэтага дзеяслова ў мінулым часе могуць паўставаць складанасці, таму дамо тлумачэнні на гэты конт. У форме мужчынскага роду ў корані назоўніка будзе галосны «ё»: ён замёрз, а ў астатніх формах мінулага часу ўжываецца літара «е»: яна замерзла, яно (прыкладам, дзіцё) замерзла, яны замерзлі.
Вы можаце запытацца: «У чым розніца паміж «замёрзнуць» і «змёрзнуць?» Розніца вельмі істотная: змерзнуць ці змёрзнуць (можна ўжываць варыянт і з «е», і з «ё») — гэта не папросту «азябнуць», а «акалець» ад марозу ці нават загінуць ад моцнага холаду. Паглядзім, у якіх значэннях слова «змерзнуць» / змёрзнуць» ужывалі беларускія класікі. Янка Маўр у «Палескіх рабінзонах» піша: Задрамалі [Мірон і Віктар], але хутка так змерзлі, што пачалі зубамі ляскаць. Васіль Быкаў у творы «Сцюжа» ўжыў слова «змерзнуць» у сэнсе «загінуць ад марозу»: Але менавіта небяспека заснуць і змерзнуць прымусіла яго напружыць рэшту сіл і ўстаць.

Для таго, каб перадаць значэнне «вельмі замерзнуць», таксама можна карыстацца дзеясловамі «скалець» (напрыклад, на марозе ў мяне скалелі рукі), «азызнуць» (рус. озябнуть), «закарчанець, (рус. закоченеть), адубець, скарчанець (рус. окоченеть). Цікава, што дзеяслоў «азызнуць» яшчэ можа значыць «ацячы», «апухнуць», у перакладзе на рускую мову — «обрюзгнуть». Адметна, што ў гутарковым маўленні са значэннем «закарчанець» можа ўжывацца нават дзеяслоў «застыць»: у мяне застылі рукі. Так, у беларускай мове не толькі вада можа застываць.
Падчас размовы пра зімовы холад, можа ўзнікнуць пытанне «Ці ёсць у беларускай мове адпаведнік для рускага слова «дубак»?». Вядома, тут нам дапаможа «халадэ́ча». У творы Барыса Сачанкі «Не, не ўсё роўна» чытаем: У нас даўно ўжо не было чым прапаліць у печы, і ў хаце стаяла такая халадэча, што бадай цяплей было на дварэ. Пра халадэчу можна выказацца з дапамогаю такога выразу: Мароз, аж зоры трымцяць. Трэба адзначыць, што выраз «мороз щиплет» на беларускую мову будзе перакладацца як «мароз пячэ». Можна сказаць: мароз пёк мой твар.
Трэба зазначыць, што ў беларускай мове існуюць розныя назвы для снегу, у залежнасці ад яго адметнасцей. Першы снег мае назву «пароша». Такое слова ў вершы «Прамільгне відовішча залётнае…» ужываў Алесь Звонак: Снег засыпле белаю парошаю / Сцежак след, пракладзены ў трысці. Снег на галінках дрэў гэтаксама мае сваю назву — «на́вісь». Мокры снег, з якога зручна ляпіць снежкі, завецца «хля́па». Зляжалы снег, што ўяўляе сабою цвёрдую скарынку над асноўным мяккім пластом снегу, завецца «шарон» ці «шарпа́к». Чытаючы твор Івана Шамякіна, разумееш, што шарон — гэта сапраўды трывалая скарынка снегу, па якой можа ісці нават чалавек: Лена ішла па шаране́, прыкрытым мяккім снегам. Да слова «шарон» падобны назоўнік «шарош», які азначае зусім іншае — дробны, крохкі лёд, які ўтвараецца на паверхні вады перад ледаставам ці падчас веснавога крыгаходу (рус. ледохода). Гэтае слова можна сустрэць у апавяданні Янкі Брыля «Сцежкі, дарогі, прастор»: Светла-попельны колер хмар пад нагамі нагадвае то густы шарош на вадзе, то нядаўна астрыжаную аўчыну.
Працяг чытайце на старонках часопіса «Бярозка» №1
Арцісь Ундока
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
